— У святым пісанні гаворыцца, што так было калісь, так е і цяпер!— правіў далей прарок.— Ад папоў і дзіяканаў няма чаго добраго нам чакаць! Ого, дачачаешса ад кудлаў і лайдакоў, а як жа — кішэнь трымай шырэй!
Людзі на цвінтары асмялелі. Словы прарока іх адразу зблізілі, узрадзілі ў кожным адчуванне сваёй значнасці таго, за што яны змагаюцца. Альяшову думку жыва падхапіў многагалосы хор:
— Праўда твая, Альяшку! — Так яно і е!
Яны ўпершыню мітынгавалі пра тое, што дагэтуль гаварылі толькі за вуглом.
— Ратуй нас, няшчасных!— крычалі ўжо некаторыя са слязьмі ўміленага захаплення і надзеі.
— Усявышнім табе ўказано праз Іаана Кранштацкаго!
Уздым масы перадаўся ўжо і Альяшу. У яго па-маладому заблішчалі вочы, шэры твар раптам паружавеў, сам ён зрабіўся порсткі, маладжавы, нават як бы падрос, а голас павысіў да віску:
— Папы, гэтыя махляры кудлатыя, вас палохаюць, што калі не будзеце слухаць іх, то звёзды з неба паспадаюць!.. Вы нікому з іх не верце!.. Кожнаму звязда загарыцца ў вашых сэрцах, і яе агонь напоўніць вашыя душы! Вы толькі аднаму мне верце!.. Я вас вывяду ўсіх на дарогу!.. Мяне нічога не ўтрымае!.. Я кіем удару па моры, вада расступіцца, і павяду вас па сушы!..
Альяш у парыве афекту ўзмахнуў рукамі.
— Павяду, от пабачыце!
У простых і адсталых людзей закладзена якаясьці містычная пашана ад алегорый і прытчаў. Асабліва на іх уздзейнічаюць біблейскія сказанні. Таму аб'яўленае прарокам загіпнатызавала натоўп.
Акрыяўшыя і падабрэлыя людзі, гэтыя барадатыя, з засмяглымі і патрэсканымі вуснамі дзядзькі, з густа збараздованымі плугамі жыцця тварамі бабулькі і свежыя маладзіцы, у якіх шчокі і шыі былі кранутыя, як чэсаны лён, загарцам, а валасы старанна раздзеленыя на прабор, узіраліся ўжо на грыбоўшчынскага Майсея з адданасцю, бязмернай надзеяй, поўнымі любві і веры вачыма, поўныя прагнай гатоўнасці, і гэта прыдавала ім натхнёнай велічы. Бы дзеці, якія ані хвіліны не сумняваюцца, што ў дарослага ёсць сродак, каб споўніць любое жаданне, загаіць кожную больку, людзі дружна пацягнулі рукі да прарока, а з глыбіні душ паляцелі просьбы:
— Вядзі нас, Альяшку, у зямлю абетаваную!
— Саваофе Ілья, злітуйса над намі!
— Гора нам!
— Толькі ты можаш уратаваць усіх — ты ў бога на прыкмеце!
— Бяры маю душу, бяры мае рукі і ногі, бяры мае малітвы і рабі з імі што хочаш, адгэтуль я не пай-ду-у! — заплакала, завішчала, забілася ў істэрыцы жанчына.
— Сколькі да цябе ішлі, не адганяй ты ўжэ нас, грэшных! — расплакалася бліжэйшая цётка.
Зараўлі ўжо і другія расквеленыя бабы, і над пагоркам доўга гучаў іхні плач.
Чытаць Альяш пісанне то чытаў, але здарылася гэта ўжо надта даўно. Бедны інтэлект непісьменнага мужыка з забітай і глухой вёсачкі ўжо не знаходзіў патрэбных параўнанняў з Бібліі, не знаходзіў і слоў, каб растлумачыць, куды ён збіраецца іх весці і што паказаць. Выпаліўшы завучаную прытчу пра міласэрнага самараніна, пра зоркі і мора, Альяш запнуўся. На ўспамін нічога не прыходзіла. Не нараджалася ў галаве ніяк, бытта дзядзька ўпёрся раптам у глухі плот і — ні з месца.
Няёмкае маўчанне панавала нядоўга. Побач стаяла Альяшова апора, твор яго жыцця і ўся яго гаспадарка — царква.
Альяш уздыхнуў ды стаў апавядаць пра званы. Пачаў жаліцца людзям на майстроў.
— Думаю так: трэбо нам файныя павесіць, каб іх у абедню не забівалі крынкаўскія, калі пачнуць званіць там... Каб нават у Гарадку было чуваць, і ў Бераставіцы, Саколцы... Адзін трэ пудоў на шэсцьдзесят адліць, а тыя — меншыя... Ды майстры, халера на іх, вельмі много грошай хочуць злупіць! Шэсць тысяч злотых за галоўны!.. Я ім кажу: «З усяе Грыбоўшчыны згані вам кароў, і то не хопіць на адзін бом!» Не згаджаюццо! А што ім?.. Гарадскія жулікі абодва, хібо ім нашаго мужыка зразумець?.. А даведаліса — аж у Пярэмышлі, ля Карпат!.. Дак дураць мяне, што рысу-уначак на іх выляпяць... Хто іхнія малюнкі разглядаціме, наверх мо палезеш з-за гэтаго?!. Трэ нам каб добро званілі!
— О-го!— здзівіўся нехта ў абсалютнай цішы. — Шэсць тысяч!..
З— алама-алі, брат, паны-ы!..— кінуў другі смялей.— Не паскупіліса!..
— Дурняў знайшлі!
— Грошай ім шкада нашых?
I на ўзгорку наступіла разрадка. Людзі сябе адчулі бы на вясковым сходзе.
— Нічо-ого, на званы збярэ-эм!— прыгроб пецярнёй раскудлачаныя валасы худы, жаўтлявы з твару мужчына і накіраваў ход разважанняў у іншым напрамку.— Калі іх мы ў сваю царкву куплялі, то плацілі па шэсць злотых за кілё, а па сто за пуд. То за шэсцьдзесят пудоў — памнож і палічы. Так яно і выдзе!
— А ты, Ілья, не шкадуй грошай на такую справу, не шкадуй!— закрычала з тлуму бабка. — Каб толькі файныя былі, і з рысу-у-начкамі! На ўсіх яны е!.. Бывало, у бежанстве залезем на званіцу з дзяўчатамі, а там святы Георгій пікай змея пратыкае! I мы глядзім на дзіво, не наглядзімса, аж — страх! Штосьці шчэ там панапісувано святое!..