— Кінь забаўляцца гэтым!
— Даўно-о я чакаў такого моманту!— узвёў Базыль куркі. — Бэбахі зара вы-ыпушчу!
Паўтарак схапіў паўпол Івана з Валодзькам:
— Страляй цяпер, ну!
— А-а, маладзец супроць авец, хаваешса за іх, збаяўсо, падло?!
— Хто, я-а?!
Бандыт братоў адпусціў.
Хлопцы разбегліся, а Паўтарак усім сваім анамалічным корпусам павярнуўся да акна, яшчэ нават узяўся ў бокі.
— Ну, паглядзім, які ты адважны! — прабубніў скрозь нерухомыя вусны.
Базыль і бабахнуў бандыту ў жывот адразу двума зарадамі.
Ахутаны белым дымком, Паўтарак прастагнаў:
— М-м, ты гэ-этак?..
Задыхаючыся ад болю падтрымліваючы акрываўленымі пальцамі вантробу, бандыт палез у хату.
— Я ўсё ваша гляздо-о спляжу! — шчэрыў ён пакрытыя ружовай пенкай зубы.— Усіх я вас зара!.. Цурык!.. Угробіць Паўтарака хочаце?
Прыкметна слабеючы, ён хрыпеў з бяздумнай лютасцю:
— Ні так лё-огко Паўтарака... Шчэ не нарадзіўсо такі герой, каб мяне... Я зара... Цурык!..
— Капут!— уздыхнуў Базыль.
У брамцы з'явіўся Вілі. Браты скочылі ў хату, падперлі дзверы дручком.
— Не страляйце, Аўхімюкі, ваша ўзяла! — кінуў братам сакольскі немец. Ён падышоў да цела, нагнуўся над мёртвым ужо галаваром і пляснуў яго па твары: — Гэта табе за тое, што так па-дурному папаўся. А цяпер давай развітаемся!..
Вілі нагнуўся, пацалаваў сябра ў вусны і пайшоў да брамкі, дзе яго чакала шайка.
Яшчэ ў той самы дзень Аўхімюкоў забралі на ўчастак у Крынкі, а ўсю акругу апанавала радасць.
Не помнячы сябе ад шчасця, багамолкі бегалі ад хаты да хаты і цвярдзілі:
— Ага, чулі? Усявышні паслухаўсо просьбы Альяша, выбавіў нас ад бяды!
— Звёў са свету гэтаго смока!
— То — знак божы!..
— Е-такі гасподзь на свеце, е-е, што б хто ні казаў!
— Дараваў нам грахі, ласку праявіў!
— Расчыніў гасподзь дарогу свайму чалавеку!
— Калі ўсявышні хоча, то яўляе цуд і зло пераўтвараецца ў дабро!
— Якое шчасце, што сярод нас божы выбраннік жыве!..