Рабаціністы пісарчук, які, чакаючы паказанняў, ловіць мух, пакутліва моршчыцца, каб не засмяяцца. Следчы ўспыхвае, як дэвотка ад скаромнага слова, і колер сурдута падкрэслівае малінавую чырвань яго твару. Мінае не менш хвіліны, перш чым ён здольны весці допыт далей.
- В таком случае... - Явецкі імкнецца гаварыць па-расейску лепей за прыроднага русака, але ў раздражненні ў яго непазбежна вынырвае аднекуль польскі акцэнт, і гэта толькі прыспорвае пану следчаму зласлівасці. - У такім разе, міласцівы гасудар, я таксама адзначу адну дзіўнасць. У нататках нейкага падарожніка ёсць згадка, што па Егіпце ён вандраваў у турэцкім уборы. А сярод вашых рэчаў, адпраўленых у Смалічы пасля арышту, знайшлі дакладна такі ўбор. Вось шаравары, вось зялёны турбан, вось такія самыя похвы з зорачкамі...
Ён выкладвае свае трафеі з шуфляды на стол, які робіцца падобны да прылаўка дзе-небудзь на ўсходнім базары.
- На вашу думку, усё гэта з'явілася ў маёнтку таксама ў выніку майго візіту?
- Цалкам магчыма.
Пісарчук у кутку прыкусвае губу і адварочваецца да сцяны...
Зразумей мяне правільна, Ежы. Я не строю з сябе героя, я проста хачу пераканаць цябе, што нават у самым цяжкім, невыносна цяжкім становішчы, калі ўжо, здаецца, няма і не можа быць ніякага выйсця, у чалавека абавязкова застаецца магчымасць барацьбы.
Чую тваё пытанне:
- А дзеля чаго, вуек, ты вёў гэтую барацьбу? Ці не разумней было б прызнаць неабвержныя факты?
Ты кажаш, што тады яны, прынамсі, пакінулі б мяне ў спакоі і не цягалі на бясконцыя допыты. А ведаеш, якую шалёную радасць чуў Мікалай, калі пасля Сенацкай плошчы сябры расейскіх таварыстваў давалі паказанні? Мы з табой не маем права папракаць гэтых пакутнікаў, але я ні за якую ўзнагароду не згадзіўся б падараваць падобную радасць рыцарам з Трэцяга аддзялення. Лёс даў мне выпадак паказаць стаўпам прастола іх бяссілле, і адмовіцца ад такога шанцу было б злачынствам перад сумленнем.
І потым, допыты падабаліся мне. Не рабі круглыя вочы - сапраўды падабаліся. Не толькі таму, што я бачыў перад сабой ворагаў і мог з імі змагацца. Наглядчыкам і канваірам забаранілі са мною размаўляць, і допыты сталі адзінаю ніткай сувязі са знешнім светам. Тут я мог уведаць хоць кроплю з таго, што чыніцца па-за межамі маёй клеткі. Часам я чакаў допыту, як вандроўнік у пустэльні чакае глытка цёплай вады з амаль пустой біклажкі.
Аднойчы новы ўжо следчы, відаць, маючы на мэце паказаць мне, які лёс чакае любое паўстанне, паведаміў, што ў Вене быў мяцеж, але войскі імператара ўзялі горад.
- Думаю, у Венгрыі ім будзе цяжэй, - ва ўладзе нейкага натхнення заўважыў я, хоць на самой справе не меў аніякага ўяўлення аб тым, што адбываецца ў Венгрыі.
- Разгром угорцаў - справа самай блізкай будучыні, - адчаканіў чапурысты следчы. - Тым больш імператар Франц Іосіф звярнуўся па дапамогу да нашага гасудара.
- Значыцца, у Венгрыі таксама рэвалюцыя?! - Я не мог дый не хацеў хаваць радасці.
- Але ў Расеі мы яе не дапусцім, пане Незабытоўскі.
Праз колькі дзён я неспадзявана змог выкарыстаць навіну. На мяне заманулася паглядзець усяму сінкліту. Я кажу пра Віленскую следчую камісію. Напачатку яе старшыня Чаваці - яўны ўгорац і прозвішчам і абліччам - дзеля праформы пацікавіўся, якія пытанні ёсць у падследнага. Тады я і спытаў, што пан падпалкоўнік адчувае ў дні, калі яго браты па крыві ваююць за свабоду. Трэба было бачыць, як ён ускочыў з крэсла. Дарэчы, той допыт фактычна пачаўся і скончыўся маім пытаннем.
