Ужо калісьці, здаецца, запісваў гэта, пачутае ад Таўлая. Як ён, захоплены чытач роднай літаратуры, васемнаццацігадовы паэт-рэвалюцыянер, якога з Заходняй у Мінск «зялёным шляхам» прыслалі падвучыцца, увосені трыццаць другога года, пад вечар сустрэў на свіслацкім мосце Бядулю, з якім быў яшчэ не знаёмы,— проста пазнаў па кніжных ды часопісных партрэтах.
— Згорбіўся ён, браток,— расказваў мне з усмешкай, нават з пахіхіканнем,— паўмеха бульбы за плячыма, a ніжняя губа ад-вісла!..
Чаго добрага, i мы яшчэ так пойдзем,— дапісваю пасля паўзы-чытання.
...Апавяданне «Юлька».
Успомніўся «Пальчык» Крапівы. Як ён нібы збянтэжыўся, галоўны рэдактар перад літработнікам, калі я хваліў яму гэтае апавяданне, сам-насам у рэдакцыйным пакоі, зімой сорак чацвёртага — сорак пятага.
I ў Бядулі хораша пра маленства. Ажно самога мяне пацягнула «на пястоту», малых дзяцей, а потым унукаў успамінаючы.
Зірнуў у каментарый: «1917 г. Пасадзец». Ах, ах, чым займаўся ў такі час! — так усміхнемся. А надрукавана таксама ў нелягчэйшы час, у двадцатым. А мне прачытаць давялося праз семдзесят пяць гадоў.
Шчасліва думаю, што i ў мяне ёсць пра дзяцей такое, ад чаго цяплей на душы самому.
...Як бондар ладзіць свой струмант перад вельмі важным заказам: «Трэба ведаць, як трымаць брусок, колькі разоў i як плюнуць на яго». Творчая кульмінацыя. Бядулева.
Наогул, апавяданне «Бондар» — цуд!
...Заір Азгур, які казаў нам з Танкам (у маскоўскай гасцініцы), што Кузьма Чорны ганарыўся сваім вучнёўствам у Бядулі, крыху, вядома, патрыятычна перабраў, аднак вось думаецца, пасля «Бондара» чытаючы «Дванаццацігоднікаў», што такіх i падобных твораў Чорны не мог ні цаніць, ні браць разумна ў навуку сабе.
...Бядуля мой увайшоў у савецкую рэчаіснасць, i адразу заўважаецца спад у мастацкасці апавяданняў. Што значыць не з душы, не па ўласнаму жаданню, а тое, «што трэба». Ды яшчэ калі страх падганяе...
Успамінаў самога сябе, як я наладжваўся, пачаўшы з лесу, на савецкага пісьменніка, як гэта цяжка было, колькі напісанага асудзіў пасля на адсеў. Добра, што прыйшло яно, тое пасля!
* * *
Учора па радыё выпадкова паслухаў пра Жэню Янішчыц.
I ўспомнілася i такая яшчэ харошая повязь добрага з добрым. Яна — вучаніца Калеснікавага студэнта з дзіўнаватым прозвішчам Цудзіла. Неаднойчы мне Жэня згадвала яго ўдзячным словам. А Валодзя пазнаёміў мяне з тым настаўнікам у Целяханах («Шчодрая Ясельда»).
Са светлым сумам, пад гукі яе вершаў у добрым чытанні Машы Захарэвіч — «нашай любіміцы», як гаварыў я, даючы ёй слова на адным з літаратурных вечароў — успамінаў i адну нашу доўгую гутарку з Жэняй у парку імя Купалы, i нашу паездку ўдваіх у Кіеў у восемдзесят чацвёртым, на гобілей Шаўчэнкі, i прастадушную скрынку яблыкаў, якую гэтае «Палесся мілае дзіця» прыслала мне калісьці са свайго роднага кута.
Здаецца, мы туды з Валодзем не дайшлі ў сваім шэсцьдзесят першым?
* * *
Штосьці рыхтуецца цёмнымі сіламі ў Мінску i ў Маскве, штосьці пляцецца, навісае над лёсам беднай Беларусі... «Северо-Западный край»?..
Малады, ужо не з восемдзесят восьмага, а сённяшні малады чалавек, таленавіты, відушчы публіцыст сказаў днямі па «Свабодзе», што ў нас няма такой партыі, якая магла б супрацьстаяць нацыянальнай небяспецы, узначаліць супрацьстаянне, няма, нягледзячы на ўсіх тых, што называюць самі сябе i адзін аднаго «сумленнем нацыі»...
I зноў думаецца пра гульню, якою мне часта за апошнія гады здавалася наша беднае адраджэнне. Многа, замнога гульні...
А гаварыць такое ўголас, няхай сабе ў нейкай меры i ясна, абгрунтавана — будзе сустрэта, чаго добрага, як здрадніцтва.
* * *
Том Галсуорсі пачаў з успамінаў пра Джозафа Конрада, тады перайшоў да пісьменніцкіх сілуэтаў, да іншых артыкулаў.
Падумалася: а як жа гэта я дагэтуль не ведаю Конрада?.. Ну, уведаю, думаецца далей, а потым што — не будзе ўжо такіх, якіх трэба ведаць, а я да ix не дабраўся?
Хацеў знайсці ў кнізе штосьці наконт гэтага ў самога Галсуорсі, але не знайшоў, бо не падкрэсліў учора, з усмешкай падумаўшы, што ў яго можна падкрэсліваць усё падрад — у кожным сказе, у кожным абзацы: так густа ад цікавых думак.
А вось i думаю, што два выказванні ўсё-такі выпішу, нават перакладу.
З эсэ пра Конрада:
«Ён заўсёды пісаў крывёю i слязьмі, а гэта патрабавала адзіноты».