“Сёння я змарнаваў каля гадзіны, заўтра змарную не менш за пяць, а ўсё таму, што Стах больш давярае Шлянгбаўму, чым мне… Навошта яму камяніца?.. Якога д’ябла ён звязваецца з тым банкрутам Ленцкім?.. Чаго яму стрэліла ў галаву бегаць у тэатр на італьянцаў ды яшчэ даваць каштоўныя падарункі гэтаму прыблудзе Росі?..”
Не падымаючы галавы ад кнігі, ён сядзеў пры канторцы да шостае і быў гэтак заняты працаю, што не толькі не прымаў грошы, але нават не бачыў і не чуў пакупнікоў, якія раіліся ды гаманілі ў краме, як вялізныя пчолы ў вуллі. Не заўважыў ён і нечаканага госця, якога “панове” прывіталі гучнымі воклічамі ды пацалункамі.
Толькі калі прыбылы стаў над ім ды гукнуў у вуха: “Пане Ігнацы, гэта я!..”, Жэцкі страпянуўся і падняў угару галаву, а разам – бровы ды вочы, бо перад ім быў Мрачэўскі…
– Га?.. – спытаў пан Ігнацы, пазіраючы на маладога франта, асмуглага, памужнелага і, галоўнае, раздабрэлага. – Ну, што… Ну, што чуваць?.. – цягнуў пан Ігнацы, вітаючыся з ім за руку.
– Нічога новага, – адказаў Мрачэўскі. – Кангрэс у Берліне робіць сваё, аўстрыякі возьмуць Боснію.
– Ну, ну, ну… Жарты, жарты!.. А пра малога Напалеонка што чуваць?
– Вучыцца ў Англіі ў вайсковай школе і, падобна, закахаўся ў нейкую акцёрку…
– Ужо і закахаўся!.. – насмешліва паўтарыў пан Ігнацы. – А ў Францыю ён не вяртаецца? Як, пан, маешся? Адкуль ты тут узяўся? Ну расказвай хутчэй, – весела выгукнуў Жэцкі і ўдарыў яго ў плячо. – Калі ты прыехаў?..
– А, гэта цэлая гісторыя! – адказаў Мрачэўскі, падаючы ў фатэль. – Прыехалі мы з Сузіным сёння аб адзінаццатай… Ад першае да трэцяе сядзелі з ім у Вакульскага, а пасля трэцяе забег на хвілінку да маці і на хвілінку – да пані Стаўскае… Цудоўная кабета, га?
– Стаўская?. Стаўская?.. – прыгадваў Жэцкі, паціраючы лоб.
– Пан яе ведае. Гэта тая прыгажуня з дачушкаю… Тая, што гэтак пану даспадобы…
– А, тая!.. Ведаю… Не так мне яна даспадобы, як я меркаваў, што была б яна добрая жонка Стаху…
– Дзівак пан, – зарагатаў Мрачэўскі. – У яе ж ёсць муж…
– Муж?
– Дзіва што. Зрэшты, прозвішча ўсе чулі. Чатыры гады таму ўцёк бядак за мяжу, бо яго лічылі вінаватым у забойстве тае…
– А, памятаю!.. Дык гэта ён?.. Чаму ж не вярнуўся, калі высветлілася, што ён невінаваты?..
– Вядома, невінаваты, – працягваў Мрачэўскі. – Але як даў драпака ў Амерыку, дык па сённяшні дзень ні вока не бачыла, ні вуха не чула. Відаць, загінуў недзе небарака, а кабета засталася ані паннаю, ані ўдавою… Жахлівы лёс!.. Утрымліваць сям’ю з гафту, з ігры на фартэп’яна ды з урокаў англійскае мовы… Працаваць цэлы дзень, як вол, ды яшчэ не мець мужа… Бедныя кабеты!.. Мы б, пане Ігнацы, гэтак доўга не вытрымалі ў цноце, так?.. О, вар’ят стары…
– Хто вар’ят? – спытаў Жэцкі, здзіўлены раптоўным воклічам.
– Хто ж, калі не Вакульскі, – адказаў Мрачэўскі. – Сузін едзе ў Парыж і сілаю цягне яго за сабою, бо збіраецца там купляць надта шмат тавараў. Наш стары ні гроша не патраціў бы на падарожжа ды пажыў бы па-каралеўску, бо Сузін, чым далей ад жонкі, тым шырэй раскрывае кішэню… Гэ! Ды ён бы яшчэ і зарабіў тысяч з дзесяць.
– Стах… то бок, наш гаспадар зарабіў бы каля дзесяці тысяч рублёў? – спытаў Жэцкі.
– Вядома. Ну, але што ж, калі ён гэтакі ўжо ачмурэлы…
– Ну, ну… пане Мрачэўскі!.. – прысароміў яго пан Ігнацы.
– Але ж, слова гонару, ачмурэў. Бо я ведаю, што ён збіраецца ехаць на выставу ў Парыж і нават хутка…
– Так.
– Дык чаму ён не хоча ехаць з Сузіным задарма і зарабіць грошай?.. Дзве гадзіны ўпрошваў яго Сузін: “Паехалі са мною, Станіславе Пятровічу”. Прасіў, кланяўся… Усё марна. Вакульскі – не і не! Сказаў, што ў яго тут ёсць нейкія справы…
– Ну, ёсць… – прамовіў Жэцкі.
– О так, ёсць… – перадражніў яго Мрачэўскі. – Самая важная яго справа – не расчараваць Сузіна, які дапамог яму зарабіць капітал, дае вялізны крэдыт і не раз казаў мне, што не супакоіцца, пакуль Станіслаў Пятровіч не адкладзе хоць мільён рублёў… І гэткаму прыяцелю адмаўляць у невялікай паслузе, зрэшты, добра аплачанай! – абураўся Мрачэўскі.
Пан Ігнацы хацеў быў нешта сказаць, але прыкусіў язык. Ён ледзьве не прагаварыўся, што Вакульскі купляе дом Ленцкага і гэткія дарагія падарункі дае Росі.
Да канторкі наблізіліся Клейн з Лісецкім, і Мрачэўскі, рады, што яны вольныя, кінуўся з размовамі да іх, а пан Ігнацы зноў застаўся адзін над сваёю кнігаю.
“Бяда! – думаў ён. – Чаму Стах не едзе задарма ў Парыж ды яшчэ пярэчыць Сузіну?.. Якая трасца звяла яго з тымі Ленцкімі… Няўжо?.. Гэх! Але ж ён не такі ёлупень… Але шкада і падарожжа, і дзесяці тысяч рублёў… Божа, Божа, што з людзьмі робіцца…”