— «Верую» і пацеры божай мацеры перад кожнай ядой і перад сном кожным карысно... Толькі думаць пра што іншае тады не трэ ўжэ, бо ўсё дарэмно будзе!..
— Буду гаварыць!.. Бу-уду, айцец святы!.. Усе ночы на каленях выстойваць буду, калі гасподзь тваімі вуснамі так мне наказвае, усё зраблю!
Трымаючы сына за рукі, бацька са сваякамі вялі высокага юнака. Прышчаваты хлапец з усяе сілы ўпіраўся, набычана круціў галавой і раз-пораз выбухаў дзяціным, легкадумным смехам, бытта ззаду яго казыталі.
— Пятрук! Петручок! Не брыка-айса так, гэты дзядзько цукерачак табе дасць!— угаворвала яго маці.
— А оты не пайду-у!..
— Ідзі, ідзі-і ж, слухайса!
— Не!.. Ыэ!.. Гэ-э!..
Альяш яшчэ здалёк разгадаў хворага.
Дзядзька ўзяў у Хімкі з падноса медны крыж, і на вачах соцень пілігрымаў мелася адбыцца яшчэ адна магічная сцэна выздараўлення.
Стары з сілай апусціў плашмя цяжкі крыж на галаву хворага ды грозна закрычаў:
— Выйдзі, сатана!
Людзі стрымалі дыханне.
Вар'ят жахліва тузануўся назад, але бацька са сваякамі яго не пускалі.
У напружанай цішыні дзядзька Клімовіч пракрычаў цяпер мацней:
— Выйдзі, табе кажу, сатана!
— Га!.. Га!..— выдыхаў паветра хлапец цяпер са страхам, нібы яго штурхалі ў кіпяток, і ён з апошняй сілы трымаўся, каб туды не зваліцца. Вочы вар'ята бегалі, як у зацкаванага ката.
— А вы не ў ціятры папрыходзілі на туманныя карціны глядзець, не маўчыце!— непрыязна накінуўся Альяш на людзей.— Мо я грэшны і бог мяне не паслухае, мо хто е больш дастойны сярод вас і гасподзь пачуе яго! Сатана, выйдзі!.. Паўтарайце за мной!
— Вы-ыйдзі!.. — хорам папрасілі пілігрымы яшчэ здранцвелымі вуснамі.
— Сатана, выйдзі!— падаў ён каманду зноў.
— Выйдзі, сатана! — пракрычалі людзі цяпер ужо дружней з затоеным страхам, з нядобразычлівым абурэннем да нячыстае сілы і замерлі.
— А куд... куд-дой?— каўкнуў перасохлым горлам хворы.
Стары не зводзіў з яго вачэй:
— Кудой зайшоў!
— Не вы-ылезу тудой!— плаксіва папрасіўся не-нармальны.
— Выйдзі, нячысты!
Увесь зал, як адзін чалавек, гыркнуў ужо зларадна і з пагрозай:
— Выйдзі!
— Гэ!.. Гэ!.. Я праз галаву залез!..
— А я табе кажу, кудой забраўсо, тудой і вылезеш!— замахнуўся прарок на хворага цяжкім крыжам.
— Не-е, дзядзьку, не-е!..— завішчаў вар'ят, бы маленькі хлопчык.— Я выйшаў, дзядзьку, не трэ-эбо!