Дзяўчынка слаўна адказвае пра сусветнае значэнне Горкага, пра вобраз Пячорына, пра «Падарожжа» Радзішчава... Стомлены, хвараблівы выгляд, у цяжкіх ботах, цяжка ўздыхае, прыглушвае кашаль. Вялікія цёмныя вочы. Прыгожая. І ўсё збіваецца з рускай на родную мову: «імкненне», «творчасць», «далонь»...
Дзе ты была у вайну, толькі чатыры маі таму назад,— у беднай, цудам не спаленай хаце ці ў партызанскай зямлянцы?..
Няхай жа ўсё будзе добра!.. Пасля ўсяго, што было.
Хлопец. Бывалыя салдацкія чаравікі, старанна наваксаваныя, лінялая гімнасцёрка i нехлямяжы, больш на куртку падобны, пінжак. Усё, здаецца, бацькава ці старэйшага брата. Хвалюецца, крэсліць наском чаравіка па падлозе.
— Адказвайце, можа, на другое пытанне,— хоча паспагадаць настаўніца.
— Не, чаму ж, я буду адказваць так, як пытанні стаяць у білеце.
Хлопец дужы, палёгкі не хоча.
Уяўляю, як ён раненька ўстаў, чысціў чаравікі, не снедаў ад хвалявання...
Дваццаць ix, юнакоў i дзяўчат, з беларускім вясковым акцэнтам гавораць пра вяршыні рускай літаратуры. Моладзь — вельмі падобная да сваіх бацькоў i матак, але ж — з пячаццю культуры, духа на тварах.
Чым яны былi б, каб не прыйшоў сюды Верасень?..
Вясёлы лётчык, які выдатна папрацаваў для нашай перамогі над фашызмам, расказваў, па-хлапечы радасна смеючыся, як ён вяртаўся сюды, у роднае данское сяло, на трафейным «опелі»:
— Узяў, зараза, ды заглух. За тры кіламетры ад бацькавай мазанкі! Дзед Афоня мяне дацягнуў на быках. Часта цяпер хто скажа: а гэта ж тады было, у той год, як дзед Афоня Міколу прывёз. Гісторыя!..
Пасля вайны камандаваў палком. Уранні, перад вучэбнымі палётамі, сам вылятаў раней — «нюхаць паветра», і не мог устрымацца, каб не праляцець над роднай Пятроўкай, не памахаць крылом.
А маці, сгарэнькая бабка Нюся, абы заўважыла, што самалёт крылом махае:
— Цэ мій падлюка!..
Не для экзотыкі запісваю, а ловячы здаровае адчуванне сувязі з родным, з мудрай народнасцю.
Старэнькай маці, калгасніцы, адняло мову. Прыляцеў самалётам вучоны сын, два дні сядзеў над ёю, i толькі на трэці яна апрытомнела. I першае, што сказала — спыталася:
— А ці абедаў жа, сынок?..
Колькі яму — пажылому мужчыне, былому ваяку — каштавала, каб не заплакаць!..
Ідуць салдаты, і дзіўна, прыемна падумаць, што кожны з ix быў малы, што кожны з ix абцалаваны мамай.
У яўрэйскай сям'і, дзе я затрымаўся ў Маскве, старэнькая маці інжынера паказвае мне пусты «дзяржаўны» канверт ад міністэрскага пісьма i з гордасцю, нібы за першую сынаву «пяцёрку», кажа:
— Вось якіх пакетаў прысылаюць майму Мішу!..
А Мішу — пяцьдзесят другі.
Студэнтачка расказвае:
— Мы з мамай часта хадзілі ў грыбы. А першы год, як толькі я паехала вучыцца, яна адна выходзіла на нашу сцежку: «Можа, убачу...»
У глухой вёсачцы на беларускім Палессі спыніліся каўпакоўцы. Адзін з ix зайшоў у крайнюю хату i папрасіў бабулю памыць яму запасную пару бялізны.
А потым раптам — трывога. Пайшлі — як прыйшлі.
На трэці дзень адзін з атрадаў, што адпачываў у лесе пасля бою, затрымаў старую. З клуначкам бывалай бялізны, i памытай, i пакачанай, i палапленай рукою маці. Два дні шукала яна ў бліжэйшым i далёкім лесе, пад музыку далёкіх i блізкіх выбухаў, таго «прыгожага ды вясёлага, што камандуе цэлым атрадам, а называецца — дай, божа, памяць,— здаецца, Платон...»
I вось знайшла, аддала i пайшла дахаты. З адным толькі пачуццём, з адной радасцю: «Няхай здаровенькі носіць!..»
Слаўны хлопец, добры паэт, адзін з маіх украінскіх сяброў, ён мне расказваў пра гэта ў часіну харошай сустрэчы.