Кіра ўнікнула зноў:
— Я напэўно ведаю — твае ўхажоркі там шкадаваць Лаўрэна Яфіма віча адразу стануць, бытта есці тут старому чалавеку нявестка шкадуе ды галавы не дае куды яму прытуліць! А яшчэ прыпомняць абавязкова, што помніка мацеры так і не паставілі да гэтай пары!
— Без папа ведаем, што ў нядзелю — свято! Нікуды помнік не дзенецца — летам паставім!
— I год таму ты так гаварыў!
— Ну і не іх гэто сабачае дзело!
— Іх не іх, а напэўно брахаць будуць!
— Усім сабакам пыскі не параздзіраеш!
— Тым больш — трэ з гэтым лічыцца! Сам бацьку павучаў, як у горадзе яму паводзіць!..
Уладзік на жонку сашчаміў кулакі і аж збялеў:
— А ты, б-бляха, мяне, бачу, хочаш зноў даняць, зноў хочаш да белаго калена давесці, як тады, та-ак? То давядзеш, што шчэ раз білюценіць будзеш, я табе гэто абяцаю! Змоўкні, каму было ўжэ не раз сказано?
— О-о, найлепшае выйсце — рот мне заткнуў, і ўсё!
— А як з табой, б-бляха, іначай?
Хвіліну ў напружанні маўчалі.
Прызвычаепы да вечных перапалак паміж бацькамі, сын успомніў пра свой клопат:
— Дзеду, сабацку мне прывязі! Ты абяцаў? Абяцаў, памятаеш? Саба-ацку хацу!
— Ладно, тату. Тады — валяй, калі ўжэ так вырашыў цвёрдо. Так табе захацеласа, то я ўжэ — пас. Едзь сабе, толькі не баўса там доўго.
— Я ж не на гулянку, Уладзік...
— Кіра, дай бацьку грошай на дарогу!
— У мяне свае е, што ты?!
— Дзе-еду, саба-ацку!..
— I хай сабе будуць! Трымай сабе іх, бо роднаму бацьку я шчэ магу і сам білет купіць, як, па-твойму? Магу ўпаўне і ў мяккі! Цэлую дзесятку нясі, жонка!
— Хіба ж я шкадую?
— Ма-ам, ты дзеду сказы, каб саба-ацку прывёз — ён мне абяца-аў!
Кладучы на стол грошы, маці на малога накрычала:
— Не дзвэнгай тут мне над вухам пра адно і тое самае — ты і так увесь у драпінах! Глянь, на каго ты падобны ў мяне — зірні на свае шчокі! Плюшавых сабак у цябе поўная кватэра! Унь на серванце, ля тэлевізара, на крэслах, на канапе — з імі сабе і гуляй, хто табе перашкаджае?
— А плюшавыя — з ануцы!
— Ну і што?
— З ануцнымі — сама іграй, я зверскага сабацку хацу! За шчаку Валеркаў кот мяне лапай укусіў!
— Не скрэндай, бо атрымаеш! Ты мне ўсе нервы выматаў сваімі фокусамі!
— Сама мне нервы разматала!