Мне рабілася страшна, калі Вася ішоў з дому. Уяўлялася, што яго забіваюць, i я, адна, плакала i рыхтавалася паміраць, бо ведала, што без Васі мне доўга не пражыць. Хіба можна вылежаць цэлы дзень без Васі, без хлеба i без агню, без цяпла? А з братам хораша. Паліцца ў чыгуннай печцы, i заўсёды стаіць на ёй чайнік з цёплай вадой. Калі я прачыналася, кашляла i курчылася ад болю ў жываце, Вася даваў мне напіцца i часам у конаўку кідаў крупінкі сахарыну (адкуль ён браў сахарын — таксама невядома), i вада рабілася салодкай; калі яе нап'ешся, жывот пераставаў балець. Але самыя шчаслівыя хвілінкі былі тыя, калі Вася варыў суп i мы абедалі. Гэта не тое, што сняданак, калі маці, спяшаючыся на завод, давала нам па конаўцы вару з сахарынам i па кавалачку чорнага, як вугаль, хлеба, кавалачак гэты з мой худзенькі пальчык, трэцяя частка пайкі.
Вася абед гатаваў па-сапраўднаму. У яго заўсёды знаходзіўся запас дроў, i ён распальваў «буржуйку» так, што чырванела бляшаная труба. Яна была выведзена ў акно, якое напалавіну — па сярэднія шыбы — забіта старым лямцам, а тая шыба, дзе выходзіла на двор труба,— бляхай іржавай.
Да тае паўлыжкі пшана, якое пакідала нам маці для супу, у Васі знаходзілася ў доўгім бацькавым паліто, у глыбокай кішэні, бульбіна, маркоўка ці рэпка: Ён казаў, што зарабляе гэтыя скарбы на станцыі, памагаючы разгружаць вагоны. Пра ix маці не заўсёды нават ведала, гэта была наша з ім тайна. Весела трашчалі дровы, печка давала прыемнае цяпло. Весела булькала вада ў пачарнелым салдацкім кацялку. I я весялела.
— А я зноў сніла хлеб. Многа-многа хлеба,— можа, з удзячнасці брату пачынала расказваць я.— Яго везлі на вялікіх санях — цэлую гару вось такіх боханаў,— i шырока разводзіла рукамі.
Калі я расказвала такія сны маці, тая каўтала слёзы i тайком выцірала вочы. А Вася смяяўся.
— Ну i дурная ж ты, Анечка. Ты не думай пра хлеб, як я. I ён не будзе сніцца.
Але хіба можна не думаць пра хлеб? Можа, тыя, хто мае яго досыць, не думаюць, а я ўвесь час думаю.
Калі Васіль сыпаў у кацялок пшано i кідаў дробненька парэзаную бульбіну, пара пачынала так смачна пахнуць, што я не паспявала каўтаць слінкі.
I хлеба на абед большы кавалачак — палавіна пайкi. Мама ніколі не зачыняла хлеба, бо ведала, што ніхто з нас — ні Вася, ні я — не з'ямо больш, чым нам належала, не можам з'есці — голад навучыў суровай дысцыпліне. Часам Вася прапаноўваў:
— Хочаш, я табе адламаю трошачкі ад сваёй скібачкі?
Мне страшна хацелася з'есці лішні кавалачак, але я адмаўлялася:
— Не, не, я не хачу. Я ўжо наелася.
Я помніла размову, якую аднойчы падслухала раніцой, калі мама збіралася на працу. Вася, як дарослы, сказаў ёй:
— Мама, я даўно бачу твае хітрыкі. Як ты дзеліш хлеб? Каб сабе менш, а нам больш. Так нельга, мама, ты працуеш. Табе трэба сілы. Калі ты захварэеш, без цябе i мы не пражывём. З сённяшняга дня я буду дзяліць хлеб. Па справядлівасці. Во так. Табе — рабочая норма.
