28.
У той кватэры ― з вялікай залай, з вазай з тоўстага крышталю на нізкім століку, бэжавай канапай ― былі людзі: дочкі, некалькі сваякоў, сяброў. Дзіўнае пачуццё: я размаўляла тут некалькі гадзін з Ірынай у поўнай цішыні, і вось цяпер гэтая цішыня засталася з ёй, а мы ― хто з дыктафонамі, хто з тэлефонамі, хто як ― працягвалі размаўляць. З другога пакоя пачуўся голас Аляксандра, які прасіў прабачэння, што не сустракае нас, казаў, што хутка выйдзе. Зайшлі ў кухню ― я адчула рэзкі водар прыпраў і шолах фольгі. Адна з дачок апускала ў духоўку вялізнага карпа, фаршаванага ўсім на свеце.
― Праз колькі гадзін трэба быць у калоніі? ― спыніў хтосьці яе рух.
― Праз чатыры. Ужо праз паўгадзіны яму трэба выязджаць.
Мы глядзелі на карпа, на рукі дачкі. Усе разумелі, што Казулін нічога не паспее ― хутчэй за ўсё, з’есць кавалачак у машыне, а астатняе прападзе.
― Добры дзень, паважаныя, ― ён з’явіўся ў дзвярах, высокі, апрануты ў чорны спартовы касцюм. Заняў сабой увесь дзвярны праём.
― Я адразу пераапрануўся, як ехаць, каб мы не гублялі потым часу, ― усміхнуўся.
Ён займаў пасаду рэктара ўніверсітэта, калі я паступіла на журфак. Памятаю, як першага верасня на свяце для першакурснікаў у парку атракцыёнаў вядучы абвясціў: «А сейчааас ― ррректор!» Але ніхто не падняўся на сцэну. Ужо некалькі хвілін высока над намі гуў верталёт. Ён апусціўся, гук паграмчэў, і мы задралі галовы. Тут дзверкі адчыніліся, і з верталёта выпала і разматалася вяровачная лесвіца. Хтосьці пачаў спускацца па ёй. Лесвіца пагойдвалася, фігура спускалася ўсё ніжэй і ніжэй, і ўжо бачная была белая кашуля, і гальштук цярэбіла ветрам. Гэта і аказаўся рэктар.
І вось я бачыла яго зноў ― без гальштука, без зухаватасці ў абліччы, са складкамі на шчоках, як быццам хтосьці прарэзаў іх ножыкам для паперы. Высокі, лысы. З іскрыстымі вачыма. Не рэктар, а палітык. Мы пазнаёміліся, паціснулі адзін аднаму рукі. Карп запякаўся ў духоўцы, дочкі стаялі, абдымаючы бацьку з двух бакоў, і відаць, што, калі б не было нас, журналістаў, яны віселі б у яго на шыі і сядзелі на яго каленях. З’явілася віно ў вялікіх келіхах ― я ж не п’ю віна!.. ― Казулін папрасіў усіх частавацца. Адзін з яго сяброў, у якім таксама адгадваўся былы кіраўнік, ці, можа быць, вучоны ― з годнасцю у паставе, з «радыйным» голасам, падняў тост за хутчэйшае вызваленне ― да дна. Што рабіць ― я выпіла ўсё са свайго келіху.
Дзіўна было ўсё гэта: Казуліна з вялікім скандалам выпусцілі на тры дні пахаваць жонку, і ён за гэты час даў некалькі прэс-канферэнцый, сустрэўся са сваёй партыяй. А цяпер стаяў ― сцішаны, спакойны, і я магла толькі згадваць яго ранейшага. Мы, вядома, не паспелі нічога з задуманага: нават дастаць сямейны альбом, які хацелі пагартаць разам. Задавалі пытанні. Ён адказваў, але не як на інтэрв’ю, а проста, неафіцыйна. Глядзеў у вочы. Я памятала, што ён палітык, і спрабавала разгадаць, сапраўдная ці напаўсапраўдная яго шчырасць. Спыталі яго, чаму ён рабіў такія дзіўныя рэчы ў гэтыя дні. Ён маўчаў. А потым аднекуль з глыбіні засяроджанасці прамовіў:
― Калі я даведаўся аб яе смерці, я ледзь не разнёс турму. Я біўся ў дзверы, у сцены, я крычаў, што калі мяне не выпусцяць, гэта застанецца назаўсёды на іх сумленні. Зноў абвясціў галадоўку. Абвінавачваў прэзідэнта ў гэтай смерці. Я не мог больш там сядзець! І калі мяне нарэшце адпусцілі на гэтыя тры кароткія дні ― спачатку я працягваў шалець. Я даваў інтэрв’ю, у якіх усё гэта казаў. Але цяпер, пасля пахавання… У мяне няма больш ніякіх крыўдаў. Я не ведаю, можа, яны з’явяцца зноў. Але вось ужо суткі, як я не злуюся нават на прэзідэнта. Я дараваў усім. Як можа быць інакш у такія дні? Ува мне больш няма лютасці. Толькі…
«Пакора?» ― падумала я.
