Калі i будзе ў маім запісванні трохі графаманіі, дык што ж — ад гэтага ж не ўсюды, не заўсёды ўсцеражэшся.
* * *
Пачуў, што цыбаты развязны лахмей, рэдагуючы ў маладзёжнай газеце нейкі матэрыял, закрэсліў у сказе словы «вялікія рускія пісьменнікі» i паставіў: «рускія белетрысты» — Талстой i Дастаеўскі... A другі, крыху здальнейшы, прыкметнейшы, сказаў, выступаючы: «Трэба нам вызваляцца ад гэтых барадатых класікаў!»
А сабе эпітэтаў не шкадуюць. Трэці з гэтай змены, можа, найбольш туманны, у надрукаванай аўтабіяграфічнай даведцы ўжо не толькі паэт, але i філосаф. Сам пра сябе.
* * *
Былы сакратар абкома, а потым — так жа нядаўна — i яшчэ вышэйшы на партыйнай лесвіцы, стаіць у царкве са свечкай у руцэ. Не перад Богам — перад тэлекамерай.
Адна з нашых сярэдненькіх рыфмачак, што i партыйную школу без прымусу закончыла, i на партыйныя сходы хадзіла ўрачыста, як у царкву, цяпер — таксама перад тэлекамерай — істэрычна, як баба-клікуша, расчульваецца над апісаннем мошчаў нейкай святое княгіні...
Мода.
* * *
Пасля раённага свята працы i песні ў гарадскім парку — пяцігадзіннае сядзенне за багатым сталом, дзе i госці з суседніх раёнаў, i з «пабратанага» раёна падмаскоўнага, дзе ўсё раённае i калгаснае начальства з жонкамі. Тыя самыя савецкія тосты, тыя самыя рускія песні. Нават ажно такое было сказана адным з раённых кіраўнічкоў, які ў тосце славіў рускіх, гасцей i наогул: «Усё роўна ж вы будзеце нашымі правадырамі...» Не дзіва, што сумна, стомлена было за тым, здавалася, вечным сталом, з некаторымі прасветамі ў перапынках, калі знаёміўся з аднымі ці сёе-тое ўспаміналі са знаёмымі.
* * *
I чытаючы аднаго, i слухаючы з трыбуны другога, думаў, я к гэта ўсім нам уласціва — пра самога сябе гаварыць абярэжна, кажучы па-санаторнаму, «в щадящем режиме», больш вінаватых бачачы навокал...
I самому трэба гэтага баяцца.
* * *
«Молодой негодяй» Э. Лімонава. Калі паруску — мерзость, скверна, што па пэўным таленце гэтага літаратурнага хулігана, як па ральгангу, легка коціцца ў душы маладых стотысячнымі тыражамі.
* * *
У чорнага маленечкага цюцькі столькі прыязнасці, што ён ніяк не можа выменташыць яе сваім хвосцікам, кожнай раніцы вітаючы мяне, калі прыходжу ў насёлак па малако. I падхалімствам гэта не назавеш, бо ён жа яшчэ зусім дзіця.
* * *
Як часта гэта бывае, што ў нейчым расказе пра самога сябе харошага не сказаным застаецца такое трошкі не так,— не так было, не так запомнілася тым, хто быў пры гэтым i ведае. Ва ўспамінах, у інтэрв'ю бачыш гэтае не зусім так i не заўсёды хочацца рэагаваць. Каб не разменьвацца на дробязі, а то больш з дабрадушнай ляноты.
А тым пазёрам, ці як тут сказаць, гэта якраз i добра, што хтосьці прамаўчыць.
* * *
Дзве дачныя радасці — прыехалі ўнукі i пачаўся, нарэшце, дождж!
Дзед з бабай ператаміліся ад штодзённага шчодрага палівання градаў, а тут i вельмі чаканы, i ўсё ж неспадзявапы працяглы kapuśniak, як трапна кажуць палякі.
I ўспамінаецца народнае: усё падняло вушы. I думаецца, ідучы раніцою па палявой дарозе, накрыўшыся плашч-палаткай, як гэта сёння кожны лісток, кожная травінка — як перамытыя. Што таксама вядома з маленства.
* * *
«Пісаць для сябе». Можа, гэта i ёсць яно — пісанне перш за ўсё для самога сябе — у тым, што я i хвалююся сваім, i ў сумненнях пакутую, i радуюся, дасягнуўшы належнай адпаведнасці. Вось чакаю карэктуры сваёй «Пішу як жыву», як чакаюць прыезду, прыходу кагосьці з найраднейшых, i ўспамінаю, як што пісалася, пра што хацелася сказаць,— маё заўсёды i назаўсёды, у чым прызнаюся, чаго ніяк не магу сказаць, паказаць найбольш удала... Ёсць i такое — пры радасці за тое, што, як шчасліва здаецца, удалося.
* * *
Добра апрацаванае поле, з якім я так даўно знаёмы, цяпер пад бульбай. Каторую ўжо раніцу, калі іду паўз ім, напамінае мне глыбока паэтычны ўступ да «Хаджы-Мурата», гімн вялікага вечнаму. А сёння, светлай, ціхай раніцай, калі ўсё так хораша расце пасля дажджу, я яго, гэтае поле, пакуль што чыстачорнае, з пазнавата пасаджанай бульбай, убачыў i ў такой яшчэ красе:
На зялёным, росным узмежку, які вышэй за дарогу, дзве нябесныя кветкі — валошкі, сціплыя раннія васількі так непаўторна хораша, міла, хвалююча блакітнеюць на чорным пакуль што фоне чыстай раллі.
* * *