Усё новыя бусліныя чароды прыбіваліся да нас. Неўзабаве чакалася мора, і ўсе буслы гуртаваліся ў адну велізарную чараду, каб лягчэй было адолець парывісты марскі вецер. Ужо ляцелі тысячы буслоў, бела-чырвона-чорнае воблака.
I тут з'явіліся першыя арлы. Я ніколі не бачыў арлоў і з вялікай цікавасцю глядзеў на іх.
— Мы — каралі птушак! — пагрозліва і хрыпла закрычаў-заклекатаў іхні важак. — Дайце нам дарогу! Пацясніцеся ўбок, балотнае племя!
Наша чарада ўзяла трошкі лявей, хоць маладыя буслы, і я ў іх ліку, дрыжалі ад гаеву і абурэння. Мы ўжо ляцелі над морам, далёка ад берага, і трэба было ашчаджаць сілы, бо не сядзеш на віхурную марскую хвалю.
— Гэта наша неба і наша мора! — зноў закрычаў арліны важак.
— Неба створана для ўсіх, у каго ёсць крылы, — спакойна і разважна адказаў наш важак. — У небе хопіць месца арлам і буслам, усім птушкам.
— Замоўкні, жабаед! — ярасна шчоўкнуў дзюбаю, трасянуў вострымі крывымі кіпцюрамі арол. — Неба належыць толькі арлам! Толькі нам! Нездарма зямныя ўладары, імператары і каралі арлоў і нашых бяскрылых родзічаў ільвоў носяць на сваіх сцягах. Скажы — хто дзе бачыў на якім сцягу ці на якім гербе палахлівага дурнога бусла?
Ён зарагатаў, і разам з ім зарагаталі ўсе арлы. Іх станавілася ўсё больш і больш, яны вылётвалі з-за хмар, яны акружылі з усіх бакоў нашу чараду.
— Будзем некалі і мы на сцягах, — горда ўсміхнуўся наш важак. — Людзі паразумнеюць і замест драпежных дзюб і кіпцюроў уславяць мудрую развагу, мірны розум, а тваіх нашчадкаў, прабач мне, скінуць са сцягоў, як абскубаных нікчэмных курыц.
— Што?! — раз'юшана растапырыў сталёвае пер'е арол. Ён з усяго маху ўдарыў дзюбаю нашага важака, той адказаў ударам на ўдар, і пачалася вялікая бітва. Арлы, упэўненыя ў сваёй перамозе, не раздумваючы, рынуліся на бусліную чараду, гатовыя раздзерці нас на крывавае ашмоцце, але адразу ж некалькі з іх каменем рухнула ў мора. Яны не чакалі такога, закрычалі, зашыпелі ад ярасці, жоўта-шэрыя вочы зрабіліся чырвонымі, пер'е ўзвілося дыбком. Пад намі было мора, уверсе — плоскае неба, усё наўкол запаўняў парывісты нястомны вецер. Гэты вецер ламаў наш баявы строй, раскідваў нас у бакі. Арлам таксама было нялёгка, нават цяжэй, чым нам, бо яны загадзя лічылі сябе пераможцамі, а тут давялося абараняцца ад магутных удараў, аблівацца ўласнай крывёю. Усё часцей з роспачным хрыпам, склаўшы крылы, валіліся яны ўніз, а там чакала іх мора, а на моры астраўкі, скалы, камяні — цвёрды зямны касцяк. Буслы паміралі моўчкі, толькі адзін, маладзенькі, што ляцеў у свой першы вырай, закінуў назад галаву, самотна заклекатаў у перадсмяротнай тузе. Велізарная рана-яміна злавесна чырванелася ў яго на грудзях, пер'е разам з мясам было вырвана арлінай дзюбай.
Позна ўвечары скончыўся бой. Знясіленыя, упалі мы на астраўкі, побач, на суседніх скалах і камянях, астуджвалі пад усплёскамі ветру свае крывавыя раны арлы.
— Добра, — толькі і сказаў наш важак і глянуў на мяне адзіным ацалелым вокам. — Ты не клянеш неба, што нарадзіўся буслом?
— Не, — пакутуючы ад болю, выдыхнуў я. У мяне было надломлена левае крыло, і я з жахам думаў, што болей не ўзлячу.
— Не, — адказаў я зноў. А праз ноч, раніцою, закіпела яшчэ болын ярасная бітва. Я ўсё-ткі ўзляцеў. Падалі ў мора буслы і арлы дзесяткамі, сотнямі...
— Вы не клянеце неба, што нарадзіліся бусламі?! — крыкнуў важак.
— Не! — дружна адказалі буслы, старью і маладыя.
