Калі, трасучыся па карэннях, выбіраліся з лесу на шашу, я сказаў:
— Такі вадзіцель, як Міхал Міхалавіч, будзе везці нас гадзіны дзве.
— Дамчу за паўтары,— адгукнуўся Міхась.
— Але i гэтага, Піліп Рыгоравіч, даволі, каб паставіць хоць маленькую кропачку. Уявіце, каб я падсунуў чытачам няскончанае апавяданне. Што б яны падумалі пра аўтара?
Генерал засмяяўся.
— О, звяжыся з вашым братам — замучыце.
— Дарэчы, каб вы не чакалі нічога незвычайнага, скажу адразу, што ў тыя бурныя дні і месяцы, калі стары свет ляцеў пад адхон i ўсходзіла зара новай эры, я апынуўся як бы ў ціхім завулку, ва ўсялякім разе — не на магістральным шляху рэвалюцыі. Не ведаю, ці то як пакаранне за ўсё, што адбылося ў батальёне, ці можа наадварот, за тыя заслугі, пра якія за хвіліну да смерці казаў Дакука, капітана Залонскага не кінулі з новым батальёнам на перадавук>, a паслалі ў тыл, у Смаленск, у школу, што паспешліва пякла для абяскроўленага фронту бязвусых прапаршчыкаў, якія гэтак жа хутка гінулі, як хутка рабіліся афіцэрамі.
Мяне капітан не пакінуў — зручная ўласнасць. Але я помніў словы нябожчыка Дакукі i не меў больш да свайго дабрадзея тых пачуццяў, якія меў раней. Аднак пасля гібелі людзей, ля якіх грэлася сэрца ў палку, адчуў я сябе адзінокім i нікому непатрэбным. Таму нават усцешыўся, што Залонскі не забыўся на мяне. Звычайна ў тыл ехалі весела; ён ехаў сумны, маўклівы. Не так, як на пабыўку дадому. У дарозе прыгразіў мне i адначасна нібыта прылашчыў. Сказаў, што, ведаючы пра маё сяброўства з Галадушкам, не можа паверыць, што я нічога не чуў, не бачыў, не здагадваўся; i каб я паслухаўся яго, камандзіравай, парады i расказваў яму пра салдацкія размовы i змовы, то напэўна б такой бяды не здарылася. Ен усё ўладзіў бы, нікога не пакрыўдзіўшы. Хіба ён даваў у крыўду салдата?
Залонскі ўмеў гаварыць пераканаўча, прачула, шчыра. Я стаяў перад ім у тамбуры вагона, апусціўшы вочы, i вусны мае дрыжалі. Да слёз было шкада Івана Свірыдавіча, Кузняцова, Дакукі. I сябе стала шкада. I нават яго, камандзіра. Каб ён не з такім ціхім болем гаварыў, а са злосцю, каб лаяўся, крычаў, то ў адказ, напэўна, i ў мяне ўспыхнула б злосць, пратэст. А ён — як добры настаяцель маладому манаху:
— Вось так, брат Піліп. Калі людзі пачынаюць траціць хрысціянскую веру адзін у аднаго, то дабра ад гэтага не бывае, адна злосць i смерць. Нельга ісці супроць закону, супроць бога i цара. Сацыялісты хочуць разбурыць тое, што створана воляй божай. Сацыялісты хочуць паражэння Расіі ў вайне. У свае авантуры яны ўцягваюць нявінных людзей. Я ўвесь час баяўся за цябе. Каб хто сказаў пра тваю дружбу з імі, то пасля такой гісторыі не паглядзелі б на тваё непаўналецце i на крыж Георгіеўскі. Засудзілі б. I на мяне цень упаў бы. Хоць я i так без віны вінаваты. I пакараны. Я не скарджуся, але мне баліць, што ў той час, калі я праяўляў хрысціянскую дабрату, Галадушка i яго сябры капалі магілу. Сабе. Мне. I табе. Падумай, Жмянькоў, пра гэта. Калі хочаш стаць чалавекам. Я шчыра хачу памагчы табе знайсці месца ў жыцці.
