Багдан Арцёмавіч зацікавіўся мною, доўга распытваў, адкуль я, хто бацькі i як трапіў да войска. Пра маладога Залонскага сказаў:
— Калі гімназістам быў, то часта заглядаў у гэтую хаціну. Любіў паслухаць старога, Багдана. Афіцэрам стаў — заганарыўся ці баіцца...
Мне зрабілася трохі крыўдна за капітана: не падобны ён на ганарыстага чалавека, i не баязлівец. Я сказаў, што Усевалад Аляксандравіч добры, салдат не крыўдзіць. Усміхнуўся стары:
— Залонскія ўсе добрыя, народнЫ. Дзед ix першы вызваліў нас ад паншчыны. Але каму ад гэтага лепш стала? Во пра што я многа думаў.
Пагаварыўшы, Багдан Арцёмавіч начапіў акуляры на матузку i пад паветкай, пры святле ліхтара «лятучая мыш», пачаў чытаць нам вершы. Мяне спачатку здзівіла: такі стары, a забаўляецца вершамі, як прапаршчык Дакука.
Багдан Арцёмавіч трымаў кніжку, але чытаў па памяці — сапраўды, як Дакука. Толькі вершы былі іншыя. Упершыню я пачуў Кабзара. Ды не, не ўпершыню. Чуў на фронце, як салдаты спявалі «Рэвэ та стогнэ Дніпр шырокі». А там, пад паветкай, у чэрвеньскую ноч, калі з гародаў пахла каноплямі i укропам, даведаўся я, што песню гэтую напісаў Тарас Шаўчэнка. Нібы добрым плугам прааралі глыбокія барозны ў маёй гарачай галаве словы нязвыклай, але зразумелай мовы.
Моцна ўразілі гэтыя вершы. Вунь, выходзіць, як вучоныя, пісьменныя людзі пісалі пра сялян i паноў! Ды калі! Калі i дзеда майго, нябожчыка, яшчэ, напэўна, на свеце не было. А мы сядзелі ў вёсцы i нічога не чулі — цёмныя людзі!
Не ведаю, што дайшло да старога пана: ці тое, як я расказваю пра подзвігі яго сына, ці тое, што я наведваюся да Багдана Арцёмавіча, слухаю Кабзара. Ці можа пан захацеў паказаць мяне людзям — во, маўляў, якія ваююць! — ці адарваць ад кампаніі крамольнага праўдалюба? Але нечакана стары Залонскі праявіў да сынавага дзеншчыка ўвагу, якую не праяўляў усе два тыдні майго жыцця ў маёнтку. Узяў з сабой у паездку на далёкія сенажаці, кіламетраў за трыццаць, у пойму вялікай ракі. Ехалі ў той рысорнай двухколцы, сядзелі побач; спачатку пан сам кіраваў канём, пасля я. Гаварыў пан са мной як з роўным. Расказваў пра землі, пра ўраджай, пра сваю службу ў войску. На нейкі час ён заварожваў мяне, абуджаў гонар i самалюбства. Але раптам, нібы ззаду, услед нам, пачынаў гучаць голас Багдана Арцёмавіча:
А я бачыў ліха i ў сябе дома i тут. Бачыў вайну. Успамінаў, як хлопцы казалі, што пан i нават прыстаў баяцца старога самавука: думаў, што я магу зрабіцца такім, як ён, i адчуваў сваю перавагу над панам, усё менш i менш бянтэжыўся ад такога суседства ў двухколцы, усё больш хлусіў, калі пан пра нешта пытаў, але хлусіў не дзеля карыслівасці, не ад жадання паказаць сябе, a плёў лухту проста так — на злосць, блазнуючы. Разумны i хітры пан, безумоўна, здагадваўся, што я «заліваю», але чамусьці не выкрываў мяне, наадварот — заахвочваў.
Залонскі скардзіўся, што не хапае людзей, а таму давялося пачаць сенакос раней, чым трэба; трава магла б яшчэ расці, але пазней, калі сяляне пачнуць сваё сена парадкаваць, цяжка будзе наняць касцоў. Шкадаваў, што няма дагэтуль закону, які прымусіў бы кожнага працаваць на панскім полі, бо з поля гэтага ўсё прадаецца войску — сена, авёс, пшаніца. Пасля ўжо я дапяў, як хітра пан забіваў у маю галаву, як цвік, думку, што калі б не было маёнткаў ды іншых добрых гаспадарак, то армія даўно асталася б без хлеба i фуражу. А без хлеба доўга не паваюеш — гэта я добра ведаў.
З высокай кручы мы з панам доўга любаваліся зялёным морам сенажацяў, якія разразала стужка ракі, i касцамі. Ix было чалавек дваццаць,. усе ў белым; ішлі яны адзін за адным, як гусіны вырай. Касцамі нельга было не любавацца — у нас я не бачыў, каб так касілі, бо прастораў такіх не было: на балотах ды хмызняках дваццаць чалавек адзін за адным, наступаючы на пяты, не пойдуць.
A пад'ехалі мы да касцоў, кінулі яны працу, бязладна стоўпіўшыся, — i ўбачыў я старых змарнелых людзей, з бруднымі пацёкамі поту на маршчыністых тварах, у мокрых ад поту сарочках. Ніводнага маладога. На вясёлае панскае прывітанне адказалі нявесела, не ўсе нават знялі з сівых i лысых галоў старыя, як самі яны, саламяныя капелюшы.
