У Браціславе мы аглядалі інтэр'ер касцёла святой Тройцы. З патрыцыянскай халаднава-тасцю з усіх бакоў насоўвалася на мяне архітэктурная прастора. Я не мог засяродзіцца, каб зразумець, што касцёл гэты а с а б л і в ы. У куце, справа ад увахода, стаялі ссунутыя адна да адной тры шафы. «Гэта спавядальня,— напаўшэптам паведамілі мне,— тут вось сядзіць князь (па-славацку: ксёндз) ». Я расчыніў дзверы той шафкі, у якой павінен быў сядзець, чакаючы грэшніка, ксёндз... У спавядальні ўроскід ляжалі венікі, драўляныя граблі, бляшаныя шуфлі. Як у звычайнай дворніцкай пуньцы. Ксяндза, вядома, я не ўбачыў, але касцельная веліч адразу набыла для мяне зразумелую існасць.
I ў невялікім горным касцёльчыку, у якім пасля кавярні правялі мы рэшту дня, таксама ўбачылася тое, не зусім эстэтычнае, праз якое лепей успрымаецца ўсё халаднавата-велічнае.
Нам пашанцавала. Мы трапілі не на звычайную літургію, а на вянчанне.
Святар і ягоны памочнік — міністрант, падыходзячы з чытаннем да амбона, папраўлялі мікрафон зусім так, як гэта робяць звычайна эстрадныя выступленцы. На іхніх белых рызах зіхцелі крыжы, вышытыя залацістымі ніткамі. Па абодва бакі ад алтара стаялі ў доўгім ланцужку хлопчыкі — маленькія міністранты. Іхнія таксама белыя ўборы былі аздоблены ўнізе вышытымі гронкамі вінаграду, кветкамі і лісцем. Каля алтара на грыфельнай дошцы бялеў крэйдавы надпіс: Будзь прывітаны, пане, пакорны кароль славы.
У аднаго малога служкі зачасалася ножка. На нейкае імгненне ён забыўся на веліч падзеі і, не хаваючыся. пачухаўся.
Спятар абвясціў: хто любіць жонку сваю, той самога сябе любіць, хто знойдзе боскія словы, той будзе жыць вечна.
Лысаваты жаніх і папаўнелая ў таліі нявеста стомлена чакалі вянца, як выратавальнага круга. Толькі ён мог выбавіць з рытуальна-адцягненай плыні запозненага для іх вянчальнага абраду. Павучанні святара, я ўпэўнены, мелі для іх толькі практычны сэнс без аніякага там пачуццёвага ўзрушэння. I касцёл для іх быў касцёлам, арганная музыка — арганнай музыкай, бо яны, лысаваты жаніх і папаўнелая нявеста, ужо знаходзіліся за той узроставай мяжой, за якой рэлігійны рытуал не дасягае свайго поўнага эфекту, нягледзячы нават на магчымую іхнюю шчырую набожнасць.
Усё навокал мела зразумелую звыкласць, нават нейкую сямейную ўтульнасць. У арганіста на каленях сядзела яго дачка, дзяўчынка гадоў пяці, а міністрант, як гаспадыня на кухні, ручніком выціраў каля алтара залатыя кубкі. Мы стаялі на хорах і ўсё, што адбывалася ўнізе, добра бачылі.
I там, унізе, не так далёка ад мяне, на адлегласці пяшчотнага слова, шанавалі сваю маўклівасць дзве постаці спевака. Па рыпучай, нібы ў музеі, лесвіцы я сышоў з хораў і паволі пачаў пасоўвацца да іх. Рухаўся вельмі марудна, бо людзей было шмат — не ступіць вольнага кроку. Нарэшце апынуўся каля мармуровага слупка з прымацаванай наверсе скарбонкай.
Побач на століку ляжаў стос газет «Каталіцкія навіны». Парафіяне апускалі ў шчыліну скарбонкі па 50 галераў: стос з кожнай хвілінай усё меншаў і меншаў.
Постацей я не знайшоў, але быў упэўнены — яны тут, непадалёк. Я ж выразна бачыў іх з хораў. Стаялі яны менавіта ля слупка са скарбонкай... Пэўна, разгадаўшы мой намер падысці бліжэй, яны — куды ж яшчэ маглі падзецца? — проста пакінулі касцёл.