Не раз абяцаў капітан, калі кончыцца вайна, памагчы мне вучыцца. Можа нават уладзіць у афіцэрскую школу. А не — то на ветэрынара ці фельчара.
Параду я прыняў — падумаць. Думаў многа i пакутліва. I — дзіўна — чым больш удумваўся ў афіцэрскія словы, тым менш верыў ім, чым часцей успамінаў словы людзей, якія за сваю праўду смерці не пабаяліся, лепш, глыбей разумеў сэнс тых слоў. А словы Залонскага, якія некалі здаваліся прыгожымі, блеклі i сціраліся.
У мяне хапала часу на роздум. У горадзе я апынуўся ў адзіноце. Асабліва ў першыя дні. Адчуваў сябе што ў лесе.
Афіцэрская школа — не баявы батальён. I хоць там вучыліся хлопцы ўсяго гады на два старэйшыя за мяне, пасябраваць з кім-небудзь з курсантаў было немагчыма. Ніхто з тых, хто бачыў сябе ў сне генералам, не мог спусціцца да сяброўства з дзеншчыком. Праўда, каб я жыў сярод ix, як на перадавой сярод салдат, то можа i знайшоўся б такі шчыры i непасрэдны юнак. Але ў школу я рэдка заглядаў, i толькі ўдзень, у час заняткаў.
Жыў Залонскі на прыватнай кватэры ў нейкіх старых збяднелых паноў, якія мелі немалы — пакояў на дванаццаць,— але струхлелы i запушчаны дом. Было абразліва хадзіць на рынак са старой васпаватай i сварлівай кухаркай. Спачатку здалося, што менавіта праз тое, што я цягаў кашы i кайстры за гэтай бабай, форма мая i нават крыжык не рабілі на людзей ніякага ўражання — з мяне часта кпілі. Але пасля пераканаўся, што i без кухаркі я карыстаўся такой жа «павагай». Мабыць, абрыдла людзям ваеншчына. Мяне таксама перастала вабіць i форма, i слава, i будучыня, якую абяцаў капітан. Спрабаваў я пасябраваць з салдатамі ca шпіталю, з рабочымі, але хлусіць не ўмеў, i новыя знаёмыя мае, даведаўшыся, хто я, далікатна ці бесцырымонна парывалі адносіны. A калі i страчаліся, то так — нібы для забаўкі з «малым салдатам», i на сур'ёзныя размовы не ішлі.
Тады я амаль узненавідзеў вайсковую форму, якой яшчэ нядаўна ганарыўся, i пачаў часта думаць пра дэзерцірства. Больш не стрымлівала салдацкая салідарнасць, бо не было побач людзей, якія штодня ішлі на смерць. Як ніколі, заныла сэрца па дамоўцы, па маці, малых, дзядзьку Ціхану. Нават у першыя дні пасля пераходу лініі фронту так не ныла. Штоночы сніў ix. I тое паўгалоднае жыццё з цяжкай сялянскай працай на полі, у гумне здавалася раем. Але каб я мог вярнуцца ў тое жыццё! Да зямлі, да сахі, да каня. Хацеў было папрасіць капітана адаслаць мяне ў маёнтак, дзе ёсць добрыя ўкраінскія хлопцы i дзе ўвогуле людзі больш шчырыя, чым тут, у горадзе. Не адважыўся — каб не выдаць свае думкі, бо Залонскі чалавек праніклівы, здагадлівы.
Намер мой уцячы зрабіўся такі моцны, што я начаў збіраць капейкі i набываць цывільнае адзенне. Але куды пайсці? Стаяла халодная i галодная зіма. Горад палохаў сваёй адчужанасцю, непрыветнасцю, варожасцю. На рынку страчаў я беспрытульных, сірот, і, здавалася, ніводзін чалавек ix не шкадуе, не спагадае гэтым няшчасным. Зрэдку салдаты давалі каму-небудзь з ix капейку. Некаторыя беспрытульныя кралі. Такога жыцця я баяўся. Таму вырашыў пачакаць вясны i тады ўцячы ў вёску, наняцца ў батракі да заможнага гаспадара ці да салдаткі; у вёсцы рабочых рук не хапала — вайна забрала людзей, пра гэта я чуў i ў акопах, i тут, у горадзе,— на рынку скардзіліся сяляне.
