Калі вярталася адтуль, несла ў руцэ кубак, Міхаіл Апанасавіч ведаў, што гэты сырадой яму. Ён выпіў i падзякаваў.
— Піце на здароўе, — спакойна, як надта нічога такога добрага i не зрабіла, адказала яна. — Самі бачыце, малака хапае. Ды i другога чаго, хоць i без гаспадара жыву, ёсць. Не многа, але ёсць. Карова добрая, не прагаварыцца толькі, два парсючкі гэтаксама ладныя. Сена пачці сабрала за лета, дроў тожа хваціць на зіму. Толькі вот па мужчынскай часці вялікія непаладкі — плот пагніў ды паваліўся, веранда ды страха во абы-якія, што, здаецца, i не глядзеў бы, падпаветка развалілася... Ды, на добры толк, i хату ўжо варта было б ашаляваць, бо надта ж халодная.
— Страху-то позна ўжо раскрываць, бо восень на дварэ, — сказаў ён, бачачы, як яна, абцягваючы на поўныя калені сукенку, прысела на ганку. — А плот можна яшчэ i цяпер перасыпаць.
— Хіба мая гэта работа, Апанасавіч? — клапатліва, моршчачыся, прамовіла яна. — Ці надта час на гэта маю?
— Пагаварыце з лесніком, хай яшчэ дазволіць высекчы сасняку ды дасць на шулы чаго таўсцейшага, то я за восень пакрысе i перасыплю ўвесь частакол, — сказаў ён, — усё роўна мне да полудня няма чаго рабіць. То памагу.
— Вы ўжо i так... Гэта мы, простыя людзі, прывыклі да ўсялякай работы...
— I я ж не беларучка. Увесь час жыву ў вёсцы, раблю вясковую работу, — сказаў ён. — Калі быў жанаты, то i гаспадарку свію меў, усё сам рабіў. I настаўнічаў, i дома спраўляўся. Як цяпер Вяртун ці Рагатка...
— Я ж здалёку замуж сюды прыйшла, то i цяжка, бо адна жыву, без радні... I ён жа, чалавек мой, быў прыезджы... — прамовіла яна. — Што зраблю сама, тое i маю...
— Нешта будзе, — заспакоіў ён. — Дзяцей на ногі амаль паднялі ўжо, гаспадарку не толькі не запусцілі, але i добра трымаеце.
— Ды не прападзём жа, абы здароўе Бог даў... — згадзілася яна. — А я, дзякуй Богу, яшчэ добра чуюся... Шчасця вот толькі малавата... Лепей сем разоў згарэць, як адзін раз аўдавець... Ды ў маладым веку... — усхліпнула, шморгнула носам, але ўтрымалася, не заплакала, хутка выцерла падалом вочы, зірнула на яго і, чамусьці як саромеючыся ці позіркам просячы, каб ён цяпер нічога не гаварыў, усміхнулася. Пры гэтым не варухнула нават вуснамі, не міргнула вокам, усміхнулася толькі позіркам, выказваючы да яго вялікі давер.
— Але чаго мы, людзі, тут сядзім: холадна i цямнее ўжо, хадзем у хату.
Устала, падалася першая. У хаце прыпынілася ля печы, выцягнула вілкамі гаршчок з бульбаю, паторкала відэльцам, правяраючы, ці зварылася.
Ён гэтаксама падняўся, убачыўшы, як ад шыбін адарваліся дзеці — відаць, дзяўчынкі сачылі за ім i за маці. Але Каця нічога на ix не сказала, абхапіла гаршчок анучаю, зняла яго з прыпека i адцадзіла ваду ў вядро, а пасля высыпала бульбу на стол, на разасланы ручнік. Тады відэльцам, адпіхаючы лісце хрэну ды вішанніку, дастала з вядра салёныя гуркі, паклала ix, зялёныя, крамяныя, у талерку. Пасля ўзяла з паліцы загорнуты ў паперу, на якой самапіскай была напісана цана, кавалак купленай у магазіне каўбасы, парэзала яе, наліла ў кубкі кіслага малака.
Затым схадзіла ў другую палавіну i прынесла адтуль пляшку, заткнутую гумовым чорным коркам.
