I калі Барыс падышоў, рукамі ў ланцугах абняў яго за плечы, прыгарнуў да сябе, пацёрся шчакою аб сынаву шчаку. Потым лёгенька адпіхнуў ад сябе Барыса, прамовіў, гледзячы яму ў вочы:
— Што ж я магу зрабіць? Бачыш, на мне вярыгі. Ліса, каб вызваліцца з клеткі, адгрызае сабе хвост. Ды мы не лісы. Мы — людзі, сынок.
— Але ж ты — ваўкалак, — ціха сказаў Барыс і адвёў позірк убок. — Людзі вераць, што ты ўсё можаш зрабіць.
Упершыню з сынавых вуснаў зляцела гэтае слова, упершыню. У цераме Усяслава, у ягонай сям'і гэта было забароненае слова, і вось яго сказаў старэйшы сын.
Расціслаў што зняў са сцяны хрушча і глядзеў, як той поўзае па далоні, пабляднеў, са спалохам павярнуў свой прыгожы твар да бацькі. Барыс жа стаяў, апусціўіпы галаву. Але і ў яго сэрца білася гарачымі рыўкамі. Толькі Усяслаў быў, здаецца, спакойны. Узняўся на ўвесь рост, высокі, крутаплечы, залаціста-русая барада ў змроку поруба выдавала цёмнай, шэрыя цвёрдыя вочы глядзелі з вострым прыхмурам.
— Які ж я ваўкалак, сын? — запьггаўся Усяслаў. — Хіба ты бачыш на мне звярыную поўсць? Хіба ў мяне ёсць хвост? А можа, у мяне ў роце растуць клыкі?
Барыс яшчэ ніжэй схіліў галаву, нібы чакаючы ўдару. Хрушч зляцеў з далоні ў Расціслава, кружыўся па порубе, але ніхто не звяртаў на яго ўвагі.
— Людзі вераць, — казаў далей Усяслаў, — людзі вераць Хрысту, а ўчора яны верылі Перуну і Дажджбогу. Людзі закінулі старых багоў, як разбітыя гаршкі на гарышча, і вераць Хрысту, таму Богу, які спаліў іхніх прадзедаўскіх багоў. А ўва што верыш ты, сын?
Барыс маўчаў. Усяслаў, пазвоньваючы ланцугамі, павольна, колькі дазваляў нашыйны ланцуг, падышоў да яго, моцна ўзяў за плечы, загадаў:
— Глядзі мне ў твар, у вочы. Барыс пакутліва ўзняў галаву. На чорных вачах ззялі слёзы.
— Ты мой роднакроўны сын, — сказаў Усяслаў. — Табе пасля маёй смерці трымаць полацкі сталец, быць князем полацкім. Яраславічы, — ён накіраваў позірк на маленькае акенца ў верхнім бервяне поруба, нібы хацеў, каб яго пачуў вой-ахоўнік, — гэтыя агідныя клятваадступнікі, пабаяцца забіць вас, дзеці мае.
Рухам левай рукі ён падклікаў да сябе Расціслава. Сыны стаялі поруч, глядзелі на бацьку. Ён узвышаўся над імі, як моцнае баравое дрэва над падлескамі.
— Кроў Рагнеды цячэ ў вашых жылах, — казаў скаваны князь. — Даруйце, што з-за мяне трапілі вы ў гэтую яму, на гнілую салому. Але хоць мы спім на саломе, у нас ніколі не будуць саламянымі калені. У палачан калені з жалеза.
Ён раптам сцішыў голас, вымавіў з нечаканай журбою:
— Чалавек я, сыны мае, а не ваўкалак. Для ворагаў я ваўкалак, а для вас бацька. Але — глядзіце.
Ён высока над галавою ўзняў свае загарэлыя жылістыя рукі. Змяёю віўся між імі ланцуц а на запясцях былі намёртва закаваны цёмныя жалезныя кольцы.
— Глядзіце! — зноў усклікнуў Усяслаў. Сыны як зачараваныя глядзелі на бацькавы рукі, на бацькаў твар.
