«Сёння ж падакляравала, што вышываную хустачку яму дам... — зноў думкі клікалі на сваё.— Прыгатавала, схавала над сенніком. Хоць бы толькі мама ці Юзя не агледзелі...»
Пазней, калі маці выйшла на двор, да Зосі загаварыла Галена:
— Ці не злуеш ты па мяне, Зоська?
— Маеш жа доўгі язык! — адказала.
— Ходзіш-такі з ім? — усміхнулася тая.— Не маняць людзі?
— А вот не скажу!
— Дурненькая! — Галена лагодна зірнула на яе, апусціла, відаць, здранцвелыя рукі.— Не злуй! Я ж хачу, каб табе як найлепей было. Сама ты ні тату, ні маме ніколі не скажаш, каго любіш, за каго замуж выйсці хочаш. Па сабе ведаю. Бо нейкая дурная брыдкасць вочы i душу выядае. А я цяпер магу сказаць. За цябе. Хай ведаюць старыя, раяцца, хай не будуць табе ворагамі...
«I праўда,— надумала Зося.— Можа, яно так будзе i лепей».
Усміхнулася ў адказ. I Галена лагодна ўсміхнулася. Файная яна. Высакаватая, поўненькая, з пышнымі грудзьмі. Чарнявая. Як цыганка. Усе кажуць: Зося па ёй пайшла. Толькі яшчэ танейшая i не такая чарнявая.
— Хоць я табе, сястра, праўду горкую скажу: няма вялікага шчасця замужам... — уздыхнула Галена. — Работа i работа, клопаты, трывогі. Зусім не тое, як думаеш пра замуж дзяўчынаю. Але ж,— i ўсміхнулася,— i без замужжа няможна. I людзі засмяюць, i сама грызці душу сваю будзеш... А ён табе надта да вока прыпаў?
Зося збянтэжылася. Апусціла позірк на міску з квачом.
— Ну, прызнайся. Я ж нікому не скажу.
— А табе? — усміхнулася.
— Наравіцца,— прызналася Галена.— Ён, відаць, хлопец добры, ласкавы, гарачы. Ён па Гіполю пайшоў. А Ядзя кажа: Гіполь гарачы...
— От кажаш! — сорам хлынуў да Зосі,— Я не пра тое пыталася...
— Гэта не абы-што, сястра,— уздыхнула Галена.— Усё трэба адно да аднаго... Думаеш, мне легка, што мой Аляксандра халодны? Яго не зачапi — ён цябе i тыдзень, i месяц не зачэпіць. Не прылашчыцца, не прыгорнецца, ніколі не пацалуе. Спаць ляжам — адвернецца i храпе... Не тое, што Вінцук...— усміхнулася, i нейкая цёплая, лагодная хваля пайшла па яе твары, i твар яе засвяціўся чароўпай жаночай красою.— Той штодзепь гарыць як агонь i цябе агнём паліць...
«Якая яна распусніца! — падумала Зося.— Не дзіва, што свёкру вароты глінаю мазалі...»
— Не пазірай на мяне так, сястра,— горка ўсміхнулася Галена, ужо сама ў зодуме круцячы квач у меле,— Цяпер ты мяне сяроўна не поймеш. Вот калі станеш кабетаю, тады сама ва ўсім разбярэшся. Не зусім праўду сказала мама: не самае важнае для чалавека — зямля... Ест i яшчэ нешта важнае... Каханне гэтаксама. Без яго жыць цяжка. Пусты ты колас. Камень. Не будзеш любіць мужа — другога палюбіш... Бо мусіш некага любіць... Ды не буду тлуміць табе галавы. Толькі адно параю табе... — не пазірала ў вочы, убок.— Толькі не паддавайся да шлюбу! Бо потым, калі i возьме цябе, усё жыццё папікаць будзе: ага, паддалася дзяўчынаю мне, дык, можа, паддавалася дзяўчынаю i некаму... Яны, мужчыны, дурныя. Няхай ён даўжэй пацерпіць, папакутуе — потым ох які ласкавы, гарачы будзе...
— От гаворыш! — адвярнулася Зося, злезла са столка, пайшла да мядніцы. Браць мел,— Абы-што!
— Бучу цябе, сястрычка... — прамовіла тая наўздагон.— У жыцці ўсё ведаць трэба. Сама ўсяго адразу не ўведаеш, дык можаш памыліцца. Дык i слухай старэйшых. Пажывеш, навучышся i сама, i ад людзей i салодкаму, i горкаму — другіх, маладзейшых, вучыць будзеш.
7.
Увечар, калі ўжо Галена пабегла дадому, да свёкраў, калі ў хаце каторыя сцены — найбліжэй да печы — i столь амаль высахлі, бялеліся чысцінёй, а тая сцяна, што мазалі найназней, цьмяна яшчэ шарэла, пахла сырасцю, Зося памагла маці ўхадзіцца па гаспадарцы, памылася i пераапрапулася.
Ніяк сёння не магла дачакацца цемнаты. Здаецца, занадта доўга заходзіла сёння сонца, што вызірнула i выясніла неба толькі пасля поўдня, занадта доўга трымалася на дварэ светлата. I хоць сёння было клопатна, шмат работы ў хаце, надзіва рана ўхадзіліся, а пасля вярнуліся ў хату бацька ды маці.
Маці адразу ж скеміла, што яна навастрылася ісці на Сяло. Спачатку сачыла за ёю, як яна то садзілася, то падхоплівалася, ішла да куфра i глядзелася ў маленькае люстэрка, зазірала ў вулічнае акно.
— Ох, няўседна! — забурчала маці.— Натамілася ж, ляж, адпачні.
— Я не стамілася,— адказала Зося.— Мне трэба схадзіць на Сяло.
— Кавалер там чакаць будзе?
— Пажартавала Галена, а вы вот верыце, думаеце абы-што... — адказала.— Схаджу да Волькі, нітак чырвоных пазычу.
— Папрасі ў жабрака хлеба...— чагосьці злавала маці.— Пойдзе да Чорных у пазыкі!
Сёння бацька маўчаў. Сядзеў пры стале i маўкліва курыў. Ці напрацаваўся, ці яго гэтак збянтэжыла Галеніна вестка, што іхняя Зося мае ўжо кавалера.