Ізноў-такі паволі пачаў я пасоўвацца да дзвярэй. Людзі ў храме стаялі шчыльна, стаялі з дзецьмі і без дзяцей, а на двары дзетак да году ў вазках імкнуліся падсунуць бліжэй да ўвахода. Мяне прапусцілі, далі дарогу, як свайму суседу.
Блакітная трысцінка ў гэты момант зноў адгукнулася, спыніла мяне... Забэйда-Суміцкі жыў сярод гэтых людзей, спяваў для іх і вучыў іх. Так, менавіта вучыў. Я маю цікавае сведчанне аб тым з вуснаў чэшскай спявачкі Катажыны Кахлікавай. Мы сустрэліся ў Маскве, і калі артыстка даведалася, што я з Беларусі, то з радасцю паведаміла, што яна вучаніца самога Забэйды-Суміцкага, а гэта значыць таксама крышачку беларуска. Болей таго — да свайго першага выступлення на пражскім тэлебачанні яна падрыхтавала два рамансы на вершы Янкі Купалы і выканала іх па-беларуску. Забэйда-Суміцкі быў першы, хто дапамог маладой спявачцы адчуць хараство вакалу. Калі ў Катажыны з'явілася магчымасць удасканаліць свой талент у Вялікім тэатры, у класе А. Абразцовай, ён шчыра ўхваліў паездку ў СССР.
Гэта была сапраўды шчырая ўхвала, бо яшчэ ў 1933 годзе Забэйда-Суміцкі сам марыў аб паездцы ў Савецкі Саюз. У той час у Мілане ён пазнаёміўся з Собінавым. Цікава, што адзін з італьянскіх музычных крытыкаў замацаваў тое знаёмства сціслым, анатацыйна-дакладным выразам: «Міхал Забэйда — тэнар надзвычайнай якасці, артыст высокай культуры, голас мяккі, гнуткі, падобны да голасу яго суайчынніка Собінава...»
Дык вось Леанід Собінаў якраз і запрашаў маладога спевака ў Маскву для ўдзелу ў канцэртах. Што перашкодзіла той паездцы? Сталінізацыя СССР? Магчыма. Але больш магчыма, што хвароба. Неўзабаве ж давялося з Мілана ехаць у Сан-Рэма і лячыць хворыя лёгкія. Далася ў знакі неўладкаваная маладосць і першыя цяжкія месяцы вучобы ў тэатры Ла Скала ў педагога Фернанда Карпі.
Ёсць нейкі асаблівы сэнс у тым, што Собінаў адрасаваў сваё запрашэнне Забэйду-Суміцкаму, а не ягонаму земляку, таксама славутаму на ўсю Еўропу, Паўлу Пракапеню.
Беларус па паходжанні, дзіця заходнепалескага краю, духам Пракапеня жыў далёка не косаўскім, не паляшуцкім. Любая зямля і любая нацыя маглі прэтэндаваць на яго талент, але ён, пазбаўлены нацыянальнага пачуцця, быў не здольны глыбока ўзбагаціць ніводную культуру.
У 1936 годзе канцэртуючы з вялікім поспехам у Кракаве, дзе Пракапеню прадстаўляў публіцы знакаміты Ян Кепура, узрушаны малады артыст пасля выканання італьянскіх арый вырашыў здзівіць слухачоў «песняй са свайго Косаўскага павета». Здзівіўся, мусіць, толькі адзін супрацоўнік часопіса «Калосьсе», што прысутнічаў на канцэрце, бо Пракапеня праспяваў, паводле сведчання журналіста, «...нейкую расейскую песьню аб Ваньцы і Матрёне!»
Я не кажу, што Пракапеня цалкам з'яўляўся антыподам Забэйды-Суміцкага. У іх было шмат агульнага ў лёсе. Шляхі іхнія неаднойчы перакрыжоўваліся і адорвалі часта сустрэчамі з аднымі ж і тымі людзьмі. Так і Пракапеня, і Забэйда-Суміцкі сустракаліся ў Вільні з Рыгорам Раманавічам Шырмам і Максімам Танкам. Толькі для Пракапені сустрэчы тыя не мелі прынцыповага значэння, ізноў-такі праз ягоную нацыянальную анемію, а для Забэйды-Суміцкага віленскія гутаркі сталіся жыццёва вызначальнымі: «Гэтыя сустрэчы дапамаглі мне ўтрымацца на той дарозе, па якой я іду і сёння. Гэта дарога не абяцала вялікай кар'еры, але яшчэ больш збліжала мяне з роднай песняю — песняю маёй маці, давала магчымасць распаўсюджваць гэту песню, несці яе ў свет, паказваць яе красу, даваць людзям радасць і ўзбагачаць гэтай песняю сусветную культуру».
