* * *
Мамiна мацi, баба Ядзя, каляндарным лiстком падпальвала ў печы.
* * *
Бацькава мацi, баба Броня, казала, каб не даваў руку старым людзям, калi яны збiраюцца памiраць. Тлумачыла тым, што чортава сiла не дае лёгкай смерцi, а праз руку можна гэтую сiлу перадаць iншаму чалавеку, што жанчыне лягчэй перадаваць хлопцу, а мужчыну лягчэй, калi руку падасць дзяўчына. Баба Броня, калi расказвала, сядзела на ложку, а я тым часам, седзячы за сталом, маляваў чырвоныя дзверы дзедавай хаты. Прайшло, можа, хвiлiн пяць, я i забыўся пра бабiны словы. А яна раптам на ўсю хату: "Прасiць будуць, а ты не давай рукi!".
Так i запомнiлася папярэджанне.
* * *
Этажэркi вымерлi.
У нас была этажэрка з дыхтоўнымi палiчкамi, са стойкамi, састаўленымi з нiтачных катушак. Суседзi мелi этажэрку з бамбуку. Былi i лазовыя этажэркi - светлыя, з выпаленымi рыскамi арнаменту.
Я ўжо гадоў дзесяць не сустракаў "жывой" этажэркi.
Мэбля, як i жывёлы, вымiрае цэлымi вiдамi.
Этажэркi вымерлi.
* * *
Мой сваяк - Казiмiр Кiсель - шрот i насенне захоўваў у аднолькавых мяшэчках.
РОБІЦЦА НЯЁМКА...
* * *
Няёмка робiцца, калi ў час размовы пазяхнеш. Дзiўна яшчэ й тое, што ў няёмкае становiшча трапляеш не толькi сам, а i ўсе прысутныя - i тыя, што гавораць, i тыя, што слухаюць, i нават тыя, што не слухаюць.
ПРЫЕМНА Ў РУЦЭ ТРЫМАЦЬ...
* * *
Прафесiйна i таму крыху нядбайна завостраны аловак прыемна трымаць у руцэ.
* * *
Толькi што знойдзеную ў археалагiчным шурфе касцяную шахматную фiгуру прыемна паказваць, узважваючы на далонi.
* * *
Прыемна ў руцэ трымаць пясочны гадзiннiк; здаецца, пакладзi ты яго на бок - i спынiцца час.
* * *
Добра выдадзены, нiкiм не прачытаны асобнiк кнiгi твайго любiмага пiсьменнiка прыемна ў руцэ трымаць, прыемна пагартаць старонкi i прачытаць адзiн-два сказы.
МЕСЦЫ, ДЗЕ ЛЮБЛЮ БЫВАЦЬ...
* * *
Нiкуды не збiраючыся ехаць, люблю прыйсцi на вакзал i пашукаць людзей, што прыйшлi сюды не сустракаць i не ехаць, а паглядзець, як гэта робяць iншыя.
* * *
Дом хутка знясуць. У такiх, асуджаных на знiшчэнне, дамах з выламанымi дзвярыма i павыбiванымi шыбамi адчуваеш, як скразнякi выносяць чалавечы дух. Цяжка сцвярджаць, што люблю бываць у такiх вось дамах, дакладней будзе - не магу абмiнуць.