Ён вёз i надарунак для Нармурада — трохі гашышу, каб мог стары лекар удосталь курыць кальян i аддавацца нязбытным марам, якія так упрыгожваюць жыццё.
...A знайшоў абгарэлы кішлак, некалькі ўдоў i дзяцей i на месцы свайго дома толькі груду гліны i абгарэлых бэлек.
I пахла, да жаху востра пахла горным палыном.
I раўнадушна свяціла ранняе сонца.
I бегаў па галавешках звар'яцелы Спітагд, галасіў свае, i скакаў, i плакаў...
Алекса доўга сядзеў каля папялішча, не зважаючы на плач i енкі, што чуліся ля іншых дамоў. Пасля, абдзіраючы рукі, стаў пераварочваць чорныя, патрэсканыя, пабітыя цагліны.
Тры дні ён капаў, забыўшыся на стому, упарта сціснуўшы вусны i час ад часу прыпадаючы перасохлым ротам да карца з вадою.
Тонкія костачкі Апак абярнуў узорыстым, колеру завялай травы шоўкам i пахаваў каля дому, выкапаўшы i пасадзіўшы ля магілы лазу.
Не было каму гневацца i абурацца такім святатацтвам. Не было каму жахацца i глядзець, што сам ён уласнаручна перанёс астанкі Нармурада i Ашавазды да каменнай дахмы, дзе ўжо ляжалі косці блізкіх, адкапаныя роднымі. Целы пачалі смуродзець ад гарачыні. Уцалелыя людзі таксама неслі мёртвых самі, бо гэтак жа, як i іншыя, быў разбіты i спалены дом хавальшчыцы трупаў.
А пасля Алекса вырваў у агародзе некалькі дыняў, паклаў ячмень i муку ў торбу i пайшоў з кішлака.
Людзі праводзілі яго позіркамі, але ніхто не сказаў ні слова. Толькі адна з жанчын неўзабаве дагнала яго i аддала яшчэ адну торбу. Ён зазірнуў у яе. Там ляжалі цвёрдыя сыры, кавалкі мёду i халат. Жанчына глядзела на яго пакорліва i самотна, на шыі ў яе быў відзён шнар — калісьці стары Нармурад рэзаў яе абсідзіянавым нажом, выдаляючы гнайнік, а ён, Алекса, дапамагаў. Шнар быў ружовы, цёмная жыла няроўна пульсавала. Вусны жанчыны был i журботна сцятыя. Слёзы навярнуліся на вочы Алексу. Ён моўчкі ўскінуў торбу на плячо, пайшоў, ужо не азіраючыся, таму што ззаду не было нічога.
Нічога. Толькі спалены кішлак i некалькі прывідаў.
Жыхары ніжняга кішлака глядзелі на яго варожа. A колькі ix прыходзіла лячыцца! Ён бачыў, як адзін з мужчын пацягнуўся да нажа, што вісеў на доўгім скураным поясе, але другі, старэйшы, нешта сказаў — i мужчина, трымаючы нож, скалячы белыя, як часнок, зубы, матляў лязом, шырока ўсміхаўся, гледзячы на Алексу. Той прайшоў міма, пануры, ca страшным тварам, i дзеці што спачатку беглі за ім, дражнячыся, хутка адсталі i вярнуліся збянтэжанымі.
