— Ідзі, ідзі. Скажы пра гераізм рускага народа, пра яго перамогі, раскрый ідэйную сутнасць казкі.
У зале нецярпліва зашумелі i там-сям запляскалі.
Вера стала перад заслонаю, агледзела залу. У першым радзе сядзелі настаўнікі, старшыня сельсавета i ў святочным пінжаку з чырвоным бантам Андрэй Жураўлёў, а далей — бацькі i мацяркі яе вучняў. Уздоўж; сцен стаялі дзяўчаткі i хлопчыкі.
Вера памаўчала, пакуль сціхнуць, поглядам знайшла сваю мілую Трахімаўну і, нібы звяртаючыся да яе, загаварыла горача i натхнёна:
— Таварышы, мы святкуем Вялікі Кастрычнік, акрыленыя слаўнай перамогай савецкага народа над фашысцкай Германіяй. Нашы продкі білі захопнікаў на Чудскім возеры, пад Палтавай, грамілі напалеонаўскіх марадзёраў на Барадзінскім полі. Пра гераізм рускага народа складзена шмат песень, былін i казак. Адну з ix, пад назваю «Мікіта Кажамяка i Змей Гарыныч», зараз пакажа драматычны гурток нашай школы.
Зноў заспляскалі ў далоні. Вера, ўскочыла на сцэну i схапілася далонямі за расчырванелыя шчокі:
— Што я там нагаварыла, сама не помню.
— Ой, Вера Рыгораўна, як вы хораша гаварылі! — падбегла «царыца» — Ніна Груенка.
Вера ўсміхнулася, здзівіўшыся яе прыгажосці. Доўгае, пашытае з марлевых i цюлевых дзетдомаўскіх фіранак плацце, усыпаная люстранымі бліскаўкамі карона рабілі яе дарослай.
Аляксей паляпаў у далоні:
— Усе на месцы! Падрыхтаваліся! Заслона!
Яе рассунулі два дзетдомаўскія хлопчыкі. Пазакручваліся ў мультановыя полкі, толькі тырчалі хітрыя тварыкі ды паблісквалі вочы.
Зала загула ад нечаканасці. Усё на сцэне здавалася незвычайным. Асветленыя блакітным i чырвоным святлом дэкарацыі выглядалі як сапраўдныя. Калі з'яўляліся ў нябачаных дагэтуль уборах артысты, нават бацькі не адразу пазнавалі ix, i ў зале раз-пораз перапытвалі:
— А вой, а чыя ж гэта?
— Няўжо Ніна? А-я-яй! Ну, каралева!
— Паглянь, паглянь, ці не твой гэта?
Нават нехта ўскрыкнуў, калі на сцэну з бразгатам, бліскаючы вогненнымі вачамі, вылецеў змей.
— Адкуль жа гэта такое страхоцце? А божа ж мой! — чуліся галасы.
Гэта падбадзёрвала артыстаў, i яны стараліся, як толькі маглі.
Калі ў «цара» адляпілася барада, ён яе прыціснуў рукою i загаварыў як прыдушаны, па зале пракаціўся смех.
— Ціха вы! — прашыпела Наталля Іванаўна.
Вера старалася суфліраваць, але артысты апярэджвалі яе i часамі без запінкі. «Каб гэтак адказвалі ўрок!» — падумала яна i радавалася, што ўсё ідзе так добра, што ix уважліва слухаюць, глядзяць i шчодра апладзіруюць.
Калі Мікіта ў чырвонай кашулі i скураным фартуху, пазычаным у каваля дзядзькі Грышы, шырокім блішчастым мечам ссек змяіную галаву, пачуліся галасы з залы:
— Дабівай фашысцкага гада!
— Коля, Коля, а вунь другая лезе!
— Па кумпалу яго!
А змей круціўся, падаў i ўставаў, махаў кажановымі крыламі, над ім, як паходныя, як сцяг, палымнела чырвоная кашуля i маланкаю бліскаў меч. Артыстаў заглушалі шум i выкрыкі ў зале. Веры, як на ўроку, хацелася крыкнуць: «Таварышы, цішэй!» — але, зразумеўшы, што старыя i малыя жывуць падзеямі на сцэне, усе ўдзельнічаюць у спектаклі, супакоілася.
Калі апошні раз закрылася заслона, воплескам i крыкам: «Малайцы!», «Пакажыце яшчэ!», «А хто змей?» — не было канца.
Артысты скакалі ад шчасця, гатовыя паўтарыць усё спачатку. Вера сказала, каб выйшлі на край сцэны i пакланіліся. Выходзілі некалькі разоў, Маленькі канапаты Міша Пшанічны кожны раз цягнуў доўгае, шэра-зялёнае тулава змея, усміхаўся сваёй маці, а хлапчукі, што сядзелі проста на падлозе, крычалі:
— Мі-і-ша, пакажы другую галаву!