На трэці дзень арлы не вытрымалі. Спачатку, сарамліва і вінавата азіраючыся, уцякалі нямногія, а потым уся парадзелая, пашкуматаная чарада раптоўна развярнулася і, з апошніх сіл махаючы крыламі, паляцела туды, дзе ў густым тумане шчарбаціліся высокія горы.
— Мы перамаглі! — радасна крыкнуў важак. I адразу ж нешта зламалася ўсярэдзіне, і я рухнуў уніз, у страшнае мора, бо неба ўжо не трымала мяне. Свістаў вецер, круціліся ўваччу хвалі і скалы, а я ў адзін міг успомніў дрэва на зялёнай роднай зямлі, гняздо, хатку ля падножжа дрэва, светла-русага ціхага чалавека і ягонага сынка. «Ці вернешся, бусел?» — даляцеў аднекуль голас хлопчыка, шчаслівы і адначасна спалоханы. А потым была чырвоная цемра, сталёвая цемра, і ў глыбіні гэтай цемры, пакуты і самоты падала, падала бязважкае птушынае пяро...
Халодны восеньскі ліст упаў мне на лоб, і я прачнуўся і ўбачыў, што непадалёку ад мяне стаяць двое, стары і юнак. Яны былі сінявокія і доўгавалосыя, у белых кужэльных кашулях, у мяккіх ліповых лапцях. Юнак сціскаў у руцэ дубіну, выламаную у дубовага кораня і абсмаленую на вогнішчы. Стары быў з пустымі рукамі, праз правы плячук у яго была перакінута рысіная шкура. Яны глядзелі на мяне ва ўпор, і асабліва цяжкі і ўладны позірк быў у старога. Сваім неадрыўным позіркам ён быццам выварочваў, ламаў усё маё нутро. «Мячэтнік» [Мячэтнік — чалавек, які валодае гіпнозам], — адразу здагадаўся я. Уздрыгнула, закалацілася ў халоднай тузе сэрца, але я, лежачы на сваёй лісцвяной падсцілцы, упіўся пальцамі рук у зямлю, неймаверным намаганнем прымусіў сябе не заплюшчваць вочы, ударыў сваім пранізлівым позіркам па твары старога, па ягоных вачах. Калі б я хоць на міг адвёў вочы ці, не вытрымаўшы, заплюшчыў павекі, мая б душа адразу аслабела і зрабілася б рабыняй старога мячэтніка. Я ведаў гэта і, вока ў вока, глядзеў на яго. Здавалася, скрыжаваліся ў небе дзве маланкі. Стары здагадаўся, што мне вядома таямніца такога позірку, пабляднеў, прыкусіў жоўтымі зубамі сухую губу. Нарэшце ў яго затрымцелі калені, пакрыўся потам лоб, і я зразумеў, што мая сіла мацнейшая за ягоную сілу. Стары мячэтнік глуха ўздыхнуў, як бы хацеў нешта крыкнуць, закашляўся і пачаў церці вочы кулаком.
— Ты хто? — спытаў ён у мяне аслабелым голасам. — Кашчэй [Кашчэй — раб]?
— Князь, — адказаў я.
Яны абодва дужа здзівіліся. Іх можна было зразумець — не кожны дзень і не кожнаму сустракаецца князь, які спіць у лесе на голай зямлі.
— Дзе ж твае залатыя палаты, князь, дзе дружына? — прамовіў нарэшце стары.
— А вунь мая дружына, — усміхнуўся я, паказваючы на Рамана, які сядзеў пад сасною, сціскаючы ў руцэ меч, апусціўшы галаву на калені. — Разбудзі яго.
— У твайго воя душа мякчэйшая, чым у цябе, — ён адразу скарыўся майму воку.
Стары мячэтнік падышоў да Рамана, паклаў яму сухую ладонь на лоб, нешта сказаў. Той павольна расплюшчыў вочы, няўцямна зірнуў наўкол, потым адным рыўком ускочыў на ногі. Твар быў разгублены і чырвоны ад злосці.
— Паршывы пяруннік! Засяку! — шалеючы крыкнуў ён, але я спыніў яго ўзмахам рукі. Раман дапамагаў мне апранацца і прасіў:
— Князь Усяслаў Брачыславіч! Дазволь чырвоную вадзіцу пусціць з гэтага чмутніка. 3 выгляду чарвяк чарвяком, а як ён мяне на зямлю паклаў! Падышоў, глянуў савіным вокам, і душа ў мяне з цела выцекла, рукі-ногі адняліся.
— Дык ты полацкі князь Усяслаў? — аж уздрыгнуў стары.
— I вялікі кіеўскі, — сказаў я.