Першую ноч правёў у памятнай пячоры, дзе калісьці Лпак выхадзіла яго. Ляжаў, думаючы пра тое, што, можа, які-небудзь магутны звер зноў упадабаў гэтую пячору для жылля, але, калі прыйдзе, сустрэне тут смерць, бо З ix двух будзе мацнейшым Алекса. Ён адчуваў у сабе сілы намерацца злосцю i гневам з усім светам, але помсціць не было каму — хіба што дабірацца да самога эміра, але i сам эмір быў толькі часцінкай таго сусветнага зла, якое абавязкова ўмешвалася ў справы i лёсы людзей. «Для чаго, дзеля чаго так адбываецца? — пакутліва думаў ён, гледзячы, як у знаёмай дзірцы паказваецца зорка i паступова, непрыкметна для вока знікае, каб уступіць месца новай.— Навошта чалавеку столькі выпрабаванняў, i чаму адны людзі жывуць спакойна, усё ў ix цячэ роўна i гладка, i ўвесь свой век яны жывуць, як сляпыя кацяняты, a другія пакутуюць, губляюць блізкіх, а неба раўнадушна глядзіць на ўсіх, i няма каму скардзіцца...»
Свет вакол яго быў бяздонным i пустым. Вакол звінела цішыня, здавалася, толькі ён застаўся тут, над зоркамі, каб мучыцца i шукаць адказу, якога ўсё роўна няма.
У гэтым свеце, дзе ён доўга i пакутліва прагнуў цяпла, яно i было яму дадзена — але толькі дзеля таго, каб зноў страціць i яшчэ больш балюча, больш пякельна, чым калісьці, адчуць, што ўсё навокал — страта, што няма чаго прыляпляцца душою да некага, таму што чым болей прывыкаеш, тым больш верагодна, што гэта якраз i адбяруць у цябе... «Цёмная зорка над ёю»,— успомніў ён словы Нармурада, сказаныя пра Апак. Але сам Нармурад не ўбачыў чорную зорку над сваім лесам. Хаця, магчыма, лес усё ж быў да яго літасцівы — Нармурад пражыў вялікае жыццё, а яна, Апак, яна... Ён захлынуўся камяком, што падступіў пад горла, хутка ўскочыў, выйшаў з пячоры.
Пустэльна было навокал. Займалася зара,— яна была такою ж спакойнай, такою ж прыгожай i пяшчотна-недатыкальнай, як заўсёды... I такія ж ружовыя, з цёмнымі праваламі лагчын i сіняй смугой над вяршалінамі былі горы. Ён падышоў да сцяжынкі — справа ад яе была бездань, зазірнуў уніз, угледзеўся ў далёкі шнурок сцяжыны, відаць, пракладзенай унізе дзікімі звярамі. Адтуль дыхала сырасцю, цесныя сцены амаль змыкаліся, адліваючы крывавым i зялёным адначасна. Падумаў спакойна, што, варта толькі зрабіць крон наперад, i ён, пакідаючы на гэтых камянях шматкі свайго цела, скаціцца ўніз, на белы шнур сцяжынкі. Тады скончацца ўсе яго пакуты i пякельныя думкі. Ён успомніў, як казаў Ашавазда: «Калі цыноўка лесу выткана чорнаю, яе не адмыеш i святою вадой». Зрабіць гэты крон?"
I адразу ж знікне Апак — таму што пакуль, i мёртвая, яна жыве, у ім жыве — са сваёй шырокай усмешкай, гнуткім целам i залацістымі валасамі, уся хуткая, жывая, вясёлая — цудоўны агеньчык жыцця, запалены немаведама кім.
Знікне Нармурад — скрыўленыя хваробай старыя яго пальцы, задушлівы кашаль, ясныя разумныя вочы. Знікне таўстун Ашавазда, што разбудзіў у ім сілы, пра якія ніколі б не даведаўся Алекса.
Уперта не хацеў бачыць ix мёртвымі, думаць пра тыя апошнія хвіліны, калі яны, магчыма, клікалі яго, гарэлі без яго.
Адзінокі куст прыляпіўся да каменю, цёмныя яго ягады блішчэлі, як налакіраваныя. Вецер слаба варушыў лісты, i Алекса ўспомніў, што, як казаў Ашавазда, світальны вецер — пасланец закаханых. Камусьці зараз цёпла ў хаце, утульна i добра. А яго, які прыляпіўся, як вось гэты куст, да маленькага кавалка зямлі ў гарах i думаў, што ён знайшоў там спакой, шалёны вецер адарваў i шпурнуў кудысьці ў свет... Куды?
