— На ўраджай! Напэўно — на ўраджай, так калісь старыя людзі казалі!
— Дай бог!
— Сокі ў дрэвах ужэ цякуць! Хутко на балоце і шчавей пакажацца, а там і краты зямлю скапаюць сваімі норамі.
— О-о, тады вясна ўжэ нарыхтык возьмецца — крот табе не стане брацца за работу, яе не чуючы!
— Будзе ўсё гэто, Тэклечка, напэўно будзе! А мы, галубка, з табой — бы тая трава ў жніво — і ў цяпле жывём, і ў выгодах, а — усыхаем, усыха-аем, з кожным днём сохнем! Званы — так і глядзі, зазвоняць над намі!
— Ой, дальбо, Хвядоро, праўду кажаш! Але — ніц не папішаш!
— О-о, ніхто шчэ ад гэтаго не адбрыкаўса — няма такога чалавека і не было! Макар мой, царство яму нябеснае, ТАМ унь з паўгода ўжэ — мне за ім даўно пара!..
— А дзяцей, а ўнукаў — на каго пакінеш?!
— Гэто толькі і трымае мяне шчэ на гэтым свеце, дальбо!
— Не-е, Зміцер мой — не скажу — трымаецца якось. Ноччу спіць добро і паесць можа... А пашлю куды, то хоць і пабурчыць, аднак і ў само Гродно з'егдзіць, і ў Бераставіцу ці ў Ваўкавыск нават. I ў магазін заўсёды ён у нас ходзіць. Пасядзіць, пасядзіць над сваёй Бібліяй, а скажу — за сумку і адпраўляецца! А то ў цілівізар вочы ўставіць. Калі здарыласа ГЭТО з Лаўрэнам, убіў сабе ў галаву, што і ён хутко памрэ. Як ні ўгаворуваю, а ён — сваё... Пакінула яго з малымі на падворку. На памінкі падмяню, бо выпіць, падло, любіць, але з-за ўнукаў нам абаім быць там не выпадае.
Працэсія з асфальту якраз павярнула на дарожку, якая вяла на могілкі. Скончыўшы хваліцца мужыком, Хвядора не прамінула прыгледзецца да «нівестак» нябожчыка, калі на павароце можна было паўзірацца да іх у профіль і ў анфас.
Праз хвіліну сказала, надта ўражаная:
— Але ж ты толькі падумай, Тэкля, старэйшы Нінчын хлопец такім быў, здаецца, цямцеляватым і недапечаным, такое мяло, а кралю адхапіў!
— Але. Нядарам, тыбачко, кажуць — хоць мужык, як шкарпетка, затое жонка яго — як кветка!
— I мы са Зміцерам дзівімоса над гэтым не раз!.. Толькі — бяздзетная. Што Нінчынаму Паўлу з яе красы — на хлеб мазаць да чаю? Без карысці яе краса!
— Мо шчэ родзіць.
— Дай ты ве-еры — яна ж сабаку завяла! Хібо такая пра дзяцей табе думаць стане? Рыхтык!
— Кажуць, мода цяпер пайшла такая ў гарадах... Але людзі гавораць — гэтая шчэ не найгоршая. Жонка меншаго зводзіла Лаўрэна са свету...
— А цяпер прыперліса — адная нявестка і другая на пахаванне. Як падумаю, то Лаўрэн надто ж адзінокім быў у тым горадзе!
— Адзінокімі прыходзяць на свет, адзінокімі і адыходзяць.
— Дальбо, праўда.
— Глянь, а што там Яворскі Стась робіць у Лаўрэнавым садку?
— Кару з яблынь абдзірае, якая шалушыцца!
— А-а, дрэвы збіраецца бяліць. Гаспадарлівы хлопец трапіў...
— Гаспадарлівы! Пару яблынь спілаваў, бо старыя... А Лаўрэну ўжэ ніц не трэ...
— Марыся, кажуць, Франака сваго так прасіла, так маліла, каб на пахаванне ўзяў!..
— А-ай, куды-ы ёй! На днях заходзіла да яе... Не есць ужэ нічого... Страву толькі паныдзгае, паныдзгае... Даходзіць баба. Жыць, беднай, засталоса, бы той расінцы, што застыла на канцы лісточка — да першаго ветрыку... Папаляжала і так даволі!
— Папаляжа-ала, не дай ты божа!..
— О-ой, Тэклечко, паслухай!
З-над Нёмана вецер данёс жаласлізы енк кнігавак.