— За што? — шчыра здзівілася яна.
— За АСА — за антысавецкую агітацыю.
— За якую?
— За тое, што сумняваецеся ў законнасці савецкага суда, у справядлівасці савецкай улады.
— Божа мой, Божа! — пахітала яна галавой. — Хіба чалавек не можа думаць?
— Не ўсе павінны ўмець гэта.
Яна ўжо моўчкі хітала галавой.
— А я, дурніца, верыла гэтаму з міліцыі: вы падрывалі моц нашай краіны, жадалі, каб нас узялі немцы!
— Не такі я ліхадзей, як пляце ён. Я не змагаўся супраць савецкай улады i не маліўся на фашызм. Я рваўся на фронт, каб быць разам з нашымі байцамі, але мяне не пусцілі. Не даверылі. Палічылі: мы затаілі злосць на Радзіму, прададзім яе пры першым жа зручным выпадку.
— Божа, — усё не магла пераадолець здзіўлення, а то i абурэння Клава, — на што, дзеля чаго так калечыць чалавека?
— Я яшчэ выжыў, Клава. A сотні, тысячы выдатных людзей — вучоныя, пісьменнікі, інжынеры, урачы, настаўнікі — ператварыліся ў «лагерны пыл» альбо ляжаць у вечнай мерзлаце. Ды не будзем больш гаварыць пра гэта, Клава. Мы з вамі не разбяромся, чаму такое было i
ёсць. Але шчыра параю: ні з кім не гаварыць пра гэта. Загучыць ваш голас у хоры іначай — яго адразу ж пачуюць бязлітасныя хормайстры... Вы маладая i прыгожая, дык жывіце нармальным жыццём. Яно, паверце мне, цудоўная рэч. Нават глыток волі — вялізная чалавечая радасць.
Клава пакратала пальцамі — ад яе далонькі i асабліва ад мяккіх кончыкаў пальцаў пайшло-пабегла цяпло, уміг расцяклося па ўсім маім целе. Я міжволі моцна сціснуў яе руку — яна ўздрыгнула, нібы ад удару токам, а пасля пакорліва сплялася з маёй; мы пільна пазіралі адно на аднаго i, хоць у пакоі ўжо гусціўся паўзмрок, я адчуваў у яе вачах любаванне мною, адданасць, а яшчэ праз міг i адчуў-убачыў, як трымцяць яе прызыўныя вусны. Я не мог не пацалаваць яе.
— Грузчык мой дарагі, — урэшце адарваўшыся ад маіх вуснаў i перавёўшы дыханне, прашаптала Клава, хілячыся i лашчачыся да мяне. — Абдымі мяне, прытулі.
Я паслухаў. Яна, уладкаваўшы голаў на маёй грудзіне, папяшчоцілася:
— Мне вельмі добра, Алесь. А табе?
— I мне.
— Праўда? Ты ж, здаецца, заўсёды пазіраеш на мяне спадылба...
— Не заўсёды.
— А чаму ўсё ж калі-нікалі нібы злы?
— З-за рэўнасці, — усміхнуўся я.
— Не хітруй. Кажы праўду. Лічыш мяне прапалай?
— Хіба можа так быць: крыху за дваццаць, а прапалая ўжо? У цябе ўсё яшчэ наперадзе.
— I добрае?
— I добрае.
— Я табе падабаюся?
— Падабаешся.
— Крышачку?
— Не, не крышачку.
— Вельмі?