«Што ты мне трэліш, Маркевіч?! Ёо-о, маё-о! Каб я большаго клопату не меў — на жызню маю і з патрэсканым фундаментам халупы хопіць!» — бесклапотна кінуў той.
У 1944 годзе Крапака з Лаўрэнам бралі ў савецкае войска, але і з таго часу добрага ўспаміну аб чалавеку Лаўрэн не захаваў.
Пасля вайны ні на адной рабоце прымак доўга не затрымліваўся, бо кожная яго нудзіла — круціўся сярод тых, каго Лаўрэн не паважаў. Меў аж чатыры дачкі. Вечна ездзіў у горад прадаваць самагонку ды бабам прывозіў модныя кофты, касынкі, іголкі для швейных машын, ніткі для вязання, лаўровы ліст ды ванільны корань на цеста, покуль участковы Касцевіч, якога ў вёсцы звалі Панімаеш, не паклікаў Лаўрэна панятым, не канфіскаваў аж два самагонныя апараты, не ўляпіў штраф і не абарваў Крапаку гандаль.
Не адставала ад свайго Зміцера і яго жонка. Вясной і летам яе агарод зарастаў лебядой ды малачаем, затое кожнаму ў вёсцы яна давала парады, а ў бабскай кампаніі толькі і чуваць быў яе грамавы голас.
У калгасе Крапакі працавалі мала. Іхнія дзяўчаты, як толькі вы-раслі, адна за адной выйшлі замуж і пераехалі ў Гродна да сваіх мужыкоў.
Зараз чалавек зусім не збіраўся крыўдзіцца на земляка за панятога — сыпануў на Лаўрэна інфармацыю:
— Чуў? У зэшлым тыдні Кавальцоў Макар памёр!
— Ты што-о?!.— сумеўся Лаўрэн.
— Так, так, браце, дала ўжэ і нашаму Макару жаба цыцкі, царство яму нябеснае! Канец! А такім здаравяком удаўса — у-ух, і здаро-овы, куды мне, здэхлі, да яго. Памятаеш?
— Чаму ж не...
— Што-о ты?! Ніколі не хварэў і не кашляў нават, ні на што не скардзіўса! Нічого яму ніколі не балело — нават і зубы!.. Ух, які здаро-овы бы-ыў, ёо-о, маё-о! Левай рукой трымаў навясу дошку, а правай — трохцалёвы цвік заганяў у яе! Нават ты б гэтак не змог, хоць таксамо — я добро ведаю — не ўломак! Мажнейшы нават за цябе быў — куды-ы! А як шпарыў на балалайцы, калі вы са сваёй аркестрай, хаваючыса ад пана Куксы, па вёсках швэндалі за «польскім часам» ды за Беларусь агіціравалі! Праўда, апошні час горбіўса. Аднойчы я спытаў: «Макар, чаму ты стаў хіліцца?» А ён адбрахаўса: «Толькі пусты колас тырчма стаіць, Зміцер, а жыто, чым больш дабра ў сабе мае, тым цяжэйшае і тым ніжэй да зямлі хіліцца». I во!..
— Што ж, смерць не выбірае і не мінае! — уздыхнуў, крануты за жывое весткай, Лаўрэн.
— Але, не перабірае, ісціная праўда. А паслухай, як было! Лёг звечара нармальным зусім чалавекам, а раніцой жонка дзівіцца — чаму яе Макар так доўго не паднімаецца, чаго спіць так много,— ён жа збіраўса ў горад ехаць і ніколі з ім такого не было. Ладно, думае Тэкля, хай шчэ крыху паваляецца, усё роўна цяпер работы мало, а ў Гродно другім рэйсам паедзе. Напякла аладак. Шчэ падаіла карову, прыпасіла мужыку свежанькага малачка і падыходзіць упэўнено будзіць гаспадара на сняданне. Добро прыглядаецца, а ён — гатовы ўжэ, ёо-о, маё-о! Але ты скажы, якую лёгкую смерць меў — бы па заказу!
— Лепш хай бы не паміраў...
— I мне яго шкада, думаеш — не? I от, скажы, Лаўрэне, пасля смерці чалавека больш за ўсё ўразаецца ў душу яго голас, інтанацыя, смех! Так і стаіць Макарава гутарка ў вушах, куды б я ні ішоў! Чаму гэто, як, па-твойму, га?
— Не ведаю...
Лаўрэна было Крапаку як бы замала. Цяпер ён звярнуўся і да пасажыраў.
