— Тут прапанавалі больш жорстка патрабаваць з вучняў. Але жорсткасць заўсёды выклікае зацятае супраціўленне. Не прымушаць, a зацікавіць трэба дзіця. Каб кожны ўрок быў для яго радасцю адкрыцця нечага невядомага, новага, цікавага i светлага. Каб вучэнне было не пакутаю, а шчасцем.
— Па-мойму, замест прызнання сваіх недапрацовак, вы спрабуеце зваліць віну на некага i пачынаеце вопытным настаўнікам чытаць лекцыі па педагогіцы,— ускінулася на Веру завуч.
— Я думаю, Вера Рыгораўна вельмі правільна сказала. Зацікавіць дзяцей мы яшчэ не ўмеем, а яна ўмее,— спакойна i разважліва загаварыў Васіль Сцяпанавіч.— Я мяркую па нашых выхаванцах. Самыя непаслухмяныя цягнуцца да сваёй настаўніцы, слухаюцца i паважаюць. Толькі i чуеш: «Вера Рыгораўна сказала», «Вера Рыгораўна прасіла зрабіць»,— i спяшаюцца, каб не спазніцца на яе ўрок. А спектакль, які i мы з захапленнем глядзелі, хіба не заслуга Веры Рыгораўны? Вось тое выхаванне, якога не хапала ў нашай школе. I за двойкі на яе не крыўдзяцца. Ставіць яна ix ласкава, з вераю ў магчымасці вучня...
I тут усхапілася Наталля Іванаўна:
— Ну, пра ўсе «спектаклі» таварыш Кеменеў яшчэ не ведае. Не хацела гаварыць, але вымушана. Хто рабіў спектакль за спіною Барышавай, мы з вамі ведаем. I няма чаго ёй прыпісваць чужыя заслугі. Ды i рабілася гэта дзеля прыклёпу, каб зручней было сустракацца з гэтым... што некуды спешна выклікалі. Вось тут, у школе, у ix сапраўды былі «спектаклі». Калі на тое пайшло, раскажу. Тут усе свае...
— Наталля Іванаўна, не трэба выносіць плёткі,— перапыніў яе дырэктар.
— Плёткі-і-і? Гэта, па-вашаму, плёткі? Калі б сама не бачыла, не гаварыла б. I мая Жэнька ў артысткі падалася. Чакаю: 10 гадзін — няма, палова адзінаццатай — няма. Дай, думаю, схаджу паглядзець, дзе там яна. Дайшла да рогу, аж чую — ідуць, сакочуць. У адным класе святло гарыць. Пытаюся: «Чаму так позна?» — «Рэпеціравалі»,— адказваюць хорам. Я ix адправша, а сама падышла да варот. Стаю, чакаю. Агонь патух, а са школы ніхто не выходзіць. З паўгадзіны памерзла — нікога. Што ж, вы думаеце, яны ўпоцемках у даміно ці ў шахматы гулялі? I так кожны вечар. Я не раз бачыла, як яны каля Трахімішынай брамкі пакалываюцца i ў хату знікаюць. A ўжо апошнім часам i не хаваліся. Да раніцы гэты майстра на ўсе рукі прападаў у вашай хвалёнай настаўніцы. А пачалося гэта там, у хатцы на семнаццатым кіламетры, калі ўдваіх начавалі. Вось вам прыклад дзецям, вось вам маральнае аблічча i прынцыповасць камсамолкі Барышавай.
Усе прыціхлі, як аглушаныя. Кожны крадком пазіраў на скамянелую Веру Рыгораўну. Шчокі яе палалі, як у ліхаманцы, невідушчыя ад слёз вочы ўтаропіліся ў Наталлю Іванаўну. Усе маўчалі.
— Да-а, дзялы! — выдыхнула Варвара Іванаўна.— Можа, ты трохі i перахапіла, Наталля, але факт застаецца фактам. I факт непрыемны. Што скланяюць нас за нізкую паспяховаць, даўно прывыклі. А такога яшчэ не было.
— Дык i няма нічога такога,— ускочыла Марына Раманаўна.— Абвінавачванні Наталлі Іванаўны — толькі здагадкі, a фактаў няма...
— Чаго захацела! Фактаў. Не маленькая, сама ведаеш...
Старэйшыя настаўніцы заўсміхаліся. Хоць адносіны Веры з Аляксеем ні для кога не былі навіною, «па сакрэту» ix малолі па дарозе дадому, заходзячы адна да аднае, але ніхто не думаў выносіць ix на абмеркаванне. Ну — гуляюць, няхай гуляюць. А Наталля Іванаўна вунь як павярнула!
З канапы павольна ўстала Вера Рыгораўна. Усе заціхлі i павярнуліся да яе.
— Я дарослы чалавек i маю права на асабістае жыццё. Каго кахаць i каго ненавідзець, разбяруся сама, без абмеркавання на педсавеце. Усе абвінавачанні завуча — злосны паклёп хваравітай фантазіі. Здзіўляе i тое, адкуль у немаладой, вопытнай жанчыны столькі злосці i непрыязнасці. Гэта я адчула з першай сустрэчы з вамі, Наталля Іванаўна, але такога не чакала нават ад вас. Калі ў вас яшчэ ёсць сумленне... Цяпер, Анатоль Паўлавіч, дазвольце мне пайсці. Тут вельмі душна.
