— Янку, табе варта з ёю пазнаёміцца!
— Што ж, давай вучы мяне добраму тону! — Зрабілася надта смешна, як падыдзе гэта да мяне.
Дануся пачала тут жа перакладаць:
— «За сталом ніколі не падчышчай талеркі, не хапай апошні кавалак хлеба, няхай ён лепш застанецца...»
— Брахня!— перабіў я.— Бываў у вашых рэстаранах і бачыў, як вы там ясцё! У нашай мясцовасці правілы добрага тону такія: калі ты ясі, даядай да канца, не псуй харчоў, памятай, іх дабываюць потам!
Дануся не ведала, што адказаць.
— Чаго так узіраешся, мо няпраўда?! Бачу, колькі ваша Антося кожны дзень вывальвае недаедкаў у скрыню,— хапіла б яшчэ на цэлую сям'ю! Ваш Гектар нават каўбасу не заўсёды і не адразу з'есць: сем разоў панюхае, тады зробіць ласку і праглыне!.. Вас бы, буржуяў, патрымаць з тыдзень на адной вадзе, каб вы пазналі цану хлеба!.. Адным словам, ясна. Чытай далей!
— «Чаму так мала людзей, прыемных у размове? Бо кожны ду-мае больш аб тым, што хоча сам сказаць, чым аб тым, што гаворыць яго субяседнік... Замест таго каб яму пярэчыць, перабіваць яго, трэба ўваходзіць у спосаб яго мыслення, у яго густ...»
— А-га, і яшчэ падтакваць яму?
— Янку, але ж нельга і крыўдзіць, абражаць чалавека толькі таму, што ты з ім не згодзен!
— Ну, такая філасофія мне не падыходзіць!
— Але ж чаму?
— Хто-небудзь будзе малоць глупства, а мне трэба не толькі цяр-пець, а яшчэ і «ўваходзіць у спосаб мыслення...»? Дык ён можа дагава-рыцца да таго, што пасля яго слюў яму трэба будзе набіць морду!
— О-ей, Янку, чаму ты такі рэзкі, бескампрамісны, грубы! Я не збіраюся рабіць з цябе графа, але хачу навучыць, каб не быў такім дзікуном. Так вучыся! Ёсць жа цэлая навука, як сябе паводзіць сярод людзей!
— Табе здаецца, што я грубы. Бо цябе выхоўвалі на такіх пустых буржуйскіх кніжачках. Вучылі ўсюды быць добрай. А мяне бацька вучыў, што для ўсіх добрым быць немагчыма, бо тады трэба аднолькава кланяцца і разумным і ідыётам! Маці вучыла гаварыць усюды праўду і адно праўды трымацца. Я не грубы, я трымаюся бацькавай і матчынай філасофіі!
Дануся не ведала, што казаць.
— Гм, па-твойму, калі перада мной дурань гаворыць глупства, то ў імя твайго правіла, якое нехта там выдумаў у разбэшчанай Фран-цыі, я не маю права яму сказаць: ты дурань, змоўкні, не мялі глупства, а паслухай лепш, што скажуць разумныя. Яшчэ павінен падстройвацца пад яго тон, так?
— Ён жа таксама чалавек, Янку, яго таксама шкада!
— То няхай не будзе дурань, калі чалавек. А калі ідыёт, то які ж ён чалавек?
— Навошта ж яго абражаць, Янэк? Лепш знайдзі аргументы і пераканай яго імі!
— Да дурня аргументы, думаеш, даходзяць?.. Як бы не так!.. Я не абражаю, я дыягназ яму стаўлю, і ён павінен быць мне яшчэ ўдзячным за гэта!
— Трэба ж быць ветлівым!
— Ветлівасць — форма прытворства. У нас цярпець не могуць прытвор!
— У цябе гэта ад сялянскай праматы! Але ты павінен яшчэ набрацца і мудрасці, цярпімасці да людзей, пабрацца інтэлігенцыі... Каб мы селі есці, няўжо ты ўзяў бы апошні кавалак хлеба?!
— А калі б ты ўжо наелася і яго не хацела? Ён жа — прапаў бы!
— Мне магло б быць сорамна прызнацца, што я яшчэ галодная?
— Гэтага хіба саромеюцца?
— А — не? Падумай сам!.. Ты толькі так гаворыш, бо і сам апо-шнюю скібачку пры мне не ўзяў бы, бо ў цябе ж шчодрае сэрца, Янку!
— Гм... Во як перакруціла!..
— Нічога, паступова зраблю з цябе чалавека!