Творчы чалавек і рэчаіснасьць — асобная тонкая тэма. Што такое рэчаіснасьць, і ці сапраўды яна такая, як нам падаецца? Калі паэт N. не паверыў, што жыве першае жыцьцё, дык Зьміцер Бартосік ставіўся зь недаверам да кавалку рэчаіснасьці на памежным пераходзе Каменны Лог. Таму, пэўна, запаўняў мытную дэклярацыю па-расейску. “Як вам ня сорамна! Што ж вы, спадар Бартосік, запаўняеце па-расейску? — запытаўся малады мытнік, паглядзеўшы дэклярацыю. — А ці ня знойдзецца ў вас сьвежага нумару “НН”?”
Любіў Зьміцер Бартосік сваю “блакітна-крылую птушку” — лупаты “запарожац” са старымі савецкімі нумарамі чорнага колеру. “Чаго вы сьмяецеся? Я на ім ажно да Ніжняга і назад праехаў!” — абараняў Зьміцер свайго рэтра-сябра. І вось аднойчы прыехаў Бартосік на “зэпары” ў Вільню. Была зіма, было халодна. Зьміцер увечары выпіў, а зранку сядаць за руль было ці то ляніва, ці то няможна. Таму “блакіт-накрылую птушку” Зьміцер пакінуў на бясплатнай стаянцы, а да Менску паехаў цягніком… А вярнуўся ў Вільню Бартосік ужо вясной, калі зьявілася першая зеляніна. І знайшоў Бартосік свой “зэпар” на тым жа месцы, а таксама паліцэйскую квітанцыю з папярэджаньнем, што за несанкцыяванае кіданьне жалезнага лому пасярод места Вільні пагражае яму — уладальніку — штраф. Бартосік руку ў кіншэню сунуў, у адну, другую, трэцюю, а ключыкі — у Менску!
Хто б што зрабіў? Перад тым як чытаць далей, пракруціце ў галаве варыянты. Пракруцілі?
Дык вось, Бартосік напісаў на адваротным баку папярэджаньня прыблізна наступны тэкст: “Дзядзенькі паліцыянты, даруйце, калі ласачка, я забыўся на ключы, але ў наступны прыезд абавязкова забяру сваю машыну”. І забраў!
Літоўскія паліцыянты паверылі Бартосіку — не штрафавалі. А на шматпакутнай бацькаўшчыне лёс “запарожца” склаўся так. Аднойчы вялікая — у палову чалавечага росту — сасулька ляснулася проста на “зэпар”. Зьміцер дагэтуль шкадуе свайго лупатага сябра. Але давялося перасесьці на чырвонага колеру спартовую мадэль “аўдзі” 1981 году выпуску, зарэгістраваную ў Літве. Едзем з Бартосікам зь Вільні. А ўсе 140 км ад мяжы да Менску праз кожныя пяць кілямэтраў стаяць даішнікі. Што такое?! (Пазьней даведаліся, што чакаўся праезд САМОГА кудысьці на Гарадзеншчыну.) Колькі дзясяткаў міліцыянтаў мы пабачылі за час дарогі…
Амаль даехалі да рэдакцыі, якая тады была ля Цэнтральнага вакзалу, але нас такі спынілі. Рэч у тым, што гэта я параіў Бартосіку ехаць далей, калі даішнік махнуў жазлом: “Гэта пэўна суседу”. Міліцыянты даганялі нас паводле ўсіх правілаў — з сырэнай і віскатам тармазоў.
Колькі тады важыў мільён рублёў, дакладна ня памятаю. Можа, даляраў пяць. А на пяць даляраў тады можна было набыць, як цяпер на пятнаццаць. Міліцыянт глядзеў дакумэнты Бартосіка і ўсё болей моршчыўся: “Што за бардак: правы гомельскія, нумары літоўскія, прапіска менская!.. Плаціце мільён”. “Гэх, так многа!” — “Дзе працуеце?” Бартосік працягвае пасьведчаньне “Нашай Нівы”. “Што за газэта? Апазыцыйная? Лукашэнку ня любіце?” — “Ага”. — “Ну, тады давай пяцьсот тысячаў”.
