— Ці-ха! — зычна крыкнула Наталля Іванаўна.— Першая змена, разбярыцеся па класах i разам з настаўніцамі ідзіце займацца. Толькі арганізавана i ціха. Старэйшыя класы прыходзяць у гадзіну дня. Званок у гадзіну трыццаць.
Дзеці замітусіліся. Аднакласнікі пачалі клікаць адзін аднаго, настаўніцы падштурхоўвалі ix i ставілі парамі.
Вера сышла з ганка i стала ўбок. Яе адразу абступіў натоўп дзяўчатак у аднолькавых карычневых сукеначках, у хлапчуковых чаравіках, з аднолькавымі банцікамі ў косках. Гаваркія i несарамлівыя, яны з ног да галавы разглядалі настаўніцу з непрытоенай цікаўнасцю, заўважалі кожную драбніцу ў яе адзенні i засыпалі пытаннямі: «Вы нас вучыць будзеце?», «Па якім прадмеце?», «А як вас завуць?», «Адкуль вы прыехалі?» Вера адразу здагадалася, што гэта выхаванкі дзіцячага дома i ўсе пераросткі. У ix постацях i тварах праступала дзявочая прывабнасць, i трымаліся яны падкрэслена незалежна i смела. Падбегла i стала за дзяўчынкамі некалькі хлапчукоў, астрыжаных машынкаю, бо галоўкі вясковых дзяцей былі ў «драбінках» ад нажніц.
— У Маскве вы былі?— запытаў чарнавокі расчырванелы ад беганіны хлапчук.
— А Крэмль бачылі?— запытала кірпаценькая прыгожая дзяўчынка.
— Месяц назад была ў Маскве i бачыла Крэмль. Я жыла i вучылася недалёка ад сталіцы.
— Вера Рыгораўна, раскажыце, раскажыце,— падскокваючы на месцы, прасілі дзетдомаўскія дзяўчынкі.
— Мілыя дзяўчаткі, яшчэ раскажу вам пра Маекву, i пра Крэмль, i пра Волгу. Год толькі пачынаецца, i мы з вамі нагаворымся пра ўсё, можа, i паспрачаемся, але давайце дамовімся ніколі не сварыцца i не крыўдзіць адно аднаго. А цяпер ідзіце дадому, i я пайду рыхтавацца да заняткаў.
Гурт дзяўчатак праводзіў Веру Рыгораўну да вуліцы. Калі яна павярнула налева, спыніліся, памахалі ёй услед i пабеглі зноў на школьны двор.
А Вера ніяк не магла зразумець, чаму яе палохалі вучнямі з дзіцячага дома, чаму гэтых смелых, гаваркіх i цікаўных дзяцей пабойваліся вопытныя настаўніцы. Яна хвалявалася, як пройдзе першы дзень. Страціш кантакт з класам, не зацікавіш вучняў, пакажаш слабасць перад свавольнікам — i, лічы, пра пала ўсё. Дысцыпліна -— гэта павага да настаўніка. А каб цябе паважалі, трэба быць аднолькаваю да ўсіх, справядліваю i цярпліваю, добраю i неадступнаю ў сваіх прынцыпах i патрабаваннях. Вера ўспамінала парады інстытуцкага выкладчыка педагогікі. Яго паважалі i лгобілі ўсе, яму зайздросцілі калегі, а ён з кожным быў натуральны i шчыры. У яго сорамна было праваліць экзамен або залік, таму i вучылі, таму i здавалі, хоць i «ганяў» ён бязлітасна. Як няпроста быць натуральным i шчырым!
«Ці змагу хоць трошачкі быць падобнай на яго?» — думала Вера, ідучы ў свой пусты i не вельмі ўтульны пакой. I адразу адчула сябе вельмі адзінокай. Калі б нехта блізкі падтрымаў добрым словам, развеяў сумненні — здаецца, смялей i цвярдзей пераетупіла б парог класа, i сэрца не білася б так часта, i рукі не дрыжалі б, як дрыжаць цяпер, хоць да першага ўрока яшчэ застаецца некалькі гадзін. О, каб побач была мама, добрая i ласкавая, што мала гаворыць, a ўсё разумев, што ўмее адным словам суцешыць, падтрымаць! Дзе яна цяпер, што робіць? Няйначай, думае пра яе. Глядзіць, як бягуць па пасёлку першакласнікі з букецікамі кветак, i думае пра сваю дачушку, што паехала за свет у далёкую невядомую Сібір. Але мама далека, мама не скажа нічога.
Зноў успомніўся Аляксей... Іванавіч. Ён мог бы сказаць добрае слова, падтрымаць, суцешыць, нарэшце, падзяліцца сваім, хоць невялікім, вопытам. Вера ўбачыла яго такім, як пры першай сустрэчы, далікатным, уважлівым i натуральным. Яна ні ў адной яго інтанацыі не пачула фальшу, ён не стараўся здавацца лепшым, разумнейшым i цікавейшым, чым ёсць.