— Хвіліначку, Вера Рыгораўна,— падняўся ўзрушаны, расчырванелы дырэктар.— Тое, што сказала Наталля Хванаўна, яе асабістая справа, якая не мае нічога агульнага з адносінамі да вас калектыву, кіраўніцтва школы.
— А я што, прыйшла з вуліцы? — ускочыла Быкова.— Я не маю дачынення, па-вашаму, да кіраўніцтва? Хто адказвае за вучэбны працэс? Нізкая паспяховасць хіба не вынік бытавога разлажэння? Так што не вельмі абараняйце, Анатоль Паўлавіч.
Вера таропка накінула хустку, доўга не магла знайсці рукаў паліто i, нічога не сказаўшы, выскачыла з настаўніцкай. Марына Раманаўна папрасіла ў свайго дырэктара дазволу i пайшла следам за Вераю. На вуліцы волкі вецер гнаў i круціў лапушысты мокры снег. Марына ледзьве разгледзела Веру ў шэрай снежнай крутаверці. Дагнала, прасунула руку пад пашку:
— Верачка, супакойся, не трэба. Ну не плач...
XII.
З Беларускага вакзала на Брэст цягнік адыходзіў на змярканні. На пероне хлюпаў раскалочаны нагамі мокры снег, пашарэла зямля, было ветрана i золка, а сапраўдная зіма, звонкая i чыстая, засталася недзе там, за Уралам. Як гэта цяпер далека! А да родных мясцін усяго — адна ноч.
Аляксей з порцыяй марожанага на тоненькай лучынцы праціснуўся ў вагон. Адкусваў патрошку, але так i не ўспомніў, калі апошні раз яго каштаваў.
Праміналі гарады Падмаскоўя. На шэрым снезе, як прывіды, чарнелі руіны дамоў i заводаў, а замест вакзалаў стаялі вагончыкі або збітыя з дошак буданчыкі.
Аляксей амаль усю ноч прастаяў каля акна. Пад млявым святлом месяца чарнелі закураныя печы, абгарэлыя сцены, падбітыя, прыцярушаныя снегам танкi, перакуленыя ў кюветы, патрушчаныя вагоны. «А колькі пад гэтымі хвойкамі адзінокіх i брацкіх магіл, колькі крыві i слёз пад гэтым счарнелым снегам?» У горле перакочваўся тугі камяк, да болю сціскаліся сківіцы.
Ён чуў, як праязджалі Смаленск, ушчэнт разбітую Оршу. Мільгалі коміны на папялішчах колішніх вёсак.
Раніцаю яшчэ здалёк Аляксей пазнаў Мінск па шыракаплечым гмаху Дома ўрада, i на сэрцы зрабілася радасна i трывожна. Што яго чакае тут? Скрозь pyiны. Абапал дарогі — патрушчныя нямецкія танкі, перакуленыя машыны, вагоны бронецягнікоў, сям-там бялеюць свежымі дошкамі баракі, курацца зямлянкі, з сутарэнняў разбітых дамоў тырчаць бляшаныя трубы. Ад вакзала амаль нічога не засталося. Слёзы засцілалі вочы.
З прывакзальнай плошчы ён убачыў закураныя карпусы. Абапал вуліцы ледзь ліпелі патрэсканыя сцены, пустыя каробкі дамоў, вецер на сценах шкуматаў паабрываныя шпалеры, на пакручаных жалезных бэльках паправісалі абгарэлыя маснічыны, на сцяне — рамка з абгарэлай карцінай.
Аляксей ледзь пазнаваў знаёмыя вуліцы i дамы. Чорнаю пашчаю зеўрала разбітае крыло галоўнага корпуса Універсітэцкага гарадка. Там была самая вялікая, 308-я аўдыторыя. Колькі разоў там Аляксей слухаў зводныя лекцыі, колькі было перагаворана i перадумана ў калідорах i чыталках, ад якіх i знаку не засталося.
Нібы на выпускным здымку, прамільгнулі абліччы аднакурснікаў i буйным планам — выкладчыкі: мілы Іван Іванавіч Замоцін заўсёды перасыпаў лекцыі дасціпнымі жартамі, запрашаў студэнтаў дадому, даваў рэдкія кнігі са сваёй вялікай бібліятэкі...
Паміж ацалелых усходцаў знаёмага ганка тырчалі пасохлыя сцябліны крапівы i палыну, у расчыненых дзвярах вестыбюля вецер круціў шматкі паперы.
Раптам Аляксей спыніўся. Немец! Сапраўдны немец, у брудна-зялёным шынялі i нацягнутай на вушы пілотцы вёз тачку з бітаю цэглаю. За разбуранаю сцяною дома гергеталі i білі ламамі замёрзлы друз палонныя.