— Не трэба, — прамовіў ён, саромеючыся i Каці, i яе дочак-вучаніц.
— На апетыт трохі... — усміхнулася Каця, наліла яму з палавіну шклянкі, а сабе зусім крыху. — Ну, будзьце здаровыя, — сказала, але пастаралася не зірнуць, не глядзела: бярэ ён чарку ці не — выпіла, прыкрыла рот рукою. — Фу, як яе толькі п'юць!
Ён паволі выпіў, моўчкі пачаў закусваць.
— А можа, i гэта дап'яце? — спытала пасля. — Кропля тут засталася, што вам значыць, мужчыну...
— Ды хопіць, — усміхнуўся ён. — Не раз i кропля лішняй бывае, зводзіць... Што тады i стрымацца не можаш... Вялікая яна губіцелька, гэтая гарэлка...
— Гэтая халера толькі дурных ды прагных губіць, разумнага чалавека не звядзе... — сказала яна, зноў на яго не пазіраючы, але шмат што i намякаючы. — Ну, дык бярыце за здароўе ды за гэты розум...
Выпіўшы, ён зноў пачаў есці, адчуваючы, што ў яго разгарэўся апетыт, а яна яшчэ дастала гуркоў, парэзала каўбасы. Сама не ела больш, сядзела паблізу, як радуючыся, што сядзіць разам з мужчынам i той смачна есць тое, што яна прыгатавала, i не толькі смачна ўплятае, але i, канечне, у душы дзякуе ёй.
— Спадабалася вам у нас, Апанасавіч? — запытала пасля з хваляваннем у голасе.
— Ды няблага... — адказаў ён, зірнуў на яе, яшчэ зусім маладую, ружовашчокую, прыгожую, i адчуў такое збянтэжанне, якое даўно ўжо не адчуваў: прыйшоў вялікі смутак па жанчыне — па жонцы, сяброўцы, маці яго дзяцей, — па ўсім тым, без чаго, відаць, не можа жыць усякі разумны ды здаровы чалавек. — Ды чаму можа быць блага? Дырэктар як дырэктар, як i ў кожнай школе, калегі па рабоце разумныя, далікатныя, працавітыя... Толькі вот, можа, аднагодкаў маіх мала, бо ўсе маладыя амаль, са сваімі клопатамі, i я ім мала падыходжу, бо ў мяне іншыя клопаты... A ў вас мне — здаецца, лепш нідзе i быць не можа...
— Ці добра вам тут выходзіць? — як ужо між іншым запытала Каця, прыбіраючы стол.
— Ды рублёў сто трыццаць...
— Добра, — сказала яна.
Ён нічога не адказаў, закурыў, глядзеў, як увішна ўсё робіць гаспадыня, i адчуў трывожнае хваляванне ад блізкасці жанчыны...
1975
Бывае такая ня'доўгая, але вельмі прыкметная пара на дварэ — асенняе лета. Стаіць яно на пачатку верасня, калі яшчэ не паслабела святло, не паспела астудзіцца паветра i трымае летняе цяпло зямля. Тады некалькі дзён гэтак жа горача, як i ў чэрвені ці ў ліпені, бо няма яшчэ халодных скразнякоў i нудных дажджоў-абложнікаў. Морась — цёплы пырскуль ці ўліўны грыбасей — часта нарываецца, але яна хутка праходзіць, мякка парыць, прымушае красаваць у лесе зямлю.
Цёпла, утульна ў асенняе лета, але ўжо вока журботна заўважае жоўта-рудаватае лісце, чырвані ў якім большае з кожным днём, бачыць апусцелыя сухабелыя палі, пацукравелыя яблыкі ў садах i самотную пажаўцеласць на дварэ, якая надта відаць, наганяе незразумелы сум, калі сонца прыхаваецца за хмару i свеціць адтуль, свеціць, здаецца, ярка, але неяк па-жоўтаму самотна. Журбота i смутак прыходзяць, мусіць, ад трывогі за цяпло, зеляніну i кветкі, ад трывогі перад блізкімі халадамі i нізкімі сібернымі дажджамі.