Вочы ў князя пацямнелі, а потым заіскрыліся. Твар напружыўся, завастрыўся. Жылы цвёрда набухлі на шыі. Шыя зрабілася падобнаю на вузлаваты корань абпаленага вогнішчам дрэва.
— Глядзіце! — закрычаў, сашчаміў зубы Усяслаў. Пот, быццам боб, заззяў на скронях і на лобе. Страшнае нечалавечае напружанне, здаецца, распірала, раздзімала ўсяго князя. Потым сутарга пабегла па твары, па плячах, па кісцях рук, па ўсім целе. Гэта быў ураганны ўсплеск той незвычайнай невераемнай сілы, якая ад самага нараджэння гарэла ў ягоных жылах і касцях і якой ён даваў волю вельмі рэдка, толькі тады, калі дыхала ў скронь смяротаая небяспека.
— Глядзіце! — амаль прастагнаў Усяслаў. Сіла, што клекатала, бурліла ў ім, дасягнула сваёй найвышэйшай кропкі і раптам знікла, вылецела з цела, бы яе й зусім не было. Князь раптоўна абвяў, абмяк, змізарнеў. На нейкі міг падалося сынам, зрабіўся ён тонкай лазінаю, што гаецца пад ветрам у восеньскім полі. 3 грукатам упалі на глінабітную падлогу поруба ланцугі, рукі былі вольныя. Толькі цяжкое жалезнае кальцо на шыі засталося. Усяслаў пакратаў яго рукою, знясілена сказаў:
— Ашыйнік зняць не магу.
Расціслаў і Барыс анямела глядзелі на бацьку. Потым Расціслаў кінуўся да яго, пачаў цалаваць нацёртыя ланцугамі рукі. Усяслаў глядзеў на светлавалосую сынаву галаву, усміхаўся.
«Хто ж ты, бацька? — думаў Барыс. — Нездарма халопы ў Полацку шапталіся, што карміцелькі паілі цябе малога звярыным малаком. Хто б ты ні быў, а я пакутую з-за цябе, з-за твайго ненасытнага гонару. Усё жыццё ты б'ешся з кіеўскімі князямі, хочаш сам зрабіцца вялікім князем. I чаго ты дамогся? ІзяслаўЯраславіч сядзіць у залатых палатах, трымае Русь у жалезнай руцэ, а ты гніеш у порубе. Ты скінуў з рук ланцугі, але прыйдуць кавалі і накуюць новыя, якіх нават ты не скінеш. Ты не шануеш Хрыста, адзінага нашага Бога. На Полацкай зямлі ядавітым пустазеллем буяе з тваёй тайнай згоды агіднае дзікае паганства. На Валоўім возеры, што ля Полацка, ты не зруйнаваў паганскае капішча і з дружынаю ездзіў туды ўначы маліцца дубовым чурбанам. Ты даваў срэбра на полацкую Сафію, святы храм, але даваў з вялікай неахвотаю, баяры і веча цябе прымусілі. Я не люблю цябе, бацька».
— Аб чым ты думаеш, Барыс? — раптам запытаўся Усяслаў. Барыс уздрыгнуў, пабляднеў, сказаў з разгубленасцю:
— Ты такі дужы, бацька. Я думаю, што ты мог бы разламаць нават сцены гэтага поруба.
Усяслаў уважліва паглядзеў на старэйшага сына.
— Сцены мне не па сіле. I ланцугі, як ты бачыў, я не разрываю, а проста скідваю з сябе. Так, як ты б скінуў гадзюку, што ўначы, калі ты спіш, успаўзла на тваё голае цела. Але не аб тым ты думаў.
Ён змоўк, строга звёў на пераноссі цёмныя бровы.
— Дзіўны ты, сын. Мой і не мой. Хацеў бы я зазірнуць у тваю душу, на самае яе гарачае дно, але не дадзена мне гэта. Ведай жа: і табе, і Расціславу, і маці вашай княгіне Крутаславе, і малалетнім маім сынам, што недзе па цёмных пушчах хаваюцца, шчасця і дабра я зычу.
— I мы табе, бацька, зычым дабра! — усклікнуў Расціслаў. — I поруч з табою пойдзем!