Ва ўсе гады сваёй ахвярнай творчасці Забэйда-Суміцкі не адыходзіў ад разумення, што ўласна-нацыяналыіае пачуццё найбольш дзейснае тады, калі меркантылізм падпарадка-ваны паэзіі, а любоў да радзімы ўраўнаважана павагай да той зямлі, на якой жывеш...
Я блукаў па цвінтары і чакаў, калі выйдуць з касцёла мае сябры, і ўжо не спадзяваўся сустрэцца з Забэйдам-Суміцкім — з дзнюма ягонымі насмяротнымі постацямі. Яны адляцелі, і адляцелі назаўсёды, пакінуўшы як напамін пра сябе — блакітную трысцінку. Іхняе раптоўнае знікненне было нібыта магічнай забаронай тэрмінова ехаць у Прагу і шукаць там Альшанскія могілкі. I я зразумеў, што не трэба болей трывожыць тыя постаці, не варта іх даганяць, як не варта раней часу чакаць анёла.
I гэтых дзён, праведзеных не ў Празе, а ў Татрах, шкадаваць не варта. Бо вядома ж — блаславёны не толькі тыя мясціны, да якіх мы імкнёмся, але і гэтыя, дзе знаходзімся. I, увогуле, жаданні ў большасці сваёй не павінны супадаць з рэальнасцю, бо неабавязкова мець патрэбнае ў матэрыяльнай выяве. Яго можна прыдбаць, даверыўшыся фантазіі. I я свядома не пазбег фантазіі, падаючы партрэт Забэйды-Суміцкага, таму што пра спевака і да сённяшняга дня я не ведаю больш, чым ведадо.
1987—1989
У ВАРШАВЕ
Бачу Цябе, Варшава,— тваё пакутна-адноўленае хараство.
Перада мною ўсе твае колеры, сярод якіх пераважаюць жоўта-белыя, блакітна-белыя і бела-чырвоныя адценні. Часцей за ўсё яны перакрыжоўваюцца на франтонах касцёлаў і відны здалёк. Іхнія доўгія палосы, нібы раскручаныя шпалеры, утварылі сімволіку, якая лёгка прачытваецца — жоўта-белыя колеры Ватыкана адзіныя з блакітна-белымі колерамі польскага Касцёла. Да гэтага шматвяковага адзінства мусіў быў далучыцца і дзяржаўны сцяг ПНР.
Учора ці пазаўчора Ты развіталася з папам. Ён усміхаецца Табе з вітрынаў прыкасцельных кіёскаў і з вокнаў прыватных крамак. На ўсіх фотаздымках толькі ён — Ян Павел II.
У белай пюсцы і з вітальна ўзнятымі рукамі ён падобны на голуба, які ляціць і захоўвае ў сабе цяпло Ноевай далоні. А пад ім ва ўсе бакі расцякаецца патоп містычнага ўзрушэння і веры ў цуд. I кожны ў натоўпе ўпэўнены ў абавязковай магчымасці цуду. Нават аматары класічнай польскай паэзіі назвалі б гэты патоп і палёт голуба пад ім — самой паэзіяй. Ім цяпер падалося б ерэтычным ранейшае ўяўленне, што паэзіяй можа быць і звычайнае возера, у якім разам купаюцца дзяўчаты і зоры...
Варшава, ты нечаканая ва ўсіх сваіх трагедыях і такая ж — у любым здарэнні.
Вось на Маршалкоўскай у недазволеным месцы сныпяецца маленькі «фіацік». Маладая манашка, гаспадыня машыны, устрывожана — нешта зрабілася з маторам. Але трывогі — як не было. Да манашкі падыходзіць вайсковец і прапануе дапамогу. Яны амаль равеснікі, і кожны па-свойму фарсісты. Ён — у лёгкім фрэнчы, яна — у тонкім, падобным да вячэрняга ўбрання, габіце.