«Ой, ці так, Іване? А можна ж прачытаць тваё залішне смелае дзеянне інакш: спалохаўся ты, моцна спалохаўся. I акрамя выкліка: «Нікога не баюся! Чысты я i бязгрэшны, што дзіця!» — было жаданне, народжанае страхам: найхутчэй паглядзець на маю рэакцыю. Чакаў, што я паляпаю па плячы: «Нічога, Ваня, не бойся! Я веру табе, як самому сабе». Я сказаў, што веру яму. Але па плячы не паляпаў. Я сказаў, што мяне трывожаць такія пісьмы. Ix было нямала. Не пра цябе — пра раённых, гарадскіх кіраўнікоў. I пра Падбярозскага было. Карупцыя праела людзей, што іржа. Што зрабілася з людзьмі? Калі i ты, Іван, туды ж — літасці ад мяне не чакай. Твае дзеянні з кватэрай, з вяселлем мне не спадабаліся. Я даў табе па носе. Але то была сяброўская пстрычка. Калі ж хоць частка фактаў гэтага пісьма пацвердзіцца, я не пстрычку табе дам, а садану з усёй сілы».
Адарваўся ад акна. Зноў пахадзіў па кабінеце. У прыёмнай стукала машынка, як сігнал: «Я тут», хаця рабочы дзень даўно скончыўся.
Раней ён нярэдка сам выходзіў у прыёмную ўзяць патрэбную паперу. Прыемна было лішні раз паглядзець на сваю эфектную каханку, ад якой патыхала дарагімі духамі i... заклікам. Калі ў прыёмнай нікога не было, дакранаўся да яе пляча, рукі i такім чынам «заводзіў» сябе на вячэрні сеанс.
Пасля сынавага вяселля, пасля таго як у царкве перад іканастасам, перад маладымі i Машай даў сабе абет, ён стаў баяцца Ганны, пазбягаў заставацца з ёй адзін на адзін, бо ведаў, што немінуча прыйдзецца тлумачыць свае паводзіны. А гэта, разумеў, вельмі i вельмі нялёгка.
У прыёмную не выходзіў. У кабінет клікаў па селектары тады, калі там нехта быў. Трэба сказаць, што i яна вытрымлівала характар, не навязвалася, працу пакідала «па званку», перад тым, як пайсці, нязменна пытала па селектары:
— Я вам не трэба, Вікенцій Паўлавіч?
А сёння вось сядзіць. Так доўга робіць копію для Івана? На гэта хопіць адной хвіліны. Самаго Івана не чуваць — падыходзіў да дзвярэй, слухаў: толькі стук машынкі.
Але чаму не нясе пісьмо? Трэба прачытаць яго яшчэ раз. Удумліва, у адзіноце, пры такім чытанні можна вычытаць не толькі тое, што начыркана шарыкавай ручкай, але i тое, што стоена паміж радкамі. Папрасіў па селектары:
— Ганна Фядосаўна, дайце мне гэтае пісьмо. Пачуў, як яна падскочыла ад машынкі — ажно грукнула крэслам. Але пісьмо не прынесла ў той жа міг, вытрымала колькі хвілін.
Пачціва, як новенькая супрацоўніца, палажыла на стол зялёную папку з грыфам «На подпіс».
— I што мне падпісаць? — усміхнуўся Вікенцій Паўлавіч. — Як у добрую даўнасць прапісаў бы я чыноўніку Залозе штук трыццаць губернатарскіх бізуноў. Крадзі ў меру!
— А думаеце, краў?
— Іван? Я сказаў, што веру яму. A выйшаў ён, i апанавала мяне сумненне. Гэта ж эпідэмія, Аня! Крадзёж, хабарніцтва... Хапугі загубяць дзяржаву.
А жанчыну ўсхвалявала не тое, што ён сказаў, а толькі адно слова, зварот да яе: Аня. Зварот блізкага чалавека. Адчула, што моцна загрукала сэрца, як у дзяўчыны, якая прыйшла на першае спатканне. Спачатку пачырванела, потым пабляднела. I калі ён схіліўся над пісьмом, шэптам спытала:
— Віця! Як разумець твае паводзіны? Канец любві нашай?
Ён узняў галаву, уважліва i шчыра паглядзеў у яе вочы i таксама па-юнацку пачырванеў. Выйшаў з-за стала, мякка ўзяў яе за плячо, пасадзіў у крэсла для наведвальнікаў, сам сеў насупраць.
— Аня, паслухай мяне i зразумей. Ты разумная, добрая. I я люблю цябе, я ўдзячны табе за радасць, якую ты мне дала. Але паслухай i не смейся. Я раскажу табе, што са мной адбылося... — i ён прыгадаў вяселле сына. — Мне стала раптам балюча, сорамна, што я, сталы чалавек, бацька, хутка дзедам стану... людзей збіраюся выхоўваць, моладзь... А сам... сам чым займаюся?! Ну, каб не любіў я Машу, каб разлад... дык не ж... люблю яе, удзячны ёй... Адным словам, перажыў я... ачышчэнне ці што?.. Я атэіст, але ў царкве перад Ісусам Хрыстом, перад усімі святымі слова даў: не грашыць! Табе смешна?
— Не, не смешна. Я сама аднойчы перажыла нешта падобнае. Не ў царкве, праўда. Але ў мяне не хапіла сілы волі. Слабая...
— Дык ты разумееш?
— Я разумею цябе... разумею.
— Дзякуй табе.
Ганна паднялася, за ёй — ён. Стаялі твар у твар, вінавата i сумна ўсміхаліся.
— Дзякуй за радасць...
— Дазволь мне... пацалаваць цябе ў апошні раз.
Ён не адступіў. Яна кінула яму рукі на плечы, зусім зблізку паглядзела ў вочы, потым сціснула далонямі яго галаву і... пацалавала не ў вусны, a ў вочы, як малога.
Вікенцій Паўлавіч рэдка расказваў жонцы пра свае службовыя турботы — хапае ў яе сваіх, сямейных, хатніх. На шчасце, нявестка не беларучка, добра памагае па гаспадарцы: ні Толя, ні Таня не застаюцца без снедання. Марыя Іванаўна з лёгкай душой пайшла на працу ў бальніцу i адразу ажыла пасля хваробы i аперацыі. I гэта надало душэўную раўнавагу не толькі ёй, але i яму, асабліва пасля пакаяння, якое адбылося ў царкве пры вянчанні маладых. Цяпер яго не трывожылі ніякія згрызоты сумлення. Ён ачысціўся перад Машай — самае галоўнае, i калі ўжо сталі вернікамі ўсе былыя атэісты, то можна лічыць, што i ён пакаяўся перад Богам.
Машы ён не толькі расказаў пра пісьмо, але i паказаў яго, што рабіў рэдка — не прыносіў дакументы дадому.
Маша чытала доўга, як малапісьменная. А ён сачыў за выразам яе твару — як ён зменьваўся з кожнай хвілінай: ад цікаўнасці да адбітку страху. Чаму страху? Якія асацыяцыі яе палохаюць?
— Верыш... наконт Івана?
Яна адказала не адразу, кусала ніжнюю губу.