Вакульскі выслухаў усе праекты. Удзельнічаць у адных адмовіўся, іншыя прыняў, але вагаўся. Шкада яму было пакідаць горад, дзе ён, прынамсі, мог бачыць панну Ізабэлу. Але калі ў чэрвені яна паехала да цёткі, а Сузін стаў прыспешваць тэлеграмамі, Вакульскі наважыўся і забраў усю гатоўку, што пакінула яму ў спадчыну жонка, – тыя недатыкальныя трыццаць тысяч срэбраных рублёў, якія нябожчыца трымала ў банку.
За некалькі дзён да ад’езду ён завітаў да знаёмага доктара Шумана, з якім, нягледзячы на ўзаемную прыхільнасць, бачыўся даволі рэдка. Доктар – жыд, стары кавалер, жоўты, малы, з чорнаю барадою – меў рэпутацыю дзівака. У яго ставала грошай, дык лячыў ён задарма і не больш, чым яму было патрэбна для этнаграфічных даследаванняў, а сябрам сваім ён раз і назаўжды даў адну параду:
“Ужывай усе сродкі – ад мінімальнае дозы алею да максімальнае дозы стрыхніну, і нешта з гэтага табе дапаможа, нават ад сапы[80]”.
Калі Вакульскі пазваніў у дзверы кватэры, дзе жыў доктар, той якраз быў заняты сартаваннем валасоў прадстаўнікоў розных расаў – славянскае, германскае ды семіцкае – і з дапамогаю мікраскопа вымяраў розніцу ў дыяметры іх папярочных разрэзаў.
– А, прыйшоў?.. – сказаў ён, павярнуўшы галаву да Вакульскага. – Наладуй, калі хочаш, сабе люльку, ды кладзіся на канапу, як змесцішся.
Госць закурыў і лёг, як яму было загадана, а доктар працягваў займацца сваёю справай. Нейкі час абодва маўчалі, нарэшце азваўся Вакульскі:
– Скажы мне: ці вядомы медыцыне такі стан розуму, калі чалавеку здаецца, быццам яго перш разрозненыя веды і... пачуцці зліліся нібы ў адно цэлае?
– Так. Пры сталай разумовай працы і добрым харчаванні ў мозгу могуць утварыцца новыя клеткі або злучыцца паміж сабою старыя. Ну і тады з розных аддзелаў мозгу і з асобных галін ведаў ствараецца адзінае цэлае.
– А што азначае такі стан розуму, пры якім чалавек робіцца абыякавым да смерці, затое пачынае згадваць легенды пра вечнае жыццё?..
– Абыякавасць да смерці, – адказаў доктар, – характэрная рыса сталага розуму, а цяга да вечнага жыцця – гэта прадвеснік старасці.
Яны ізноў замаўчалі. Госць курыў, гаспадар завіхаўся ля мікраскопа.
– Як ты думаеш, – спытаў Вакульскі, – ці можна... кахаць жанчыну ідэальна, не жадаючы яе?
– Вядома. Гэта адна з масак, якою нярэдка прыкрываецца інстынкт працягу роду.
– Інстынкт, род, інстынкт працягу чагосьці і працяг роду!.. – паўтарыў Вакульскі. – Тры азначэнні і чатыры глупствы.
– Зрабі шостае, – адказаў доктар, не адрываючы вока ад акуляра, – і ажаніся.
– Шостае... – паўтарыў Вакульскі, прыўздымаючыся на канапе. – А дзе ж пятае?
– Пятае ты ўжо зрабіў: закахаўся.
– Я?.. У мае гады?..
– Сорак пяць гадоў – час апошняга кахання, самага небяспечнага, – адказаў доктар.
– Знаўцы кажуць, што першае каханне самае небяспечнае, – ціха прамовіў Вакульскі.
– Няпраўда. Пасля першага нас чакае сто іншых, а пасля сто першага – ужо нічога. Ажаніся – гэта паратунак ад твае хваробы.
– Чаму ж ты не ажаніўся?
– Бо мая нявеста памерла, – сказаў доктар і адкінуўся на спінку фатэля, гледзячы ў столь. – Дык я зрабіў, што мог: атруціўся хлараформам. Гэта было ў правінцыі. Але Бог паслаў добрага калегу, які зламаў дзверы і выратаваў мяне. Самы паганы від міласэрнасці!.. Я заплаціў за рамонт дзвярэй, а калега перавабіў да сабе маіх пацыентаў, бо абвясціў мяне вар’ятам…
Ён ізноў заняўся мікраскопам і валасамі.
– А якая ж з гэтага мараль адносна апошняга кахання? – спытаў Вакульскі.
– Тая, што самазабойцам не трэба перашкаджаць, – адказаў доктар.
Вакульскі паляжаў яшчэ з чвэрць гадзіны, потым устаў, паставіў люльку ў кут і, нахіліўшыся да доктара, пацалаваў яго.
– Будзь здаровы, Міхале.
Доктар ускочыў.
– Што?..
[80]