...— Чакай. Каго арыштавалі?
Шабовіч сказаў.
Золатаў глянуў у блакнот.
— Хацяновіча і Чурсіка вы не называлі.
— Дык яны ж не падпольшчыкі. Хацяновіча мы хацелі ўцягнуць, электрык управы мог бы і паслухаць што трэба і зрабіць. А Чурсік паліцэйскі. На ім мы паставілі крыж.
— Што значыцца крыж?
— Што нашым чалавекам ён не стане. Але ў яго доўгі язык, гуляючы, мы выцягвалі з яго патрэбныя звесткі. Ад нас ён не скрываў. Баец самааховы — Іван, фельчар бальніцы — я. Лічыў нас сваімі людзьмі.
— Сваімі?
— Ну, як сваімі... у галаву яму не прыходзіла, што мы падпольшчыкі.
— І часта вы гулялі ў гэтага Чурсіка?
— Не часта, але здаралася.
Золатаў хмыкнуў, не стрымаўся ад уедлівай заўвагі:
— Прыемна вы час праводзілі... з паліцэйскімі...
— Таварыш камандзір! Вы не ўяўляеце асаблівасці падпольнай работы. Нам прыходзіцца выкарыстоўваць любыя метады. З ваўкамі жыць...
— Пакуль што я вам не таварыш.
— Я разумею.
«Усё ты, сволач, разумееш, толькі ягнёнкам прыкідваешся»,— падумаў Золатаў. А Ман падумаў не лепшым чынам пра самога Золатава: «Тапорна працуе чэкіст. Не ўлічвае, што іншай магчымасці праверыць, хто гэты чалавек, у нас няма. Толькі адно — паверыць ці не паверыць у тое, што ён раскажа».
Аляксею Іванавічу хацелася паверыць.
— Прадаўжайце, Шабовіч,— сказаў камандзір, робячы націск на прозвішчы. Калі хлопец недурны, то павінен акрыліцца гэтым — што паверылі ў яго прозвішча. Ман стараўся хоць як падтрымаць яго і знізіць пракурорскі тон начальніка асобага аддзела.
Па турме пытанні ўзнікалі ва ўсіх. У Брагінскага — чаму яўрэяў адбіралі асобна?
— Іх расстралялі ў тую ж ноч. Не сумняваюся.
Капітан, і без таго бледны, пабялеў.
Ман спытаў, колькі ўсяго было арыштаваных.
Шабовіч шчыра прызнаўся, што назваць лічбу не можа, але, напэўна, не менш двухсот.
— Дзеці былі? — спытаў Ігар.
— Дзяцей не было. І жанчын нямнога.
А Золатава зацікавіў адзін чалавек — Бяспалы.
— Вы ўпэўнены, што пазналі ў ім аднаго з кіраўнікоў падполля?
Шабовіч задумаўся, прыгадваючы, як ён сказаў пра Клюшава. Не, не казаў ён, што Клюшаў кіраўнік.
— Станулін сказаў нам, што гэта чалавек з Цэнтра, юрыст.