Дадому, на далёкую радзіму, хаця б паўзком, хаця б па адным фарсангу ў дзень! Можа, калі-небудзь ён i дойдзе — нягледзячы на ўсё... Можа, калі-небудзь на нова напіша пра тое, што перажыў i ўбачыў за гэты час. Панова — таму што ўсё, напісанае ім, згарэла ў полымі, запаленым разятранымі воінамі, якія, мусіць, i не задумаліся над тым, што яны робяць, калі падносілі факел да драўляных парэнчаў ягонага дома. Нібы ўвачавідкі бачыў, як гарэлі хаты, гарэлі старонкі, якія ён пісаў доўгімі зімовымі начамі, калі шалёна выла завіруха i кідала ў дзверы белыя прыгаршчы снегу, a ў гарах час ад часу гулка падалі ў бездань лавіны снегу i доўга пасля гэтага гудзела навокал! Пісаў, калі Апак нячутна прала беласнежную поўсць авечак, каб пасли занесці яе ў дом да жанчын, што збіралісн разам i вучылі свайму адвечнаму рамяству маладых. Пісаў, калі Нармурад у суседнім пакоі раскладваў высушаныи летам зёлкі ў мяшэчкі, узважваў ix на міскалі i запісваў на тоненькіх таблічках назвы, а на ўсім доме ішоў моцны, настоены на летнім пякучым сонцы пах сакавітых лугоў i напаленай зямлі...
Што засталося з усяго гэтага?
I раптам падумаў — а можа, i не было нічога — ні ккіг, ні паху зёлак, ні самога Нармурада?
Ён спалохаўся, памацаў лоб. Лоб быў сапраўды гарачы. Але няма дзе яму спыняцца, няма дзе чакаць здароўя.
Трэба было змагацца.
Ён успомніў словы Авесты, якія часта перад сном паўтараў Нармурад, кланяючыся багіні Анахіце:
«Адно дрэва, якое вырасцілі ў пустыні, каштуе больш чым шматгадовае падзвіжніцтва i катаванне сябе i сваёй плоці ў той жа пустыні».
Трэба было жыць...
Ён клыпаў па дарозе, i цела яго нібыта высыхала на сонцы, рабілася смуглявым i жылістым. Паласатая павязка на галаве, халат, шаравары — усё, што было на ім, не выклікала ў праезджых цікаўнасці. Ён схаваў пояс, па якім маглі б прызнаць, што ён некалі належаў да племені магаў, i цяпер нічым не адрозніваўся ад усіх, хто таптаў камяністую дарогу, выбіраючыся па ёй з пустэльных горных сцяжынак ці, наадварот, узбіраючыся на ix, каб нешта шукаць у паднябеснай краіне, дзе, чым вышэй, тым болей сціскае чалавеку горла вышыня. Дні за дням i ішоў ён, i прахалода гор усё болей саступала месца сонцу, a самі горы заставаліся ззаду i нібы меншалі на вачах. Усё часцей трапляліся палі, на якіх, сагнуўшыся i не азіраючыся на прахожых, працавалі людзі. Цягнула цвіллю ад залітых вадою роўных палос, дзе вырошчвалі рыс. Усё болей каля гліняных, злепленых з сырцовай цэглы дамоў зелянелі дрэвы. Якраз быў час, калі наліваліся сокам персікі i пачыналі ружавець гранаты, востра вытыркаючыся з-за цёмна-зялёнага покрыва зеляніны. Каля пастаялых двароў часта стаялі мужчыны, расклаўшы на каляровым покрыве цяжкія, смуглявыя гронкі вінаграду, басму i хну для далоняў, каб не пацелі яны ад гарачыні, соты з мёдам альбо першыя, такія ўжо салодкія дыні.