— Пасядзіце з намі, калі ласка,— грудным голасам прамовіў Янка Купала.— Замінаць нам вы не будзеце. Бо мы гаворым не толькі пра сваё, а пра наша агульнае. Вось дзядзька Ігнат хоча туды пад май даць такую аб'яву...— узяў са стала паперку, падаў Сямёну,— а што датычыць вас, дарагі Алесю, дык працуйце. Я веру Сямёнавай атэстацыі. Сямён пакажа вам ваша месца, дасць вам работу. А пагаварыць яшчэ пагаворым не раз.... Жыць вам у Вільні будзе нялёгка, дык прыйдзецца, можа, знайсці яшчэ які i пабочны заробак... Калі не памогуць вам знайсці яго вашы сябры, дык звяртайцеся, можа, памагу яго знайсці я...
— Дзякую,— схіліў галаву Алесь.
— Калі ласка,— усміхнуўся той. I ў яго вачах бліснуў ужо не ўсмешліва-гарэзны ці перасцерагальна-пільны, як Алесю здавалася напачатку, а спрыяльны позірк. Адчувалася: гэты бландзін-прыгажун эмацыянальны, але стрыманы, а то нават i сарамлівы чалавек.— Выбачайце, Алесю, вы з католікаў?
— У нас, у прыналібацкім краі, амаль усе католікі. Але я з праваслаўнай вёскі,— адказаў Алесь.— У праваслаўе мы трапілі пасля 1863-1864 гадоў...
— Дык ваша веска моліцца на ўсход сонца, a ўсе астатнія вакол — на заход? — усміхнуўся Купала.
— Нe. I ў нас, i ў іншых вёсках амаль усе сяляие лічаць сябе «тутэйшымі»...
— Дзякуй богу, калі так! — прамовіў Купала.— Бо нам з дзядзькам Ігнатам, на жаль, шмат дзе i тут, у Вільні, гэтаксама прыходзілася бачыць якраз адваротнае. Занепакоены, я нават думаю напісаць i надрукаваць пра гэта спецыяльны артыкул... Як, на ваш погляд, вось такія думкі? — Ён узяў са стала лісток i пачаў чытаць з яго: — «Апрача палітычнай i эканамічнай залежнасці, была i другая прычына, асляпіўшая светапогляд беларуса,— гэта рэлігійная нязгода двух хрысціянскіх абрадаў у нашым краі: каталіцтва i праваслаўя. Гэтыя дзве царквы — заходняя i ўсходняя, ведучы вечную спрэчку паміж сабою, раздзяляюць наш ядыны народ на дзве часці, адных i тых жа дзяцей сваёй маткі-зямлі водзяць паміж сабой, даводзячы нават часта да бойкі за святы знак хрысціннства — крыж... Гэта змаганне дзвюх вер не толькі дзеліць беларусаў на дзве часці па рэлігіі, але, самае важнае, забівае ў ix свядомасць i пачуццё нацыянальнай еднасці. Беларусу-католіку ўгаварваюць, што раз ён католік, то ён — паляк, i не павінны братацца з тым, хто іншай веры; беларусу-праваслаўнаму кажуць, што раз ён праваслаўны, то ён — расіец, i католіка-беларуса павінен сцерагчыся, бо ён — паляк. I што з гэтага выходзіць? Расце нязгода, расце нянавісць — рэчы, нікому не патрэбныя, апрача хіба ворагаў нашага народа...»[7]
— Дакладна ўсё i слушна,— як Купала скончыў чытаць, першы загаварыў Сямён.— Такі артыкул, дзядзька Янка, трэба мусова надрукаваць. Ён вельмі своечасовы, патрэбны.
— Добра, Сямён. Надрукуем,— усміхнуўся Купала. Зірнуў на Алеся.— Як жывуць налібачане? Пpa што ix найбольшы клопат?
— Пpa зямлю,— адказаў Алесь.— Як i ўсюды, мусіць.
— Надта не паверылі, што Сталыпін ашчаслівіць?
— Не. У нас мала хто пайшоў на хутар, узяў водруб.[8] Вельмі не асмеліліся лезці ў пятлю пазямельнага банка, браць крэдыты. Як не кінулася-рынулася шмат i ў Сібір.
— Сталыпін хацеў суцішыць вясковы люд, але не суцішыў,— пахітаў галавою Купала.— Багатыя пабагацелі, а бедныя засталіся беднымі. Але вёска разварушылася. Многія ўжо не вераць у салодкія абяцанкі, бачаць несправядлівасць... Нам трэба вельмі пільна сачыць, добра ведаць, што робіцца ў вёсцы, чаго хоча селянін. Во ў вёсках — беларускі люд[9] наш чытач. Горад наш іншамоўны[10]. Чужародны, як кажуць.
— I яшчэ ў апошні час вельмі пра вайну загаварылі...
