— Во дзіва! Першы раз бачу цвярозага начальніка.
— А што, у вашай канторы ўсе п'юць?
Ігаравы пытанні бываюць па-дзіцячаму наіўныя і нечаканыя. Золатаў не любіў іх. Неаднойчы ўзрываўся. І тут уміг пазмрачнеў.
— Не падабаюцца мне, камісар, твае кіўкі ў наш бок.
— У чый бок?
— Ведаеш — у чый. Мы ахоўваем дзяржаву ад ворагаў. І незалежна ад таго, хто з нас колькі п'е, «кантора», як ты называеш, наша,— моцна націснуў на слова «наша»,— заўсёды цвярозая.
— Аднак у вачах у вас часам дваіцца,— «лез у бутэльку» п'янаваты хлопец.
— Ігар! — па-бацькоўску ўшчувальна спыніў свайго камісара камандзір.
— Усё, Аляксей Іванавіч! Нямею. А пакуль я нем, то п'ю і ем,— маладосці ўсё-такі хацелася блазнаваць.— Налівайце, таварыш маёр.
— Нацадзі.
Ігар падняў ужо зморшчаны ў верхняй частцы бурдзюк, пабоўтаў.
— Ёсць газа! — і зноў да маёра: — Якаў Міхайлавіч!
Прадайце бурдзюк. Не мне. Атраду. Не пойдзеце ж вы з ім у Мінск.
Напамінак пра Мінск быў для Золатава асабліва непрыемны, бо задачу начальства не адмяняла, пацвердзіла і ў сённяшняй радыёграме.
Камандзір спецгрупы не адну ноч ламаў галаву — каго яшчэ паслаць, трэцяга. І самае страшнае было, што ён не верыў сваім, усім, пецярым. А вось гэтаму бязвусаму балбатуну, які на падпіцці бывае зусім несур'ёзным, верыў і апошнім часам выношваў думку паслаць да рэзідэнта Кіпеня. Самога Ігара ўгаварыць лёгка, ахвотна пойдзе. Але ці адпусціць Ман? Дрыжыць, як за сына. Памацаць?
— Слухай, Ігар, ты казаў — у цябе нявеста ў Мінску.
— Была.
— Пашукаць не хочаш?
— Ветру ў полі? — адразу адбіў Ман.— Яна ж не мінчанка. Што яе магло затрымаць? Хто добра абжыўся, і тыя разбягаюцца па вёсках — бліжэй да зямлі, там хоць бульбіна вырасце.
Не, гэты корч не вывернеш — як ні пацей. Але які калун трэба, каб раскалоць яго? Быў такі «калун» у Золатава — ашаламіць чалавека нечаканым пытаннем.
— Аляксей Іванавіч, адкуль у цябе прозвішча такое — нямецкае?
— А ў мяне дзед — латышскі барон,— не міргнуўшы вокам, на поўным сур'ёзе адказаў Ман.
У Золатава п'яна ашклянелі вочы. Брагінскі насцярожана сцяўся, быццам на яго замахнуліся. Не разумеў капітан, навошта спатрэбілася камандзіру такая хлусня, небяскрыўдная гэта гульня на вайне ды яшчэ перад чалавекам, які прыляцеў са спецзаданнем і якому сам ён, камандзір, вызначыў абавязкі — начальнік асобага аддзела. Асобага! Вельмі добра кадравы камандзір ведаў, што такое асобы аддзел. Некалі ён таксама спытаў пра паходжанне камандзіравага прозвішча, палахліва, бадай, сарамліва. І Аляксей Іванавіч не без смяшкоў, аднак сур'ёзна расказаў. Прозвішча яго Машок. Але калі служыў у пачатку дваццатых гадоў у Чырвонай Арміі і неяк, у адказ на чыёсьці пытанне, растлумачыў сэнс слова «манюк», камісар, латыш, інтэрнацыяналіст, аматар нямецкай літаратуры, у арыгінале чытаў, параіў скараціць немілагучнае беларускае слова, зрабіць з яго мілагучнае нямецкае, са значным сэнсам. Так і запісалі, у той час армія з'яўлялася заканадаўцам, партбілет выпісалі на Мана.
«У іх паўвёскі Манюкоў»,— пацвердзіў Ігар.
Той праўдзівы расказ развесяліў Брагінскага: якіх дзівос не бывае! А гэтая вясёлая мана спалохала. Навошта такія дзіцячыя забаўкі? Навошта дражніць гусей?
А п'яны Ігар рагатаў з нечаканага жарту камандзіра.
— Дык ты, значыцца, з баронаў? Аляксей Іванавіч! Таварыш барон! А што! Гучыць! Напішам немцам ультыматум і падпішам: «Барон Ман». Няхай ламаюць галаву, адкуль у бальшавікоў барон.
Жарт камандзіра (расказалі і яму гісторыю гэтага прозвішча), Ігараў смех абразілі Золатава.
«За дурня лічыце? Пажывём — пабачым, хто з нас дурань».
2...