— Глядзіце, як доўгі мух ганяе!
— Яго толькі замест пудзіла ў агарод ставіць!
— Фі-іў!..
Я гэта чуў і сваё няўмельства пастараўся замаскіраваць. Прыкінуўся, што фокуснічаю.
З'явіліся суддзі. Падача ўжо ішла па свістку. Кожны раз, калі мы не маглі ўзяць простай падачы, гімназісты-балельшчыкі ўзнімалі віск. Толькі не радаваліся нашыя праціўнікі. З высакароднай ганарлівасцю яны ігралі сабе далей, упэўненыя, што так і павінна быць.
Але тут здарылася нечаканае.
Бог мяне не пакрыўдзіў ростам і сілай. Памяняліся мы месцамі, і я апынуўся ля сеткі. Раптам гляджу — проста на мяне апускаецца мяч. Я спачатку аж не паверыў сваім вачам, а за гэты міг мяч знізіўся ўжо на ўзровень выцягнутай рукі і мяне надта ж раззлаваў. З разгуб-ленай паспешнасцю я рэзнуў па ім так, што кулак мой аж улез у яго.
Рэзнуў я мяч і здзівіўся: у чым справа? Мяча нідзе няма, а гімназіст супроць мяне ўстае з зямлі і трымаецца за шчаку.
— Го-о! — пераможна загулі нашыя курсанты.
— Грубіянства! — завішчалі гімназісты.
— Гэта — не лічыцца!
Трымаючыся за шчаку, гімназіст пайшоў з пляцоўкі, на яго месца далі замену.
Дасталі з кустоў мяч, і суддзі загадалі перайграць падачу.
Толькі ўзляцеў мяч угару,— бах! — з сілай зрэзаў яго ўжо Станеўскі. Падалі мяч яму другі раз, ён рэзнуў зноў — малайчына ўсё ж такі зямляк, спрыту ў ім хапала!
Наступіў раптоўны пералом. Праціўнікі разгубіліся.
Цяпер гімназісты-балельшчыкі рабілі нейкія таямнічыя знакі. Нават не давалі сваім ігракам піць вады. Піскам і гвалтам прабавалі вывесці нас з раўнавагі, але нічога не дапамагала. Мы раптам авалодалі «пачуццём локця». У кожнага з нас была сіла дарослага. Мячы, як снарады, ляцелі на другі бок — страшныя, небжпечныя. Гімназісцікі баязліва тоўпіліся ля месца падачы — далей ад сеткі.
Адведаўшы асалоду ад дакранання да тугіх бакоў мяча, я ў прыемным азарце яшчэ не раз перабіў яго праз сетку.
З пляцоўкі нас праводзілі абразлівыя выкрыкі, але яны не маглі заглушыць перамогі ў нашых сэрцах.
6
Другую перамогу ў чужым горадзе я меў над Віліяй.. Пакупаўся я ў рэчцы і вылез на бораг. Мяне адразу абступілі хлапчукі, пачалі захапляцца:
— А-яй-яй!
— Ух ты-ы!
— Падабаюся вам? — не без прыемнасці праказаў я.
— А-га-а!
— А што трэба рабіць, каб мець такія мускулы? — асмялелі малыя ад маёй рахманасці.
Пытанне было нечаканае. Гэта людзі мяне лічылі асілкам, але сам я не адчуваў сябе ім і ніколі не задумваўся, як яны атрымліва-юцца.
Я пачаў наследаваць выкладчыка фізкультуры і раіць малым тое, чаго сам ніколі не рабіў:
— Трэба абцірацца халоднай вадой кожную раніцу. Вы абціраецеся?
— Не-а...
— Ну!.. А яшчэ трэба рабіць кожную раніцу гімнастыку. Есці цукар. Класціся спаць і ўставаць рэгулярна...