- Дазвольце мне не адказваць на ваша пытанне. Калі-небудзь вы зразумееце самі.
- Гэта здрада! - закрычаў Антановіч. - Здрада! Здрада! - Ён быў страшны. Радзімая пляма на шчацэ зрабілася попельнай.
- Апамятайся, Восіп, - загаварыў Сокалаў. - Гэта абсурд.
Студэнт павёў вакол няўцямнымі, амаль вар'яцкімі вачыма, бяссіла апусціўся на лаўку і, абхапіўшы голаў рукамі, заплакаў.
- Ён страляў у нас... Ён забіў Дамарацкага... - вырывалася ў яго скрозь усхліпы. - Мы разам раслі... Яны не шкадуюць нас, а мы... Я павінен быў забіць яго... Хоць аднаго ворага... Хоць аднаго...
- Удзел у паўстанні вымяраецца не колькасцю забітых, - прамовіў Тапор. Ён глядзеў на юнака са спагадаю.
Плечы ў Антановіча трэсліся. Гэтае відовішча было для параненага невыносным, і ён не вытрымаў:
- Восіп! Панне Гелене было б сорамна за цябе.
Нягучныя словы падзейнічалі адразу.
- Што ты сказаў? Якое права ты маеш згадваць тут гэтае імя?
- Яно дарагое і мне, - мякка адказаў Сокалаў.
- Што?! - Студэнт ускінуўся на ногі. Ён ужо не плакаў.
- Утаймуй сваю недарэчную рэўнасць, - з лёгкім сумам адазваўся паранены.
- Я хачу, каб ты выказаўся ясней!
- Восіп, мы не адны.
- Я патрабую!
- Ну добра, - пакутліва чырванеючы, сказаў Сокалаў. - Я... прызнаўся панне Гелене... у сваіх пачуццях.
- Вось як! - пагрозліва прамовіў Антановіч.
Тапор з ад'ютантам глядзелі кожны ў сваё вакно.
- Я рады, што ты супакоіўся, - сказаў Сокалаў.
- Я супакоюся толькі тады, калі ты скажаш мне ўсё.
- Няўжо ты не разумееш? Восіп, ты павінен быць варты яе кахання.
Антановіч падбег да параненага і імпэтна пацалаваў яго. Збянтэжаны і разгублены, не ведаючы, што рабіць, ён прысеў поруч з Сокалавым на палок.
У запанавалай цішыні з'явіўся нейкі новы гук. Гэта было таканне ходзікаў. Дождж высільваўся, неба ўжо не грымела.
Тапор* разгарнуў на стале мапу.
* З тае прычыны, што інсургенты, якія сталі героямі гэтай гісторыі - рэальныя асобы і названыя тут сапраўднымі імёнамі, неабходна заўважыць, што пад мянушкаю Тапор хаваў сваё імя адзін з прадстаўнікоў «чырвонага» крыла паўстання, на той час вайсковы начальнік Магілеўскай губерні Людвік Звяждоўскі (1825-1864).
- Будзем прабірацца ў Магілеў, - сказаў ён пасля роздуму. - У бліжэйшым маёнтку зменім адзенне. З Магілева - на захад, туды, дзе паўстанне працягваецца.
За вокнамі пасвятлела, на небе з'явіліся акраўкі блакіту.
- Апроч таго, - прамовіў камандзір, - у нас ёсць прычына зрабіць у Магілеве візіт нейкаму пісару Савінічу. Вы чуеце, грамадзянін Антановіч? Калі вы будзеце настойваць, мы, бадай што, даручым гэты візіт вам.
Студэнт кіўнуў стрымана, але ў ягоных вачах была ўдзячнасць.