Ты змеціў, Ежы, што ў палове папярэдняй старонкі літары раптам пачалі падскокваць і напаўзаць адна на адну, нібы іх выводзіла чужая рука, а потым зноў выраўняліся. Я дапісаў тую старонку цяпер, а тады, учора, знячэўку праваліўся ў нейкі нязвычны сон, дзе мая свядомасць растала, як сняжынка на нечай далоні. Нам з табой пашанцавала: на варце быў якраз мой дабрадзей. Ён забраў спісаныя аркушы, а апошні схаваў у мяне на грудзях. Сёння я распароў край пярыны, і на будучае мы дамовіліся, што тут будзе наша схоўка.
Гэтае глухое забыццё было так падобна на смерць... Затое цяпер, быццам у адплату, я чую прыліў сіл, напэўна, здолеў бы нават падняцца і зрабіць колькі крокаў. Але не буду рызыкаваць, бо павінен закончыць гэты ліст. Суткі нябыту - папярэджанне, што трэба спяшацца.
Яшчэ два словы пра следства. Пан Явецкі вярнуўся ў Варшаву залагоджваць нездаволенага патрона. Справу перадалі ў ваенны суд, я адмовіўся даваць паказанні, і абвінаваўчы акт стаўся ўадначас прысудам. Што-што, а судзіць у нашай імперыі ўмеюць. Аднак хопіць пра гэта.
Дык вось, Ежы, сёння я прачнуўся з дзіўным адчуваннем, што ў сне рака часу зрабіла плаўны паварот і я зноў трапіў у блаславёную пару дзяцінства. Я ляжаў з заплюшчанымі вачыма і быў дванаццацігадовым хлопчыкам, што часта прахопліваўся сярод ночы ад нейкай шчымлівай радасці. За вокнамі пансіённага дартуара гуляў вецер, сябры спалі, а я ляжаў пад цёплаю коўдрай і думаў, што мне наканавана незвычайнае, не такое, як у іншых, жыццё. Я не разумеў і не мог разумець, у чым яго незвычайнасць, трагічным ці шчаслівым яно будзе, але я і не прагнуў такога разумення - было дастаткова радасці, ад якой замірала душа.
Сёння я зноў перажываў тыя хвіліны. І раптам час абрынуўся на мяне шалёным вятрыскам, і за адно імгненне пранесліся ўсе астатнія гады.
Я адплюшчыў вочы: на цёмнай сцяне зімовы ранак ужо накрэсліў вакенца з кратамі. Дапусцім немагчымае, падумаў я. Той хлопчык у хвілю шчаснага бяссоння ўбачыў вязніцу і сябе самога на гэтых тапчагах. Як бы ён жыў далей?..
Мне здаецца, у кожнага чалавека быў ці яшчэ будзе дзень, гадзіна або адзін момант, пра якія мы можам узгадаць часам толькі праз шмат гадоў, а мо і зусім не ўзгадаем, але менавіта ад іх і пачынаецца, па сутнасці, наша жыццё.
У Італіі я быў знаёмы з невідушчым жабраком. Вінчэнца - так звалі гэтага старога, якому не было і сарака, - распавёў мне сваю гісторыю. У маленстве, гуляючы ў руінах замка, ён міжволі стаў сведкам расстрэлу. Каля абымшэлай сцяны аўстрыйскія салдаты расстрэльвалі трох італьянцаў. Самы малады з іх перад залпам крыкнуў: «Перадайце маёй маці, што я нікога не выдаў!»
Вінчэнца рыхтаваўся атрымаць спадчыну ад дзядзькі-банкіра і стаць добрапрыстойным буржуа. Замест гэтага ў няпоўныя пятнаццаць ён стаў карбанарыем. Сляпым яго зрабілі аўстрыйскія астрогі.
Такі дзень ёсць і ў мяне. Мне было сем ці восем гадоў, якраз той узрост, калі чалавек яшчэ неўміручы і жыве ў суладнасці з усім светам. Я гойсаў па маёнтку і забег на псярню пагуляць са сваім сетэрам. Ежы, тое, што я ўбачыў, і цяпер стаіць уваччу. На псярні секлі прыгоннага хлопа. Ён быў распнуты на шырокай лаве, і па спаласаваных рамёнах бег тонкі чырвоны струмок.
Колькі разоў я чуў потым свіст таго бізуна і бачыў прывязанае да нахілёнай лавы маладое цела! Сон паўтараўся шмат разоў, нібы нехта дбаў, каб я заўсёды памятаў той дзень і чорныя ад болю і нянавісці вочы таго чалавека... Ён ненавідзеў і мяне, дагледжанага паніча, які ў жаху знерухомеў на парозе.
Можа, цяпер я заслужыў ягонае дараванне?
Я пабадзяўся па свеце, Ежы, але нідзе не бачыў большага здзеку з чалавечае годнасці, чым у гэтай імперыі. За самае мізэрнае непаслушэнства чыноўніка - на гаўптвахту, студэнта - у салдаты. Гэта, так бы мовіць, свабодных падданых. А што казаць пра рабоў?