Маці заплакала. Раней маці была вясёлая, але з надыходам тае цяжкой зімы ўсё больш i больш худнеў i чарнеў яе твар, шырэйшымі рабіліся вочы, i нават я, малая, бачыла ў ix смутак, гора. I тады мне таксама хацелася плакаць. Твар матчын адразу пасвятлеў i загарэліся вочы, калі прыйшло пісьмо ад братоў яе з вёскі. Яна спачатку прачытала сама, па складах, водзячы па паперы пальцам. I, не скончыўшы чытаць, абвясціла нам:
— Дзядзька Іван прывязе мукі. Тры пуды мукі! Гэта ж мяшок. Перазімуем, дзетачкі! Ачуняеш, Анечка! — i кінулася да мяне, пацалавала. А пасля пісьмо чытаў Вася. Ён добра чытаў, бо дзвеі зімы хадзіў у школу. Я штодня прасіла брата прачытаць гэтае пісьмо. Даўно вывучыла на памяць, ведала ўсіх цётак, дзядзькоў, бабуль, сясцёр i братоў, стрыечных i ўсялякіх іншых, якіх ніколі не бачыла, ведала, хто які паклон шле — нізкі ці ніжэйшы. Аднак не гэта мяне цікавіла. З душэўным трапятаннем чакала я слоў «і рашыла ўся радня наша, дарагая сястра, сабраць i завезці тваім дзеткам тры пуды мукі ды паўпуда круп розных».
Два тыдні чыталі пісьмо. Два тыдні жылі надзеяй.
Дзядзька Іван прыехаў увечары, калі ўсе былі дома i Вася толькі што прынёс дровы, выслухаў матчыны папрокі i запальваў «буржуйку», каб трохі нагрэць на ноч пакойчык. За акном злосна скавытаў марозны вецер. Я баялася ветру; калі ён вось так пачынаў галасіць i ляпаць бляхай на суседнім даху, у нас рабілася вельмі холадна, а печка пачынала дыміць, дым еў вочы i раздзіраў грудзі, кашаль аддаваўся болем ва ўсім целе.
Дзядзька нядобра пастукаў у дзверы — загрукаў не як жаданы госць, а як узлаваны сусед. Маці адчыніла i, убачыўшы брата, не кінулася да яго — адступіла i няўцямна глядзела, як на чужога прышэльца. Мы з Васем глядзелі гэтак жа моўчкі, не разумеючы, што адбылося. Дзядзька быў з пустымі рукамі, з адной маленькая торбачкай.
Нейкі момант я чакала, што нехта іншы, як добры казачны чарадзей, з-за дзядзькавай спіны ўкіне ў пакой той мяшок, які сніла я, бачыла ў яве кожны раз, калі думала пра хлеб.
Дзядзька агледзеў наш бедны пакойчык, «буржуйку», якая такі дыміла — дровы, як на бяду, не разгараліся, кінуў позірк на мяне, захутаную, пасінелую ад голаду i холаду, i раптам сарваў з галавы кудлатую авечую шапку, выцер ёй вочы i шыбнуў на падлогу. Прахрыпеў:
— Няма хлеба. Няма. Адабралі. Заграднікі. Прасіў. Маліў. Даведку з воласці паказваў, што свой хлеб, галодным пляменнікам вязу. Куды там! Слухаць не захацелі. Спекулянт, кажуць... Гадаўё! Зладзеі! Галадранцы! Усю Расею разарылі. Да голаду давялі... Каб вам есці — не наесціся ніколі гэтым хлебам!
Пакрыўджаны мужык — страшны ў гневе. За хлеб можа бога i бацьку роднага праклясці. Дзядзька так разышоўся, што лаяўся самымі брыдкімі словамі, не звяртаючы ўвагі на нас, малых.
Маці спачатку слухала, анямелая, ашаломленая, i галавой так ківала, быццам згаджалася i пацвярджала. А потым схамянулася i на дзядзьку закрычала:
— Ты чаго гэта пры дзецях размацюкаўся? Бога пабойся. За пуд хлеба людзей праклінаеш.
— Не пуд, а тры.
— Хіба ж яны, заграднікі, для сябе яго забралі?
— А для каго ж?
— Для бацькі ix,— паказала маці на нас,— каторы буржуяў б'е. Для рабочых галодных...
— Пабачу, як ты накорміш ix тым хлебам. Колькі яны табе дадуць яго...