— Давай паедзем у лес па грыбы... рыжыкі пайшлі... — i там прыпамінай што хочаш. Не забылася, як мы збіралі грыбы? Ах, якія грыбочкі!
Спахмурнелы твар жанчыны на міг асвяціла скупая, як асенні прамень сонца, усмешка.
— Чорт ты, Іван! На цябе й пакрыўдзіцца цяжка.
— Крыўдзіцца на мяне — самаму сабе шкодзіць. Я добры. Я наш... Ты знаеш, як ён, — кіўнуў на дзверы кабінета, — мяне любіць. Не дурань — помніць, хто яго пасадзіў у гэтае мяккае крэсла. А ты хочаш адстаўку мне даць... Не спяшайся. Дай ручку, каралева. Даўно не цалаваў жаночай рукі. А люблю...
— Ты не толькі рукі любіш.
— Што праўда, то праўда — не толькі. Усё люблю. Бог стварыў жанчыну на пагібель нам, грэшным.
Узяў яе руку, яна не адняла; ласкава ўгледзеўся.
— Ах, якая ручка! Хто за цябе на гародзе працаваў? Патап?
— Калі-небудзь я цябе так патапну...
— Бі, бі па маёй залысіне. Ад такой рукі любая кара — узнагарода.
— Балбатун ты, Іван.
Скрыпнулі ўнутраныя дзверы ўвахода ў кабінет.
Яны адскочылі адно ад аднаго; сакратарка заняла сваё месца за сталом, падсунула паперы.
Выйшаў Вікенцій Паўлавіч. Трохі здзівіўся:
— Ты яшчэ тут? Да Ганны Фядосаўны заляцаешся?
— А што? Сухар быў бы той мужчына, які не кінуў бы вока на такую жанчыну. Я яшчэ ў раёне не прамінаў заглянуць у аддзел райвыканкама. Бабы плёткі пусцілі. I мая Марына — раўнівая ж да чорцікаў! — прарэдзіла мой чуб. I астудзіла мой жар да замярзання.
— I ты робіш другі заход? Глядзі, скажу Марыне Аляксееўне — дык яна дябе зусім лысым зробіць. Не верце яму, Ганна Фядосаўна! Донжуан. На сустрэчах усіх маладых жанчын перацалаваў. А мне адных бабуль бяззубых падсоўваў. Памочнічак!
Ганна весела засмяялася, мабыць, уявіўшы, як кандыдат у губернатары цалаваўся са старымі; паверыла, што Іван цалаваўся з маладымі, i адчула нейкую дзіўную нязвыклую рэўнасць, але i я на дадала смяшлівага настрою.
Разам з тым Ганна ўпершыню па-жаночы параўнала ix — Івана i Вікенція. I бадай спалохалася, што параўнанне на карысць губернатара: вышэйшы ростам, страйнейшы, без жывоціка, як у Залозы, з інтэлігентным тварам, з глыбокімі залысінамі, якія чамусьці сведчылі не пра старасць, а пра розум. Успомніла канава: «Я адыду ўбок, калі ты адрасуеш сваю ўдзячнасць яму...» Абразілася мацней, чым тады, калі ён сказаў гэта. «За каго ты мяне лічыш, дурань недапечаны? Вось вазьму i — назло табе... — i зачырванелася: — Ой, Божа! Пра што я думаю?!»
4...
Сняданне было тым нядоўгім часам, калі яны заставался адзін на адзін, i Вікенцій Паўлавіч расказваў жонцы пра свае справы; разумеў, што гэта хораша ix звязвае. Так ужо павялося дваццаць тры гады назад, — з дня вяселля — яны давяралі адно аднаму свае службовыя клопаты. Абедаў сумесных было нямнога, нават у выхадныя дні, вячэры — часцей, ды на вячэрах заўсёды прысутнічала дачка, чатырнаццацігадовая стракатуха Таня. Слухалі яе, між іншым, з цікавасцю: Таня ўмела расказваць пра школьныя прыгоды займальна, забаўна, з гумарам.
Раніцою i дачка, i сын рана беглі ў школу, універсітэт. Губернатар ледзьве не штодня затрымліваўся ў кабінеце да позняга вечара. А на работу ніколі не з'яўляўся раней дзевяці гадзін раніцы.
Вікенцій Паўлавіч разумеў: калі ён хоць раз прыйдзе раней, гэта прымусіць змяніць свой рэжым многіх людзей: намеснікаў, сакратарку, ахоўніка, шафёра. А гэтага ён не мог дазволіць, рабіў усё з аглядкай на нормы маралі, этыкет; крый Божа, не даць сабе, як кажуць, забурэць, стаць уладаром: што хачу, тое i варачу. Застацца чалавекам! З яго бяруць прыклад. Хоць той жа Іван не прызнае яго нормаў i часам нават кпіць з яго.
Ён адказваў жартам, але часам i трывожыўся: Іван падмінае пад сябе ўсіх, нават намеснікаў губернатара i яго прымушае часам ісці на змову са сваім сумленнем. Бываюць сітуацыі, калі без Івана разабрацца немагчыма, a ў таго вопыт першага сакратара райкама, у яго, як здаецца часам, нарыхтаваны адказы на ўсе пытанні складанага жыцця.
Марыя Іванаўна сядзела насупраць, праз стол, i глядзела на мужа неяк нязвыкла, яму здавалася пільней, чым звычайна, але па-ранейшаму ўлюбёна, што яго заўсёды кранала: без малога чвэрць стагоддзя разам i — такая закаханасць! Напісаў бы сучасны пісьменнік — не паверылі б: тургенеўская гераіня.
— Ну як твой Іван? Камандуе?
— О, Іван! Іван — геній! Геній па вядзенні спраў.
— Не перабольшваеш яго здольнасцей?
— Іванавы таленты перабольшыць немагчыма. Я кажу табе:геній!
Марыя Іванаўна засмяялася.