Пасля сямi я звычайна хадзiў у бар, калi не iшоў у кiно. Канцэрты, тэатры, стадыёны — не маё. Цырк перарос, а шкада. Любiў блазнаў. Уга-гi-га-го... Сам хацеў на арэну ў велiзарных чаравiках выбягаць. Не выйшла. Мая арэна — склад на РВП "Кiнатэхпрам". Замест стракатага камбiнезона ды рудога кудлатага парыка — сiнi халат ды чорны берэт. А пасля сямi — бар.
Рыта сядзела за столiкам пад адчыненым акном, i над яе буйнымi рудымi кудзерамi мiльгалi i пастуквалi абцасы, — бар у сутарэннях.
— Паставiш вiна? — замест прывiтання кiнула яна мне.
— Заўтра, i то з умоваю, што сёння пойдзем да мяне.
— А што, зусiм нi капейкi?
— Так, дробязь. Заўтра атрымаю.
Рыта ўзняла густанаведзеныя бровы i сцяла вусны.
— Зараз знойдзем, — я паспрабаваў прагнаць Рыцiна расчараванне, хацелася, каб яе вусны ўсмiхалiся.
— Добра, сягоння iду да цябе. Толькi ты нiчога не думай i не кажы.
Да нас за стол падсеў Сяржук. Рот да вушэй. Усмешка крыху адцягвала ўвагу ад вялiзнага носа, i ён навучыўся насiць яе амаль заўсёды.
Раней Сяржук хадзiў з Рытаю. Гэта ён прывёў яе ў наш бар. Потым яны пасварылiся, але гэта мала што змянiла, таму мне зрабiлася непрыемна ад насатае ўсмешкi i Рыцiнай радасцi. Трэба было адразу паслаць iх куды падалей.
— Скiнемся? — Сяржук паказаў роўныя, як нежывыя, зубы.
Мы паслухмяна вывернулi кiшэнi. Дробязi назбiралася толькi на сок. Вось тады Сяржук i прапанаваў прадаць Рыту. I я ўзрадаваўся. Сапраўды.
Угаворвалi доўга. Яна пiла сок з лёдам праз саломiнку i ўсё скардзiлася, што баiцца. Мы запэўнiвалi, што нiчога страшнага не здарыцца, калi яна зробiць усё, як мы скажам. Мне абрыдлi ўгаворваннi, а Сяржук зазлаваў i папярэдзiў: калi яна зараз адмовiцца, дык вылецiць з бара праз акно i больш сюды не зойдзе.
Мне ўявiлася, як напаўаголеная Рыта заходзiць у бар, як усе прысутныя паварочваюць галовы i вымаўляюць доўгае "о".
Рыта згадзiлася.
— Чорт з вамi, жабракi, — яна пусцiла бурбалкi ў шклянцы з сокам.
Знайсцi пакупнiка — справа, як адразу ж i высветлiлася, няпростая. Бар маленькi. Усе ўсiх ведаюць. Не прадаваць жа знаёмым, дый якiя там грошы?
Мы ўжо ледзь не расчаравалiся ў Сержуковай прапанове, калi заўважылi каля стойкi камандзiровачнага. Такiх здалёк пазнаеш па зашуганай паставе, адразу вiдаць чужанiцу. Горад, калi не свой, адразу накладзе на твар пячатку страху, нiдзе не дзенешся. Ён узяў дарагi кактэйль з маслiнаю i сеў у самы светлы куток, блiжэй да дзвярэй. Такiм больш пасуе куфель пiва, а не келiх з гнуткай саломiнкаю.
Сяржук падсеў да госця i пачаў:
— Вам наш горад падабаецца?
— Акуратны, чысты, — камандзiровачны выдаваў, што спакойны.
— Мы любiм парадак. Толькi сумна ў нас, не хапае яшчэ колькi мiльёнаў насельнiцтва, каб стала па-сапраўднаму весела.
— Мне дык не сумна, — запэўнiў госць, нiбыта ён сарамлiвая i разважлiвая жанчына, а не васьмiдзесяцiкiлаграмовы мужык.
— Аднаму заўсёды сумна, — гнуў сваё Сяржук.
— Ты ж не адзiн.
— У тым i справа, — Сяржук правёў даланёю па твары, нiбыта страшэнна стамiўся. — Я на працы.
Я паклаў руку на Рыцiна калена, яна накрыла маю руку сваёй. Захацелася звалiць. I трэба было сысцi, забраць Рыту i сысцi да мяне цi проста куды-небудзь.
— А што за работа ўвечары, дый яшчэ ў бары? Можа, ты пры выкананнi? — госць заўсмiхаўся, пэўна, уразумеў, куды заварочваецца размова.
— Дапамагаю самотным, — намёк на праваахоўныя органы Сяржук пакiнуў без увагi.