— Порахам папраўдзе вельмі запахла...— уздыхнуў Купала.— I ў Пецярбурзе, i тут, у Вільні, таксама пра яе шмат гавораць. I калі вайна ўсім страшная, дык нам удвая. Калі нехта можа спадзявацца, што ў ліха будзе ўбаку, дык мы, на жаль, на такое спадзявацца не можам... Зямлі нашай вайна не абміне, як нiколi не абмінала... Бо нам бог чамусьці вызначыў жыць на скрыжаванні ваенных дарог...— замаўчаў, падумаў.— Ну, а «Нашу ніву» ў вас чытаюць? Вераць ёй? Ці абыякавыя?
— Чытаюць, але не ўсе...— прызнаўся Алесь.— Таму...
— Ясна,— усміхнуўся Купала.— Нy што ж, Алесю, памагайце i вы змагацца за розум i душу кожнага нашага чалавека...
Як адыходзіліся, з ветлівасцю зірнуў Алесю ў вочы i Ігнат Буйніцкі, што маўчаў увесь час. Яго з тэатрам i хорам Алесь бачыў у Нясвіжы там пазалетась, але цяпер адразу не пазнаў. Відаць, адразу ж пазнаў бы ў танцы. Буйніцкі танцаваў адмыслова — шпарка, агніста, самааддана. Як i напісана ў Купалавых радках:
Алесь i Сямён выйшлі з пакоя.
— «Збіраю аб'язную беларускую трупу,— запыніўшыся, пачаў чытаць Сямён запіску ўголас.— Хто хоча далучыцца да яе, прашу ў беларускую кнігарню (Вільня, Завальная, 7) на мае імя паведаміць. Ад артыстаў вымагаецца, каб мелі добры беларускі акцэнт у мове, зналі ўжо сцэну, маглі спяваць i танцаваць на сцэне. Ігнат Буйніцкі». Во, браце, пан! Паболей бы нам такіх паноў! Маёнтак свой прадаў, у даўгі залез, а свой тэатр i хор падымае! Грошай няма, улады забараняюць гастролі, баючыся папулярнасці гэтага тэатра i хору, a Буйніцкі ўсё роўна не здаецца! Во дзе прыклад для самаахвярнага служэння мастацтву, народу!
— На жаль, мала ў нас такіх паноў, дваран,— сказаў Алесь.— Усё больш абыякавыя ці фанабэрыстыя, непрыяцелі.
— Чаму — былі, ёсць i талковыя. Вось Дунін-Марціпкевіч, Багушэвіч, Каліноўскі. Вось Альгерд Абуховіч. Гэты адмовіўся ад багатага маёнтка, ад сям'і, жыў на свой заробак, пісаў, перакладаў на родную з рускай, польскай, французскай, італьянскай, англійскай, нямецкай i іспанскай моў... Кажуць, ён перакладаў «Фаўст» Гётэ, «Разбойнікі» Шылера, некаторыя вершы Гюго, Байрана, Дантэ, Пушкіна, Лepмантава, Адама Міцкевіча... Можа, усё гэта калі i будзе выдадзена. Бо гэта вельмі трэба — каб паказаць, гато i наша мова гнуткая, i на ёй можа добра гучаць сусветная класіка... А што да Янкі Купалы i Ігната Буйніцкага, дык мы, можа, толькі калісьці, праз стагоддзе якое, убачым ды ацэнім, што гэта за асобы, што яны зрабілі...
Яны запыніліся, пауз ix, усміхнуўшыся, прайшоў чалавек, відаць, аўтар газеты, але Сямён не пазважаў, лапатаў як малатарня.
— Калі Мураўёў задушыў паўстанне Каліноўскага, усё тут нібы амярцвела. Шмат каго пакаралі смерцю, саслалі ў Сібір, змусілі эмігрыраваць, замаўчаць ці расчаравацца. Падавалі голас толькі вучоныя, што запісвалі фальклор, мову як нечы дыялект. Мастацкіх кніжак не было, лічы, трыццаць гадоў. Тыя, што пазней выйшлі (а ix на пачатак нашага стагоддзя заявілася не больш дзесяці), друкаваліся за межамі краю i не ўсе сюды траплялі. Карацей, аж праз сорак гадоў акрыяла культура, дух, высакароднасць. А тэатр... Што раней было? Невялічкія аматарскія групкі ў канцы таго i ў пачатку гэтага стагоддзя! А цяпер? Цяпер мы маем культурны тэатр!
«Кожны чалавек павінен за сваё жыццё пасадзіць дрэўца...— слухаючы Сямёна, падумаў Алесь.— Хто яго садзіць вельмі позна, хто зусім не садзіць. Але знаходзяцца людзі, што робяць усё змоладу i робяць добра. Купала, Колас, Багдановіч, Буйніцкі — такія... Ім, можа, хтосьці зверху напрарочыў выключную ролю, узваліўшы на іхнія плечы важкую ношу... I нясуць яны яе горда. Вось у каго трэба вучыцца, як жыць i працаваць!»
— Праўда, у Буйніцкага своеасаблівы лес,— не сціхаў Сямён.— Спачатку ён мастачыў толькі ў сваім маёнтку. Можа, быў бы ў ім i ўсё сваё жыццё, як i шмат хто з народных талентаў-самародкаў. Шмат яму памог Алесь Бурбіс (помніш, я летась знаёміў з ім цябе ў «Беларускай хатцы»?). Ён, як вярнуўся з турмы, загарэўся зляпіць тут, у Вільні, тэатр i хор. Запрашаў у трупу ўсіх, хто хоча. I я тады нават пад настрой запісаўся, i нас у хоры было не меней ста чалавек...