Але перш, чым надышла вясна ў прыродзе, вясну ў жыцці зрабілі людзі. У лютаўскі дзень, не марозны, але i не адліжны, рабочы люд Смаленска выйшаў на вуліцы з чырвонымі сцягамі, з транспарантамі. Я пачуў, што скінулі цара, i, захоплены хваляй агульнай радасці i ўзрушанасці, цэлы дзень хадзіў па горадзе з дэманстрантамі, бачыў, як арыштавалі паліцмайстра, як адчынілі жалезную браму турмы, i на волю ca слязьмі i крыкамі выйшлі асуджаныя. Упершыню горад не здаўся мне чужым, варожым. Горад стаў добры, прытульны, мяне адразу^ як свайго, прынялі ў калону. Толькі рабочы пашкадаваў, што я «салдат без вінтоўкі». Я таксама пашкадаваў, што не захапіў трафейны рэвальвер. Каб меў рэвальвер, то напэўна апынуўся б сярод тых, хто вёў паліцмайстра i другіх паліцэйскіх чыноў да турмы.
Вярнуўся я на кватэру позна ўвечары, змораны i галодны. Залонскі сустрэў сурова-насцярожана:
— Дзе ты быў, Жмянькоў?
— Дык цара ж скінулі! — адказаў я, упэўнены, што ў такі дзень такой падзеяй можна вытлумачыць усё.
— Ты радуешся?! — відаць, Залонскага страшэнна ўразіла, што так лёгка, за адзін дзень, з маёй галавы выветрылася ўсё, што ён, разумны, адукаваны афіцэр, убіваў у яе больш за год. Два ці тры разы перапытаў ён гэтае «Ты радуешся?» — i ажно з твару змяніўся, ажно вусны задрыжалі, здалося — вось-вось заплача.
— Дык увесь жа народ радуецца! — адказаў я, пачынаючы з жалем разумець, што капітан не з народам, што ён спалоханы i разгублены. У гасцінай былі гаспадары дома. Пані стаяла перад абразамі i малілася. Стары пан, глухаваты, таму заўсёды крыклівы, хадзіў вакол стала, каля якога сядзеў кватарант, i лаяўся:
— Дурань ён, Мікалашка ваш! Такога ёлупа, што быў пад пятой у немкі ды ў басяка Распуціна, даўно трэба было гнаць у шыю з прастолу. Які гэта цар? Я вам даўно казаў...
Магчыма, Залонскі не хацеў, каб гаспадар паўтарыў пры мне, што ён «даўно казаў», бо, скрывіўшыся, амаль злосна папрасіў:
— Памаўчыце, калі ласка!
Ці можа яму абрыдла размова з глухім старым, як.і, нікога не слухаючы, бясконца крычаў. Залонскі звярнуўся да мяне сур'ёзна i разважліва:
— Народ радуецца? Не, Жмянькоў, гэта не народ. Maca, якая выйшла з-пад улады, узбунтавалася, — не народ. Гэта цёмная, сляпая сіла. I радасць яе кароткая. Хто яе вядзе? Хто ёй кіруе? Непісьменныя, безадказныя людзі. Я люблю народ, Жмяыькоў. Але не люблю стыхіі. Ты помніш, што выйшла, калі батальён, полк адмовіўся слухацца камандзіраў? Так будзе i тут. Рэкалюцыі не так робяцца... у культурных краінах. У Францыі, напрыклад...
— У Францыі каралю адсеклі галаву,— сказаў гаспадар, каб не згадзіцца з кватарантам, i зноў закрычаў: — Калі Мікалашку адсякуць галаву — я не пашкадую. Распусціў чэрнь — няхай пажне, што пасеяў.
— О, божа літасцівы, даруй яму, неразумнаму, — застагнала гаспадыня.