«Чаму я думаю пра яго? Чаму, падыходзячы да школы, хвалююся, спадзеючыся сустрэць, i шкадую, калі не пабачу хоць здалёк? Няўжо закахалася? Што я, здурнела?! Не-е, вядома, ніякага кахання i быць не можа. Усё ад адзіноты, ад исадання, каб побач быў добры чалавек, якому можна адкрыць душу, які ўмее падтрымаць i суцешыць». Такім Веры здаваўся Аляксей.
Яна адганяла думкі пра яго i непрыкметна вярталася да ix зноў.
Дома не сядзелася, i Вера прыйшла ў школу задоўга да пачатку свайго ўрока. У апусцелай, пранізанай пабляклым асеннім сонцам настаўніцкай быў толькі дырэктар. Ён гартаў пашарпаны падручнік «Старажытнай гісторыі» i прыслухоўваўся да кожнага гуку ў класе за сцяной i на калідоры. Здавалася, ён нічога не прапускае ні зрокам, ні слыхам. Вера сцішана сядзела ў куточку канапы, гартала то граматыку, то хрэстаматыю i пазірала на доўгія, як коп'і, стрэлкі гадзінніка. Яны рухаліся хутчэй, чым хацелася, а званка яна чакала як самага страшнага i адказнага ў жыцці экзамену.
Часам здавалася, што яна нічога не ведае i не памятае, усё знямела i страціла лагічную сувязь. Аж гарачыня шуганула ў твар.
З-за стала выйшаў Анатоль Паўлавіч. Вочы добрыя, светлыя i разумныя.
— Хвалюецеся, Вера Рыгораўна? — усміхнуўся дырэктар i спыніўся насупраць яе.
— Хвалююся. Вельмі. Здаецца, усё выскачыла з галавы. Баюся разгубіцца на першым уроку. Заўважаць дзеці няўпэўненасць — і, лічы, усё прапала.
— Такое адчуваў, мабыць, кожны пачынаючы педагог. Я, памятаю, ад хвалявання замест «канвент» сказаў «канверт» i разгубіўся яшчэ больш,— засмяяўся Анатоль Паўлавіч.— А вы лепш не думайце i не палохайце самі сябе.— Ён падышоў i сеў воддаль на канапе.— Умовы ў нас пакуль што вельмі цяжкія. Самі бачыце. А дзе яны лёгкія? Вайна. Хоць тут не рваліся бомбы, не палалі вёскі, не рушыліся гарады. Сібір усё аддавала фронту. Ведаеце, што тут елі людзі гэтыя чатыры гады? Бульбу i піканы. Піканаў вы не ведаеце? Растуць у тайзе такія салодкія дудкі, жанчыны ix прыносілі мяхамі. Дзеці хрумсталі сырыя, з піканаў варылі поліўку i рабілі густую кашу. A пшаніцу, мяса, масла аддавалі арміі. Калі хочаде, i дзеці працавалі на перамогу. Дзеці ў нас харошыя, сумленныя, працавітыя, хочуць усё ведаць. Вось мы i павінны даць ім радасць хоць маленькіх адкрыццяў, захапіць навізною ведаў, адагрэць душы ўвагаю i добрым словам.— Ён памаўчаў i паглядзеў на Веру яснымі вачамі.— На вас у мяне вялікая надзея, Вера Рыгораўна. Вучняў трэба захапіць, каб яны з радасцю беглі ў школу. Можа, арганізаваць нейкі цікавы гурток, праводзіць вечары, нават паспрабаваць паставіць п'есу?
— Якія ў вас гурткі працавалі раней?
Дырэктар махнуў рукою:
— Былі ўсялякія. Нават справаздачы пісаліся, а каб працавалі, нешта не помню.
Вера забылася пра сваю нядаўнюю трывогу i ўжо думала, як збярэ драматычны гурток, як будзе ставіць першы спектакль.
Зазвінеў званок. Вера замітусілася на месцы, пачала перакладаць кніжкі, але ранейшая боязь прытухла ўжо, не так калацілася сэрца, не палалі шчокі, не торгала ў скроні.
Наталля Іванаўна, нібы кап'ё, трымала пад пахаю доўгую ўказку i выцерты, з чарнільнымі разводамі глобус. Яна выкладала геаграфію, батаніку, заалогію. Апрача матэматыка, магла замяніць любога настаўніка.
Уваходзілі настаўніцы, узрушаныя, клалі на стол сшыткі, падручнікі, кавалачкі цвёрдай шараватай крэйды: i яе не хапала ў першы пасляваениы год. Ix сустракаў Анатоль Паўлавіч пытаннямі: «Ці многа адсутнічае? Як паводзілі сябе пяцікласнікі?»
Адсутнічалі многія: пасвілі авечак i коней, веялі збожжа на таках, выбіралі бульбу, падмянялі матак на фермах. Да зімы кожнаму хапала больш пільнай работы, чым хадзіць у школу.
— Што рабіць з гэтым Тартынам, Анатоль Паўлавіч? Увесь урок нешта стругаў. Куча смецця пад партаю. Я ўжо яго не чапала, каб іншым не перашкаджаў,— абуралася чарнявая Соф'я Міхайлаўна.
— A ў мяне Коўган з Кармачовым пабіліся за пяро. Ледзьве разбараніла,— жалілася Аўдоцця Мітрафанаўна.