Алесь слухаў i ўсміхаўся: на-першае, Сямён не меў вялікага дару да сневаў, але занісаўся ў хор па шчырым парыве, а па-другое, ён ужо расказваў пра ўсё гэта. Але перабіваць Сямёна не варта было. Ён датуль не супакоіцца, пакуль не нагаворыцца.
— Як цяпер помню, першая наша вечарынка была 12 лютага 1910 года...— Сямёнаў твар аж свяціўся ад узрушэння.— Сядзеў я ў зале, i білі мяне дрыжыкі: ці не асвішчуць гледачы нашых акцёраў i ўсё наша разам з імі? Паказалі спектакль «Пa рэвізіі» — няблага, слухалі, ляскалі ў ладкі, праспявалі «Чаму ж мне не пець?», «Ох ты, дуб!», «Прыляцелі ryci» — добра. А як выступіў са сваёю трупаю Буйніцкі — а яго нехта, лічы, выпадкова запрасіў на вечарынку,— дык зала аж ашалела ад яго віхурных танцаў, меладычных песень, змушала па тры-чатыры разы танцаваць, крычала: «Брава! Біс! Брава, беларусы!» Павер, далібог, я не выцерпеў, заплакаў. I іншыя заплакалі...— i цяпер у Сямёна заблішчэлі вочы.— Ведаеш, аж у душы нешта перавярнулася: i мы ж людзі! I мы нешта ўмеем! I тое паша «нешта» — людское! А на другой вечарынцы, што была праз дзён дзесяць, калі ўпершышо заспявалі «А хто там ідзе?», дык уся паўнюткая зала паднялася, заляскала, а пасля бясконца змушала бісаваць актораў Буйніцкага... Вось тады мы i сказалі Буйніцкаму: вы, дзядзька Ігнаце, мусіце ўзяць усё ў свае рукі... Стварайце вялікі тэатр i едзьце з ім па ўсім краі! Бо, калі ўлічыць, якія ў нас грамацеі[11], хто жыве ў горадзе,— дык вы ca сваім тэатрам цяпер зробіце больш, чым мы праз газету... Але i ўлады былі не дурні, не хацелі даваць дазвол на такія вандроўкі. Адчувалі, што можа зрабіць гэты тэатр... Толькі саліднасць дзядзькі Ігната ды яго ўменне гаварыць з начальствам памаглі вырваць такі дазвол у канцы лета 1910 — ездзіць па гарадах i мястэчках. Я ўжо, брат, працаваў у «Нашай ніве», дык сам чытаў, як з захапленнем пісалі да нас пра канцэрты, спектаклі Буйніцкага з Полацка, Дзісны, Свянцян, Пастаў, Капыля, Нясвіжа, Клецка, Мінска, Вілейкі, Смаргоні, Ашмян... Зняважлівыя галасы патаналі ў хоры захаплення... Праўда, яны, гэтыя галасы, зрабілі сваё. У 1912 годзе ўлады не далі дазволу на новыя вандроўкі. Улады ўбачылі: гэтыя вандроўкі — не забава, не пацеха, а рэвалюцыя. Культурная рэвалюцыя. Пазалетась Буйніцкі выступіў толькі ў Пецярбурзе, а летась — у Варшаве... Каб былі грошы, каб улады не заміналі, дык дзядзька Ігнат вунь бы як яшчэ разварушыў наш люд! Бо песня, танец, тэатр кожнага бяруць за душу! Нават самага непісьменнага i несвядомага... Дасць бог, у маі, можа, зноў пачнецца ўсё гэта з новато сілаю... Во ў чыіх руках павінен быць наш тэатр! Вось для каго! Для народа!
Скончыўшы расказваць, Сямён прыгледзеўся да Алесевых вачэй, да ўсмешкі, а пасля i сам з няёмкасцю ўсміхнуўся:
— Ды я ж табе, змей, расказваў ужо пра гэта! А ты маўчыш...
[7] Артыкул Янкі Купалы «Вера i нацыяпальнасць» надрукаваны ў «Нашай ніве», 1914, № 27 пад подпісам: I. Л., а таксама — у Зборы твораў, 1970, т. 7, с. 212.
[8] Селянін пры водрубным падзеле не пераносіў сядзібу на ўчастак, a жыў у вёсцы.
[9] На 1.1.1913 года ў Беларусі (у сучасных межах) у гарадах жыло 990,0 тысяч чалавек (14%), па вёсках — 5909,0 (8(5%). «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя». БелСЭ, 1981, т. 4, с. 9.
[10] Паводле перапісу 1897 года ў Беларусі (у сучасных межах) найбольшы працэнт беларусаў у параўнанні з Мінскам, Гродна, Віцебскам быў у Магілёве i складаў 30 %.
[11] Паводле перапісу 1897 года 68 % насельнікаў Беларусі былі непісьменныя.