— Думаеш, усё? Фігу! I Нюрка Семярышына — тая, у якой немцы на вачах пад самым акном у агародчыку сына забілі, што дарогу не так ім паказаў,— богу душу таксамо аддала! Адмэнчылася ўжэ і яна! Ведаеш, цяпер, халера на яго, высакосны рок, каб ён хутчэй рагануў, каб ён, бо так і глядзець трэ, так і ўважаць! Столькі паўмірало, а ўсе калісьці былі гэткімі маладымі, фартовымі і файнымі! А якія дзеўкі галасістыя былі і добрую ноту мелі, хлопцы якімі юрлівымі былі, як па танцах у каблук давалі.— ніхто цяпер і веры не дасць, ёо-о, маё-о!
Вядома, з гэтым летуном, як на вёсцы звалі Крапака, Лаўрэн не толькі не вадзіўся, але вечнага няўдачніка і недалэнгу яшчэ і не любіў. Зміцер і зараз быў яму непрыемны, бо гаварыў ва ўсё горла — як бы напаказ. Лаўрэн ад яго ахвотна схаваўся б, але ж куды ты дзенешся — аўтобус для ўсіх, і спадарожнікаў у ім не выбіраюць. А яшчэ ён адчуў, што цяпер не толькі Зміцеру, а і астатнім вяскоўцам ён — бы той дыпломнік, што з Мінска, Ленінграда, Кіева ці з Масквы едзе ў, родную вёску. Увагу, роспыты, зайздрасць і цікавасць кожнага земляка яму давядзецца цярпець на кожным кроку. Могуць казаць яшчэ і не тое — нічога на гэта не параіш.
— А помніш, ях у войску мы на вуліцу Гувера бегалі, як нам цёнгле не хапало няшчасных пяцьдзесят грошай?! А каравокую Зюту Бельскую не забыў, з-за якой Шпакоў Васіль, царство яму нябеснае, рукі на сябе наклаў? А такі-і чалавек быў і гэтак са свету звесці сябе, ёо-о, маё-о!.. Але ж, скажу табе па шчырасці, з яе і баба была апіцітная, а ёо-о, маё-о! З-за такой і можно было — хоць на край свету, хоць у самае пекло, хоць нават і жызню ўсю выкласці! Як гляне тымі сваімі карымі вачыскамі — чалавек млеў адразу! А дасціпная і за словам у кішэню не ле-езла, не-е! Памятаеш, калі ты, Касцевіч, я, Васіль і Зюта тупалі цераз парк каля тэатра. Ідзём, гутарым пра нешто. Спаткалі Зюціну зямлячку — несла новы градуснік з магазіна і пахваліласа: «Купіла во, каб ваду панскім дзецям мераць перад купаннем». А Зюта ёй: «Я выдатна без градусніка ўвесь час абыходжуса і панічоў маіх чорт не бярэ! Малое ў ванне запішчыць, тады ўжэ ведаю — вада загарачая, трэ халоднай даліць!»
Крапак уважліва прыглядзеўся да Лаўрэна:
— Ну ж і выгляд у цябе, браце, скажу табе шчыро, а ёо-о, маё-о! Бы ў таго пана Вішпінга — дай ты веры! Столькі гадоў маеш, усю сваю жызню таксамо тыраў, дай бог — на маіх вачах было, а — хоць бы дзічкі! Твар — бялявы! Сам — мажны! А такая файная куртачка на плячах шчэ з цыгейкавым падбіццем і, мабыць, цёплая, лёгкая ды не прамакае, праўда?
— Чаму я маю быць мізэрны і аблахмочаны?! А куртку — Уладзік падарыў.
— Ы-ы-ых, і залатыя зубы ў яго! Ёо-о, маё-о! А я ўсё мяркую, а я ўсё гадаю, а я ўсё ламаю сабе галаву ды ледзьве мазгі не звіхну, што ў Маркевіча нашаго так моцно змяніласа, чаму стаў якімсьці іншым, чаму яго зараз бы не пазнаць, чаго гэткі панскі зрабіўса? А гэто — золата поўны рот у яго гарыць агнём і ззяе на ўвесь аўтобус! А ў мяне засталіса, ведаеш, адныя крамы[49] дый тыя баляць — спасу-ратунку няма ад іх!
Лаўрэн адчуў сябе вінаватым.
— Уставіў у горадзе...
— Во-во! — нібы папракнуў Зміцер.
— Я не хацеў, дальбо... Але сыны прычапіліса, адзін і другі, як смала, прысталі — устаўляй ды ўстаўляй...
— Прымусілі?
— Куды дзенешса...
[49] Карані (мясцовае)