— Што? — здзівілася Стася, ажно знік у вачах гуллівы бляск.— Малако? Якое малако? Чыё?
— Каровіна,— яму захацелася сказаць усю праўду.— Цяжка захварэла мая жонка...
— Жонка? У вас ёсць жонка?
— У мяне ёсць жонка.
— Гэта тая маленькая... агітатарка?
— Тая.
— Дзе ж вы павянчаліся? У якой царкве?
— Хіба для таго, каб з'яднацца двум чалавекам, трэба абавязкова поп і кадзіла? Хіба для гэтага мала кахання?
Цяпер яна глядзела на яго зусім сур'ёзна і ўжо з нейкім іншым здзіўленнем.
— А мне казалі, што вы не бальшавік. Гэта ж бальшавікі ў бога не вераць.
— А вы верыце?
Стася сумна засмяялася і сказала пра іншае — пра сваё, жаночае:
— Я верыла, што спакушу вас. Вы мне падабаліся,— прызналася і засаромелася: — Ой, што гэта вы робіце са мной?
— Нічога я не раблю. Я быў бы вам удзячны, каб вы сказалі, у каго можна купіць малако.
— Вам не сорамна хадзіць па хатах?
Сяргей на міг задумаўся: што ёй адказаць?
— Вы знаеце, Стася, мне не сорамна. Калі чалавеку, які табе дарагі, блага — для яго зробіш усё. Зрабіць хочацца іменна самому. Хіба вы не перажылі такое?
Стася раптам закрыла твар чырвонымі рукавіцамі-самавязкамі.
Вагуновічу здалося, што яна плача. Разумеў, чаму яна магла заплакаць, пашкадаваў, што так неасцярожна нагадаў удаве пра яе горкі лёс. Супакойваць не стаў.
Яна выцерла вочы рукавіцамі, уздыхнула:
— Божа, як даўно гэта было. Я зайздрошчу вашай жонцы. Яна шчаслівая.
— Я шчаслівы.
— Але ўсё адно самі не хадзіце. Абгавораць бабы. Чаму вы не прыйшлі да нас? У камуне яшчэ не ўсіх кароў запусцілі. Запусцім. Дзецям малака не будзе,— яна крыва пасміхнулася з камунарскіх парадкаў.
Багуновіч зноў прызнаўся з нечаканай для сябе шчырасцю:
— Мне прыйдзецца прасіць у Рудкоўскага хлеб і бульбу для салдат. Каторы раз.
Стася жорстка ўпікнула:
— Сядзіць у вас панскае. Цяжка вам папрасіць мужыка. Не верыце, што ў нас ёсць сэрцы.
Яму зрабілася няёмка.
— Што вы!
— Ну, вось што, таварыш камандзір. Ідзіце займайцеся сваімі справамі. Малака я вашай...