Пан пахваліў ix за зробленую працу, i тут жа папрасіў больш сабраць баб ды дзяцей, каб зграбаць сена, пакуль пагода трымаецца. Паабяцаў: на вячэру ставіць піва, гарэлкі i барана ў кацёл. Адзін стары падзякаваў за ўсіх. A другі спытаў:
— Можа, паночку, сынок вам казаў, калі ж гэтая праклятая вайна кончыцца? Ім там відней, на фронце.
Мне здалося, што хітры, вясёлы i знаходлівы пан разгубіўся — не чакаў, пэўна, ад дзядоў такога пытання, ды яшчэ так раптоўна — адразу пры сустрэчы.
— Паб'ём немца — i вайне канец. А немец ужо не той. Вытхнуўся. Сын мой з першага дня на фронце i бачыў ix, немцаў, у пачатку i цяпер. А у нашых слаўных арлоў баявы дух мацнее. Во, гляньце на гэтага хлопца! Яму пятнаццаць гадоў, а ён сам, добраахвотна прыйшоў у нашу армію,— i пан звярнуўся да мяне, упершыню па-руску: — А ну, рядовой Жменьков, расскажи честному народу, как вы бьете вильгельмовских вояк.
Не чакаў я, што так павернецца, i захлынуўся ад хвалявання i страху. Што расказаць? Як? Стаяў перад касцамі на санцапёку, глядзеў у ix змарнелыя, худыя барадатыя i безбародыя твары і... лыпаў вачамі, як ягнятка бясслоўнае. Ды раптам словы прарвалі перашкоду, як вада грэблю, i хлынуў паток... Я адразу пачаў з таго подзвігу, якому не верыў сам, не верылі салдаты i нават афіцэры, хоць пра яго пісалі ў газеце. Капітан Залонскі i я, вяртаючыся ca штаба, наскочылі на нямецкі раз'езд, нас двое, ix... не дзевяць ужо, дванаццаць...
Хлопцам я расказваў легенду ад юнацкага жадання паказаць сябе: во які я герой! А тут пачаў верзці гэтую лухту на злосць пану, пратэстуючы: раскажу, маўляў, самае неверагоднае, няхай падумаюць, што я хлус, але зразумеюць, што i ўсё іншае, што расказваюць ім пра вайну, таксама хлусня.
Пасылка, як кажуць логікі, была хоць i несвядомая, але правільная: хочаш выкрыць нешта — давядзі да абсурднага перабольшання. Але каб дамагчыся гэтага, трэба мець большы вопыт, дасціпнасць, спакой. (Вось цяпер бы я расказаў пра той «подзвіг» так, што мяне зразумелі б правільна i старыя i малыя.) А тады я занадта хваляваўся, чырванеў, пыкаў-мыкаў, i маё хваляванне надало неверагоднай гісторыі праўдзівасць. Дзяды паверылі, слухалі сур'ёзна, уважліва.
Пан Залонскі спачатку вельмі здзівіўся — у яго, як кажуць, вочы на лоб палезлі; ён адзін зразумеў, што ўсё хлусня, i спалохаўся, што я магу выставіць ягонага сына ў недарэчным, смешным становішчы. А пасля пан паспакайнеў i пачаў памагаць мне: дзе я казаў не паруску, a збіваўся на родную мову, ён тлумачыў па-ўкраінску i што-нішто нават дадаваў, пашыраў — маўляў, яму добра вядома пра гэты сынаў подзвіг.
Вось так, міжволі, я выступіў агітатарам за вайну да пераможнага канца i ўславіў свайго дабрадзея-капітана.
Брыдка i сорамна зрабілася, калі я пераканаўся, што старыя сяляне, кожны з якіх мог бы дзедам маім быць, паверылі мне. Пан пахваліў пры ix:
— Малайчына, Піліп! Не дарэмна табе Георгія далі.
А мне хацелася крыкнуць: «Не верце! Усё я нахлусіў! Усё — ад пачатку да канца!»
Але пан быў хітры, ён спытаў, ці ўмею я касіць. Касіць я ўмеў. Пан узяў косы ад двух самых старэйшых дзядоў, i мы з ім сталі ў рад, прайшлі два доўгія пакосы. Хоць каса была нязвыклая — ручка інакш насаджана, чым у нас, я не адстаў ад старых касцоў, больш таго — «падразаў» пану пяты. Ён зноў пахваліў мяне, пахвалу падтрымалі касцы; яна была заслужаная, а таму прыемная. Аднак ўсё роўна цэлы дзень я саромеўся глянуць у вочы касцам.
Вярнуўшыся з сенажаці, мы пачалі зборы да ад*езду на фронт; мяне загружалі рознымі даручэннямі, i ўсё больш у вячэрні час, таму я ніяк не мог выбрацца ў вёску, каб сустрэцца з хлопцамі. А я цвёрда вырашыў на развітанне сказаць ім усю праўду.
Раней, чым я сам здолеў пайсці да новых сяброў, у маёнтак заглянуў Грыцук i сказаў, што Багдан Арцёмавіч хоча пабачыць мяне. Узрадаваўся я, што патрэбны такому чалавеку!
Як змоўшчыкі, выйшлі мы праз панскі сад у поле i па разорах, робячы немалы круг, хаваючыся ў высокай ужо зялёнай пшаніцы, рушылі да сялянскіх агародаў. Там жа, у полі, я прызнаўся Грыцуку:
— Як мы з капітанам немцаў пасеклі шаблямі ды ў палон узялі — то гэта ўсё няпраўда, схлусІў я.
— А ты думаў — мы такі дурны, шчо відразу i павірылы? Hi.