Лаўрэну надта нылі адзеравянелыя ногі. Чаму ж ім было не дзеравянець: мароз не грэе, як чарната — не адбельвае. Магільная халадзіна дабіралася да яго знізу і цераз мох. Сваё цела стары чалавек неўзабаве стаў адчуваць, бы чужое, а самога пачала разбіраць тупая абыякавасць. Хіліла да сну.
Паступова яго ўжо агарнула нават якаясьці салодкая млявасць. Зрабілася ўсё роўна ад таго, што дубянее, а знаёмыя з дзяцінства сілуэты дрэў, будынкаў і родны подых ветрыку ды пошум тых самых кустоў скрозь санлівую апатыю навеялі зноў шчымлівыя ўспаміны — гэты ўдзел жывых і адна з апошніх радасцей чалавека на парозе развітання з жыццём. Яно раптам бліснула ўдалечыні светлымі, вясёлымі, цёплымі і жаданымі праменьчыкамі.
Паступова ён і паддаўся гэтым хваравітым і салодкім успамінам якогасьці лунаціка, забыўшыся ўжо цалкам, дзе ён і што з ім адбываецца.
На момант Лаўрэн спахапіўся, што так і сядзіць на тым самым валуне. Цела яго адзеравянела зусім. Завейка ўсё мацнела, і нізка над зямлёй цяклі ўжэ рэдкія белыя струменьчыкі, а сняжынкі за шыяй пяклі агнём. Ён машынальна падняў каўнер, але гэтага было мала. Каб дарэшты не акалець, трэба было ўзняцца ды валачыся далей — хацелася яму гэтага ці не хацелася, бо магла здарыцца бяда.
Толькі валачыся не было куды.
Пошум ветрыку прыкалыхаў Лаўрэна зноў.
Яму ўжо надта засвярбелі натруджаныя ногі. Свярбелі так, што хоць ты крыкам крычы. Цярпець больш аніяк не мог. Ён загаліў калашыну зрэбных кальсон абедзвюх ног, пачаў смачна чухаць лыткі і аж млець ад асалоды. Ох, як зрабілася прыемна! А тут аднекуль выскачыў жэўжык Блёскін, а за ім — Курачкіна, Самойла і Шалкевіч. Піянеры прысталі да яго:
— Вы нямецкі сцяг з вайны прынеслі?
— Не...
— А пісталет?
— Дзядзя-а, а майго дзеда па вайне не ба-ачылі?
— З чым ты, маляўка, прыстаеш да чалавека?!.
— Бо — ку-урыца бязмозглая, а не Ку-урачкіна!
— Не цябе пытаюся, дурань, адыдзі!
— Сама дурная!
— Адыдзі, бо Ліпе Вацлаваўне скажу!
— Ну і кажы-ы!
— Дзядзя, а нямецкі сцяг...
Але піянераў неўзабаве не стала.
Дзесьці побач лямантавала ўжо невідочная Кіра:
— Ігар, ты куды палез?
— Я за-араз!
— Ігар, табе кажу!
— За-араз!
— Доўга паўтараць буду?
— Ма-ам, гэтая лужа — тонкая зусім!
— От зара атрымаеш за яе!
— А дзед мне дазваляе па тонкіх лужах хадзіць!
— Дам шчэ і твайму дзеду!
— А-ай!..