― Толькі мір. І каханне да маёй жонкі. Вядома, шкада, што мы так доўга былі ў расстанні і яна памерла не ў мяне на руках. Але на ўсё воля… Божая. Ведаеце, мяне ўразіла, што людзі прыехалі на пахаванне з усёй краіны. Я нават не магу ўспомніць раёна, з якога да мяне не падыходзілі б. І, ведаеце, яны падыходзілі, казалі пра Ірыну, а потым… прасілі не галадаць больш. Казалі, што і я ім патрэбны. І ўва мне прачнулася нейкае іншае пачуццё, адчуванне глыбіннай адказнасці за людзей. Я ўжо як быццам не вольны распараджацца сваім жыццём сам. Я раней казаў розныя словы… Напрыклад, што калі людзі хочуць, каб я быў жывы, яны павінны нешта для гэтага зрабіць. Цяпер я магу сказаць, што ніхто нічога не павінен рабіць. Гэта я ўжо людзям абавязаны. Я жыў дзякуючы ім. Калі прачытаць лісты, якія мне пісалі, то можна расплакацца. Пісалі дзеці, мне нават напісаў 86-гадовы чалавек!
Казаў ён ад душы ці не ад душы, я не ведаю, але яго словы клаліся ў мікрафон, які я перад ім трымала, і ішлі па кабелі, і па руцэ да майго сэрца. Я ніяк не магла запомніць, растлумачыць сабе, што Ірына памерла. Мне здавалася, што трагізму было нават больш, калі мы гаварылі з ёй, яшчэ жывой. Погляд мой выхапіў маленькі будзільнік на халадзільніку. Гэта ён звінеў падчас інтэрв’ю, калі Ірыне быў час прымаць лекі.
29.
― Яшчэ не прыехалі? ― не называючыся, пытаўся Цімох ў трубкі. ― Гэта зноў мы. Яшчэ няма?
Я заканчвала мантаваць інтэрв’ю: мы хацелі выпусціць яго сёння, няхай нават позна ўвечары. Машыне, у якой ехаў Казулін, на кожным пасту загадвалі спыніцца. Павольна правяралі дакументы, колы, багажнік… Але побач спынялася без загаду іншая ― якую вёў сябра Аляксандра, падобны да вучонага, ― і пасажыр, не парушаючы закона, перабіраўся ў яе. Пакуль ДАІ разгублена заканчвала праверкі, Казулін ехаў ― да наступнага паста. Праз нейкі час іх даганяў першы кіроўца ― і фокус паўтаралі.
― Навошта яны гэта робяць? ― пыталася я ў Цімоха. ― Ён жа ўсё роўна едзе ў турму.
― Думаю, яны дабіваюцца, каб ён спазніўся і лічылася, што ён уцёк.
«Я з пакорай прыму ўсё, што мне падрыхтавана», ― чула я ягоны голас у навушніках. Баюся, што калі надрукаваць гэта ― будзе адзін пафас, прыгожыя агульныя словы. «…Г эта значыць, вы больш не будзеце галадаць?» ― «Я нават не буду парушаць рэжым».
А вось голас дачкі ― яго дарожка на камп’ютары была менш густая і высокая: «Не, чарнавікоў ці накідаў кнігі я не знайшла». Трэба будзе аднойчы падказаць ёй паглядзець запісы на дыктафоне. Але толькі пазней, калі жалоба скончыцца.
У рэдакцыі было ціха ― толькі мы з Цімохам ды Сямёныч у студыі. Адчуваўся ледзь улоўны пах паралонавых насадак на мікрафон, гумы на навушніках, пластмасы дыктафонаў, белай паперы для прынтару ― пах радыё. І яшчэ паветра берагло пах кавы і шын ровара, які стаяў каля дзвярэй. Я адчыніла дзверы:
― Ці можна начытацца?
― Так.
Голас павінен быць сур’ёзным, афіцыйным, але не сумным. Нейтральны халаднаваты голас. У мяне не выходзіла. Я паўтарыла першы сказ. Ужо пятнаццаць разоў.
― Начытай алфавіт, а я сам нарэжу, ― паўтарыў Сямёныч барадаты жарт. І я пачала:
― А. Б. В. Г. Д. Дж. Дз…
30.
Раніцою не прачнуцца. Я вярнулася ўчора ўпоцемках, пасля таго як мы павесілі на сайт сюжэт і абнавілі навіны: «Машына з Аляксандрам Казуліным паспела ў калонію за хвіліну да прызначанага тэрміну…» ― і гэта не журналісцкія маніпуляцыі ў загалоўку, а праўда. Скрозь дрымоту я чула, як грукоча па карнізе дождж. Я прачыналася некалькі разоў уночы, а ён усё стукаў, стукаў, стукаў, стукаў і не спыняўся.
Калі ўжо ўзнялася, згадка пра саснёны сон прыйшла да мяне. Я ў нейкай загараднай вялікай напаўпустой, з рэхам, сядзібе сяджу на прэс-канферэнцыі. Яе дае прэзідэнт. Я задаю яму пытанні. Адно за другім. Гляджу на яго і баюся, што ён можа загіпнатызаваць мяне.