Гэтым разам ён зрэагаваў імгненна.
«Але яны заўсёды будуць, ваша вялікасць. Як бы вам ці мне ні хацелася іншага. I яны ніколі не пагодзяцца з лесам, які абралі не самі. Ніколі, ваша вялікасць».
У ягоным голасе ёй прымроіўся сум. Аднак, седзячы пры бюро над няскончаным лістом, яна разумев, што памылілася.
Трэці раз паляўнічы смяяўся, калі яна запыталася, якую ўзнагароду ён хацеў бы атрымаць на памяць пра сённяшнюю ноч: гэты збудаваны адмыслова дзеля яе прыезду палацык, грошы, пярсцёнак з дыяментам?..
Ён хутка абарваў смех.
Яму будзе досыць успамінаў пра шчасце дзяліць ложак з імператрыцаю.
Яна не ўзялася б сцвярджаць, што шчырасць гэтых слоў была разбаўленая нечым іншым, аднак якраз пасля ix яна i вырашыла застацца сам-насам з сабою...
Сонца даўно ўзышло. Гадзіннік паведамляў, што да ранішняга дакладу менш за гадзіну, а на восем раніцы прызначаны ад'езд.
Імператрыца перачытвае ліст да сына i застаецца незадаволенай. Ды часу што-небудзь дадаваць няма: у спальню вось-вось увойдуць слугі.
Канчаткова развітваючыся з ноччу i пачынаючы дзень, яна падыходзіць да вакна. На Дзвіне, бліжэй да «польскага» боку, з'яўляецца рыбацкая лодка.
Нейкі момант імператрыца чуецца самотнай i стамлёнаю. Але яна з дзяцінства асвоіла навуку не папускацца хвілінам слабасці, калі жыццё раптам выдае марнай мітрэнгаю.
Страпянуўшыся, як вялікая птушка, яна вяртаецца да бюро i ставіць на лісце дату: 22 траўня 1780 года.
Час выклікаць слуг. Аздоблены двума купідончыкамі званок-лілея стаіць на кансолі каля высокіх цяжкіх дзвярэй. Імператрыца бярэ яго, i яе рука замірае.
Пад лілеяй ляжыць срэбны сыгнет.
Яна ставіць званок i разглядвае знаходку. Ювелір быў не з горшых: конны рыцар на пячатцы захаваў усе дэталі — ад астрогаў да шасціканцовага крыжа на тарчы. Сумневаў наконт уладальніка сыгнета ў яе не ўзнікае.
Дык, значыць, адмовіўшыся ад яе падарунка, ад яе платы за ноч, ён, гэты мяшанец, гэты шляхціч-вядзьмак, меў смеласць i нахабства заплаціць ёй самой...
3 глыбіняў яе «я» ўсплывае пякучае цёмнае жаданне пакараць, паказаць ліцвіну яго сапраўднае месца, давесці, што ён, няхай сабе ягонаму роду хоць тысяча гадоў, усяго толькі кузурка. Такіх, як ён, i яшчэ больш радавітых у яе ў імперыі нялічаныя тысячы, i кожнаму ў любы дзень лес па яе волі можа ўсміхнуцца, а можа i...
Там, у Рэчы Паспалітай, яны прывыклі да беспакаранасці...
Яна, як пацеркі, перабірае найбольш вытанчаныя пакаранні i раптам імпэтна бярэ пазалочаную лілею i звоніць.
На ранішнім дакладзе, выслухоўваючы сабраныя пра горад i намесніцтва звесткі, яна дазваляе сабе быць не надта ўважлівай.
Жыта каштуе ад рубля да паўтара рубля за чвэрць... Пуд сена — меней за дзесяць капеек... Мяса— дзве капейкі за фунт...
Усё значна таннейшае, чым ва ўнутраных губернях, адзначае яна i ўспамінае, якія мядзведзі водзяцца ў полацкіх лясах.
Мяшчане ўсім задаволеныя, але скардзяцца на адсутнасць медных грошай i недахоп залатых ды срэбных манет на размен асігнацыяў...
Не забыць распарадзіцца забраць тую мядзведжую шкуру з сабой...
Каменныя магазіны пад збожжа гатовыя, шпіталі будуюцца, жабракі сабраныя ў багадзельні...
Трыста рублёў яна дае на жабракоў...
Ён быў такі салодкі...
Пяцьсот рублёў на праваслаўны Богаяўленскі манастыр...
А потым салёны...
Недабор падаткаў складае ўсяго дваццаць рублёў...