Зазвінела ў левым вуху — гэта, напэўна, праляцеў нячысцік здаваць сатане грахі нейкага чалавека, зробленыя ім за ўчарашні дзень. Зараз рагаты вернецца, каб чакаць выпад-ку для новай спакусы...
А унь там на рэчачцы — разваліны млына ў кустах. Толькі кусты ўжо вымахалі, з-за іх нічога і не разглядзець. Той, каму невядомая страшная гісторыя, будзе дзесяць разоў глядзець, а нічога кепскага і не падумае аб тым месцы.
А там — млынар з жаднасці забіў роднага брата. Паехалі на кірмаш у Гародню прадаваць адкормленае на муцэ быдла, і каб не дзяліцца грашыма, выняў ад воза кланіцу ды забіў. Калі дома яго спыталіся, дзе той падзеўся, ён гэтаксама, бы Каін, гыркнуў:
— Адкуль я ведаю! Што — я слуга брату? Не абавязаны вартаваць яго!
Не прызнаўся і на святой споведзі.
Тады Гасподзь Бог прымусіў братазабойцу ўтапіцца. Неўзабаве кары такой Госпаду здалося мала — яе дабавіў.
З той пары душа злачынцы кожную ноч мусіла круціць саматугам млыновае кола, а днём у рэчцы на дне адсыпацца разам з ракамі.
Тата казалі — на ўласныя вушы чулі не раз і не два, як пад ракітай да самай раніцы зычна Лясун рагоча, гукаюць сычы, дудзіць і дудзіць той самы дзесяціпудовы камень.
Напэўна, і зараз пад вадой млынар сабе адсыпаецца. Цікава было дачакацца ў каго-небудзь на вёсцы глыбокай ночы і паслухаць, ці гудуць тыя камяні зараз...
I от крыўда — гэты стары млын з начным грукатам цяжкіх колаў, выцесаных з літога граніту, і тая ракіта з Лесуном ды сычамі, і балота з блуднымі агеньчыкамі ды камарамі, машкарой, цені памерлых, што ноччу пераходзяць тут гэтую дарогу, енчаць ды просяць знак святога крыжа — усё-ўсё так і застанецца, а цябе, нябога, не стане. I больш сюды не прый-дзеш, нічога гэтага не ўбачыш!..»
У гасцях у дзяцінства
«На вёсцы са знаёмых — толькі бязногі Юрко Сарока.
Чалавек доўга да мяне прыглядаўся, зняўшы шапку, набожна пацалаваў мне руку, але не пазнаў. Гэта і лепш, бо не хачу, каб да мяне збягаліся з жаласлівымі роспытамі ды дзівіліся, што з мяне засталося — і сама ведаю. Страх, як не люблю гэтага.
Надзі Юрка не было. Апошні раз бачыла яе ў карчмара.
Калі Надзеі споўнілася шаснаццаць, Юрко аддаў яе путрышскаму Мэндалю, каб зарабіла сабе на пасаг. Я аднойчы зайшла да яе ў карчму. Якраз нейкі пан, што спыніўся начаваць, спатрабаваў ад Мэндаля кабету. Для гэтага ў карч-мара служыла жонка Сара, але ягамосцю гэтаму яна здалася застарая, таму яе прапёр.
Карчмар загадаў ісці Надзі. Поўную хвалявання ад таго невядомага, што яе чакала ў ложку з незнаёмым, я сяброўку і застала. Надзея то хіхікала, то рабілася сур'ёзнай, то плакаць збіралася ды звала маці. У гэты час Мэндаль у баковачцы манатонна бубніў малітву:
«Барух ата Аданой элохэйну мелех гасям, ойцер ор уворай...» [46]
Цяпер Надзея Юрка, добра ведаю, замужам даўно ў Абухаве. Дачакалася нават унукаў,— дай ім Божа здароўя і шчасця. Але распытваць старога не было ахвоты, бо да Надзеі не цягнула ўжо. У дзяцінстве мы сябруем больш з тымі, хто бліжэй нас, хто якраз пад рукой, а не блізкі па характары, таму сябры такія потым намі лёгка надта забываюцца.
I Путрышкі, і вёскі навокал пасталі кляштарныя, манастырскія ды графскія. Толькі наўрад ці перамянілася жыццё ў іх ад перамены гаспадароў. Зрэшты, Яўхім наш — чалавек памяркоўны, занадта шкуру з мужыкоў не дзярэ, дамовіцца з ім можна заўсёды.
З нашай сялібы не засталося нічагутка. Будынкі ўшчэнт згарэлі яшчэ пры шведскай навале. Асмолкі ды печышчы даўно размылі дажджы.
Сёстры мае параз'язджаліся, укаранелі ў свае сем'і, і ці каторая з іх жыва, дакладна не ведаю. Зрэшты, былі намнога маладзейшыя за мяне, мала іх памятаю.
Нічыпар не вярнуўся з апошняга паходу на казакаў, а ў якой сечы разлучылі яго цела з душой, дапытацца ні ў кога так і не змагла. Добра, калі загінуў адразу. Маглі ўбіць на кол, каб цьмяныя вочы клявалі потым гурганы. Маглі яшчэ якой страшнай смерцю пакараць. Мог і ў палон куды трапіць і там свой жывот скончыць.
Вяскоўцы мінулы раз казалі, калі выязджаў у дарогу, каля варот пад ім конь спатыкнуўся. Мама і жонка, якія скончылі класці ў воз вяндліны, крупы, сушаныя грыбы, грушы, ягады, ставілі якраз клетку з пеўнікам, каб раніцой было каму рыцара будзіць. Мама ў той момант кінулі вокам на каня і ўбачылі, як ён спатыкнуўся. Абое адразу пачалі адгаворваць рыцара — маўляў, Нікіфар, калі так, пачакай пару дзён, не едзь, знак невыпадкова — яго Неба пасылае! Але ён — ай, бабскія забабоны. Вядома, ці такі стане патураць жанчынам?
Забудова яго пайшла таксама з дымам. Жонка забрала дзяцей ды падалася ў Скідаль да сваіх бацькоў.
Тата з мамай памерлі...
На тым месцы, дзе калісьці жыла, працавала ды радавалася так шчаслівая, здавалася б, вялікая наша сямейка — чысцюткае цяпер поле, гладкае, як бубен.
Нават і знаку не знайшла, дзе стаяў наш калодзеж. У ім была такая вада, што ў летнюю спёку, бывала, тата прызнава-ліся, што паўдня цярпелі, каб потым яна ламала зубы, забівала дыханне і каб напіліся яны са смакам. Калі ж на кірмаш адпраўляліся, налівалі сабе ў бурдзюк.
На колішнім нашым падворку красавалася толькі груша — як не стравіў агонь і яе, ведае адзін Бог і Прасвятая Мацер Божая. У садок да сябе яе ніхто не ўзяў — каму патрэбная дзічка,— стаіць самотна, яшчэ больш адзічэлая.
Дрэва нават нечым нагадала мне сябе, і я абняла адзінага, жывога сведку дзіцячых маіх гульняў, а сэрца зашчыміла ад успамінаў. Нават здалося, мае пальцы адчуваюць выразна, як пад шарахаватымі лусачкамі цёплай кары бруіцца татава ды маміна дыханне. I я горка-горка расплакалася.
Супакоіўшыся, дрэву пазайздросціла.
[46] «Госпадзі Божа наш, Уладыка Усяленнай, асвяці душу маю і развей змрок...» (Ідыш.)