Для барда і пісьменьніка Зьмітра Бартосіка беларушчына, як і для мяне і большасьці нашых сяброў, адкрылася як дзіва. Можа, таму, што Бартосік дакрануўся да дзіва ў сьвядомым узросьце, а можа, дзеля іншых прычынаў, але мне падаецца, што Бартосік ставіцца да праяваў беларушчыны не як да нормы, а менавіта як да цуду. Магчыма, таму аднойчы ён не паверыў сваім вушам.
У сакавіку 1999 году Кася Камоцкая запрасiла Зьмiтра Бартосiка выступiць разам зь ёю ў Наваградку. Мяне — проста за кумпанію, а Бартосіка і за кумпанію, і каб ён трохі пасьпяваў. Ідзем па Наваградку, а насустрач мясцовая цётка. Наблiжаецца да Бартосiка i пытаецца: “Хлопец, якая цяпер гадзiна?” Бартосiк ад нечаканасьцi адно выцiскае зь сябе: “Штоо?..” Цётка ў роспачы перакладае: “Сколька ўрэмя?!”
СЕМКІ
Аднойчы я запытаўся ў мастака Артура Клінава: якія сьвяты ты адзначаеш? Ён адказаў, што да каляндарных сьвятаў ставіцца спакойна. Адзначае толькі нейкія свае пэрсанальныя посьпехі і, адпаведна, выпівае ў часе адзначэньня. Вядома, Артур Клінаў, як і шмат хто зь беларускіх інтэлектуалаў, вельмі далёкі ад народу. А народ выпівае ў сьвяты (і ў выходныя). Неяк гарадзенскі эсэіст Алесь Чобат падлічыў колькасьць дзён, калі выпівае сярэднестатыстычны беларускі вясковец, які “ня п’е — толькі па сьвятах”. У Алеся Чобута лік зашкаліў за 200 дзён на год. Толькі суботы-нядзелі — ужо больш за сто дзён. Плюс агульнадзяржаўныя сьвяты, асноўныя рэлігійныя, плюс карапаратыўныя, плюс Дні нараджэньня бліжэйшых сваякоў, плюс братоў-сясьцёр-кумоў і г. д. А таксама незаплянаваныя нагоды кшталту вясельляў, хрысьцінаў, пахаваньняў. Да кожнага выпадку ёсьць свая традыцыя, свой рытуал, свая ВЕДА.
“З празьнічкам”, — віншуе мяне сусед па пад’езьдзе. І сапраўды, уздоўж вуліцы разьвешаныя сьцяжкі пагрозьлівага спалучэньня колераў: маціцовы, фіялетавы ды блякла-жоўты.
“Што ў іх зноў за сьвята?..” — “Чаму праспэкт перакрыты?” — “Дык сёньня ж Дзень гораду!” — “Ды не — Дзень незалежнасьці”. — “Мужчына, што вы гаварыце, якой незалежнасьці? Сіводня Дзень Рэспублікі!” Сьвята, адным словам. Дакладней, “празьнік”.
Віншаваньне “з празьнічкам” на сьвята Божага Нараджэньня можна пакінуць на сумленьні суседа. А вось вэрсію “з наступаюшчымі” я чуў і ў перакладзе — “з надыходзячымі”. У дзяцінстве я ня мог сьцяміць, які канкрэтна пэрыяд часу маюць на ўвазе дарослыя: месяц, год, стагодзьдзе? Цяпер ужо разумею: нашы людзі сьвяткуюць не адзін дзень і ня два. У некаторых сьвяткаваньне можа расьцягнуцца і на тыдзень, а ў іншых — на ўсё жыцьцё. І справа ня толькі ў пэрманэнтным ужываньні алькаголю. Гэта такі стан душы і цела — сьвяточны. Словам “сьвяточны” часьцяком называюць гастраномы, гатункі каўбасаў, цукерак і танных алькагольных напояў.
