– Дык бярэ... – тут Вакульскі з палёгкаю ўздыхнуў. – Як у яго справы?
– Здаецца, ён скончаны банкрут, хіба, нарэшце, пойдзе з аўкцыёну сёлета яго камяніца.
Вакульскі схіліўся над канапаю і пачаў бавіцца з Ірам.
– Бач ты… А панна Ленцкая замуж не выйшла?
– Не.
– І не выходзіць?
– Моцна сумняюся. Хто зараз ажэніцца з паннаю, у якой гэткія вымаганні і ніякага пасагу? Састарэе, хоць і прыгожая. Вядома…
Вакульскі ўстаў і пацягнуўся. На ягоным суровым твары з’явіўся дзіўны выраз расчуленасці.
– Стары, мой ты каханы! – сказаў ён і ўзяў Ігнацы за руку, – мой добры стары дружа! Ты нават не здагадваешся, які я шчаслівы, што бачу цябе, ды яшчэ ў гэтым пакоі. Памятаеш, колькі я прабавіў тут вечароў і начэй… як ты карміў мяне… як аддаваў мне лепшае з свайго адзення… Памятаеш?
Жэцкі ўважліва паглядзеў на яго і падумаў, што віно, мусіць, было добрае, што аж так развязала язык Вакульскаму.
Вакульскі сеў на канапу і, абапёршыся галавою аб сцяну, гаварыў, нібы сам сабе:
– Ты не ўяўляеш, што я выцерпеў, здалёк ад усіх, няпэўны, ці ўбачу ўжо каго, так страшэнна самотны. Бо бачыш, найгоршая самотнасць не тая, што вакол чалавека, а пустка ў ім самім, калі не забраў ён з сабою з роднага краю ані цёплага позірку, ані сардэчнага слоўца, ані нават іскрынкі надзеі…
Пан Ігнацы паварушыўся на крэсле з намерам запратэставаць.
– Дазволь табе нагадаць, – сказаў ён, – што напачатку пісаў я лісты вельмі зычлівыя, сапраўды, можа, нават занадта сентыментальныя. Але твае кароткія адказы расчаравалі мяне.
– Ці ж я на цябе наракаю?
– Не можаш наракаць і на іншых працаўнікоў, бо яны не ведаюць цябе, як я.
Вакульскі спахапіўся.
– Але ж я да ніводнага з іх не маю прэтэнзій. Хіба, крыху, да цябе, што так мала пісаў мне пра… горад… У дадатак на пошце вельмі часта губляўся “Кур’ер”[50], навіны даходзілі з вялікімі перапынкамі, і тады мучылі мяне найгоршыя прадчуванні.
– Чаму гэта? У нас жа вайны не было, – здзівіўся пан Ігнацы.
– Так!.. Вы нават добра бавіліся. Памятаю, у снежні былі ў вас тут цудоўныя жывыя карціны[51]. Хто гэта там выступаў?..
– Ну, я не хаджу глядзець на такія глупствы.
– Гэта праўда. А я ў той дзень не пашкадаваў бы, бадай, і дзесяці тысяч рублёў, каб іх убачыць. Яшчэ большае глупства!.. Ці не так?..
– Напэўна, хоць гэта хутчэй ад самотнасці, ад нуды…
– А можа, ад тугі, – перарваў Вакульскі. – Яна атручвала мне кожную хвіліну, вольную ад працы, кожную гадзіну адпачынку. Налі мне віна, Ігнацы.
Ён выпіў, ізноў захадзіў па пакоі і загаварыў прыцішаным голасам:
– Першы раз напала гэта на мяне падчас пераправы праз Дунай, якая зацягнулася з вечара да позняе ночы. Я плыў адзін з цыганом-перавозчыкам. Няможна было размаўляць, дык я аглядаў наваколле. Былі ў тых мясцінах такія ж, як у нас, пясчаныя бераг і дрэвы, падобныя да нашых вербаў, і ўзгоркі, парослыя ляшчынаю, і хвойнікі. На хвіліну мне здалося, што я на радзіме, і што яшчэ да ночы сустрэнуся з вамі. Ноч настала, зніклі і берагі. Я быў адзін сярод бясконцае стужкі вады, у якой адбіваліся ніклыя зоркі.
Тады раптам адчуў, як далёка я ад дому, што адны толькі гэтыя зоркі і звязваюць мяне з вамі, што ў гэты момант, можа, ніхто і не глядзіць на іх, ніхто пра мяне не памятае, ніхто!.. Адчуў я тады нейкую нібы адчужанасць і зразумеў, якая глыбокая рана ў мяне на душы.
– Гэта праўда, ніколі не цікавілі мяне зоркі, – ціха прамовіў пан Ігнацы.
– З таго дня пачалася ў мяне дзіўная хвароба, – казаў Вакульскі. – Пакуль я пісаў лісты, рабіў падлікі, прымаў тавары, рассылаў сваіх агентаў, пакуль ледзьве не на сабе выцягваў ды разгружаў паламаныя вазы або пільнаваў іх ад рабаўнікоў, меў адносны спакой. Але варта было спыніцца і на нейкую хвіліну адкласці пяро, як адчуваў боль, нібы мне – ці ты разумееш, Ігнацы? – нібы мне пясчынка трапіла ў сэрца. Бывала, хаджу, ем, размаўляю, разважаю цалкам разумна, аглядаю маляўнічы краявід, нават смяюся, і нават мне весела, а між тым адчуваю нейкае тупое паколванне, нейкае трымценне, нейкую няясную трывогу.
У гэтым хранічным стане, які мучыў мяне так, што і не перадаць, любая драбяза раздзімала буру. Дрэва знаёмага выгляду, нейкі лысы пагорак, колер воблака, палёт птушкі, нават павеў ветру без ніякае, зрэшты, прычыны абуджалі ўва мне такую шалёную роспач, што я ўцякаў ад людзей. Шукаў тады бязлюднага кутка, дзе б ніхто мяне не пачуў, дзе б мог я ўпасці на зямлю і выць ад болю, як сабака.
[50]
[51]