* * *
Хлеб за мяжою купляем, у пустыню ператвараемся, а ён глыбакадумна піша, што вясковая тэма ў нашай літаратуры аджыла, перажыла сябе, яе трэба, маўляў, закрываць...
А хлеб патрэбен, рабіць яго вучыцца трэба — у самым шырокім сэнсе, з маральным перш за ўсё? Пачынаць вясковую тэму нанава трэба? Ці ўсё ўжо — усе канчаткова перабяромся на асфальт, пяройдзем на тэму нібы вышэйшую — гарадскую?..
* * *
Летась у бальніцы адзін піжамісты пенсіянер па-філасофску даводзіў мне, што з Афганістанам нашым гэта — як у Пятра Вялікага: той высек акно ў Еўропу, а тут трэба выхад да Індыйскага акіяна...
Пазаўчора ў электрычцы капялюшны дзед-сібірак (ехаў на зяцеву дачу) бурчэў супраць таго, што «сёння Курылы японцам, заўтра што-небудзь кітайцам, тады яшчэ нешта каму на Захадзе — усё можна раздаць!..»
Імперыялізм у нізах. А мір — ліха з ім? Ужо не кажучы пра справядлівасць...
З тым, што ў бальніцы, я яшчэ трохі паспрачаўся, а з вагонным не захацелася — не паможа.
* * *
«Ён з мяса і касцей». Часта здзіўляюся ў душы: як можна так па-мясніцку гаварыць пра Чалавека — адухоўленую істоту?! Відаць, гэтае здзіўленне, недаўменне ад таго, што тое, з чаго складаецца наш арганізм, «вместилище духа», можа быць таксама і ежай. Для людаеда. А нам пра «мяса і косці» нагадваюць тыя жывыя істоты, якіх мы грызем і жуём.
* * *
Учора позна ўвечары з пэўным болем і жахам уявілася, што ўсё наша тое, што называецца чалавечым жыццём — то больш, то менш густая сетка клопатаў, мітусні, варажнечы, сяброўства, любові, творчасці, распусты — тое, за чым затоены цемра і холад чорнага небыцця, куды мы час ад часу заглядваем, калі прыходзяць няшчасці, беды — асабістыя: забойства, самагубства, згвалтаванне або агульныя: землятрус, эпідэмія, вайна... Убачым страшнае, жахнемся, а потым зноў у тую сетку, за сваё — так званае жыццё...
* * *
Па тэлевізары — кадры пра канец Чаўшэску і яго «разумнай» жонкі.
Пара старых людзей — проста старых людзей — у перадапошнія хвіліны. А потым — шмякнуты на нейкі друз нягеглы труп у чорнай зімовай вопратцы, і твар, скручаны ў апошняй грымасе твар таго, што так нядаўна шэсць гадзін нібы з паднебных вышыняў даводзіў свайму народу, як яму добра пад такою ўладай, а нейкія прадстаўнікі таго народа шалелі ў воплесках і вернападданых крыках захаплення...
Успомнілася цэлая калонка ідыёцкіх эпітэтаў у пазалеташняй польскай газеце — пра веліч і любоў да гэтага трупа на друзе,— эпітэтаў збоку смешных, а там, у Румыніі, рэальна-надзённых, якімі ўлашчвалі тырана, як нашага ў свой час...
Кантраст знешняга і глыбіннага, што ёсць і ў нас цяпер, і невядома, у што яно выльецца,— ці ад добрага ў лепшае?..
Эпітэтаў ужо няма, але былое яшчэ вытыркаецца, пагражае...
* * *
Смерць Сахарава. Адчування не растлумачыш нават самому сабе, аднак яно вернае — адчуванне таго, што ва ўсім нашым сённяшнім вар'яцкім жыцці ёсць жа нешта і найважнейшае, на што толькі і можна абаперціся. У яго яно было, з гэтым ён і пайшоў у гісторыю.
А цяпер пачнецца асэнсоўванне яго подзвігу. Ужо і пра сем «вопиюще несправедливых» гадоў горкаўскай ссылкі загаварылі, пра яго мудры і смелы пратэст супраць афганскага злачынства...
Глядзеў на Гарбачова, Лук'янава ў прэзідыуме з'езда, пакуль прамаўляў Варатнікоў, і думалася: а каб паслаць Гарбачову запіску: «Ну што, цяпер вам будзе лягчэй?..»
Бо і ён жа не даваў Сахараву гаварыць, дагаворваць тое важнае, што таму ясна, высакародна бачылася...
* * *
Немаўля, зачараванае агеньчыкам свечкі, хоча ўхапіцца маленькай рукой за гэты цуд. І апякаецца, і плача ў горкай нечаканасці крыўды. Пачатак.
Трымацца за грамніцу, бачыць яе агонь — можа, ад гэтага і лягчэй. У канцы.
* * *
Днямі неяк па светла-вячэрняму падумалася, што вось мяне спачатку не было, потым не будзе, а нешта ўсё-такі ад мяне застанецца. Нешта патрэбнае, чаго ў людзей раней не было, а што пабудзе ці будзе.
* * *
Чытаючы рукапіс Калюгавых «Пустадомкаў», дзе пра пачынаючага паэта, успомніў, як я ў раннім юнацтве — і неаднойчы — даходзіў да адчування, што калі не стану пісьменнікам, дык мне наогул няма ў жыцці — страшэннае няма! — анічога...