Калісьці я быў уражаны сучасным вясковым Купальлем. П’яныя хлопцы пускалі з гары сьмярдзючыя падпаленыя пратэктары ад трактара “Беларусь”. Сьвята ачышчэньня і яднаньня з прыродай паўстала як на фота-нэгатыве.
Дагэтуль застаецца загадкай — пра што мараць тыя беларусы, што выходзяць “у горад” на масавыя гуляньні?
Землякі-1. Празьнік
Аднойчы ў сьпёку пілі з калегамі піва ў цэнтры Менску. Літаральна пару дзён таму нашая беларуская гаворка натхніла аднаго дзядзьку са спакутаванымі вачыма папрасіць у нас 200 руб., якіх “не хапае на “бальшую”. Дзядзька старанна падбіраў літаратурныя беларускія словы.
Таму я не зьдзівіўся, калі такога ж неахайнага кшталту дзядзька павіншаваў нас “с празьнікам”. Я меркаваў, што далей будзе просьба. Але папярэдзіў падзею пытаньнем: “А што за празьнік ізноў?”
—Как какой? — чынна перапытаў дзядзька, на шыі ў якога вісеў крыж. — День Независимости.
— Дык ён жа быў тры дні таму!
—А я по старому стилю считаю. По старому — продолжается, — дзядзька адказаў паважна, нічога не папрасіў і прасьледаваў у сваім кірунку.
P. S. Яшчэ адна форма — віншаваньне “з прашэдшымі” — толькі на першы погляд можа падацца абсурднай. Ну, сапраўды, як можна віншаваць чалавека зь мінулымі Днямі нараджэньня, мінулымі Новымі гадамі ці Днямі Волі?! Але калі ўлічыць, што мы існуем у цыклічным часе, то, верагодна, самы першы ў гісторыі Новы год абавязкова сутыкнецца з самым апошнім.
І ўсё пачнецца нанова.
Землякі-2. Інтэлігенцыя ў горадзе
Людзі інтэлігентныя выпіваюць без усялякага календара — праз штуршок творчага памкненьня. Сустракаю ля “Цэнтральнага” паддатага знаёмца. Заходзім у “Сьвітанак” (установа, вядомая ў народзе як “памыйка”), знаёмец пачынае расказваць нейкую захапляльную для яго гісторыю. Сьпіч на палову складаецца з мату. У “Сьвітанку” вядома якая публіка тусуецца, не вучаніцы Коласаўскага ліцэю, людзі прасьцейшыя. Публіка ўсё выпівае, усё гучней гамоніць, а мой знаёмец свой гук усё ўзмацняе ды ўзмацняе. Хтосьці з прысутных не вытрымлівае й робіць заўвагу наконт мату. На што знаёмец патасна адказвае:
— Інтэлігенцыі можна!
Землякі-3. Пра менскіх
У адной загранічнай стране хтосьці Х. рыхтаваў важны тэкст. На кухні засядала кумпанія, якая налівала з пляшкі і распавядала ў тым ліку фрашкі. У той час Х. разрываўся паміж куняй і кампутарам з тэлефонам, бо яму трэба было гутарыць зь менскімі інтэлектуаламі. Х., жывучы ў той недалёкай заграніцы, палюбляў паўжартам дыстанцыявацца ад менскіх, хоць і нарадзіўся, і вырас менавіта ў гэтым горадзе: “Ну, вы, менскія, блін, даёце!”, “Во, блін, менскіх панаехала…” Вось і тым разам пасьля эннага вяртаньня на кухню Х. прамовіў у тым сэнсе, што “менскія, блін, даюць”.
— Яны там усе п’яныя, — сказаў Х. і кульнуў. — Званю М. — п’яны, званю А. — заплятык…