Калі разыходзіліся, п'яная Нюра схамянулася:
— Зойдзем, бабы, да яго, няхай пакажа нам свае карцінкі.
— Позна ўжо, — паспрабавала яе i ўсіх адгаварыць вясёлая сёння Ніка. — Паглядзім іншым разам. Максім жа ад нас не ад'язджае.
— Бачыш, якая ты! — не здавалася Нюра. — Адхапіла сабе харошы партрэцік i задаволеная! А мы? Не вартыя? На нас толькі карыкатуры?
Хацеў ці не хацеў, a мусіў павесці падпітую жаночую камнанію ў свой пакой i паказаць альбом. Жанчыны шчыльна абселі i абступілі яго з усіх бакоў.
— Ніка! — заўсклікалі хорам, калi ўбачылі новы партрэтны накід.
— Ніка!
— Зноў Ніка!
— Клава! — загулі, калі ўбачылі сваю афіцыянтку ў белым фартушку i белым каптурыку. — Мікалаеўна!
— Ніка!
— Ніка!
— Зноў Ніка!!!
— Нюра! — ажывіліся, бачачы малюнак, дзе жанчына за буфетам дзёрзка падперла бакі рукамі i на кагосьці лаялася.
— Не карыкатура, але не так добра намаляваная, як Ніка, — нібы пакрыўдзілася тая.
— Ніка!
— Амаль усё пра Ніку! — пасля, калі ён загарнуў альбом з апошнімі сваімі накідамі, заўважыла Клава. — Ніка вясёлая, Ніка сумная, Ніка хітраватая!
— Зразумела, — пахітала галавой Нюра. — Ён закахаўся ў нашую Ніку!
У Максіма нечакана ўстрапянулася сэрца: акаселая Нюра чуйна ўгадала тое, што ён адганяў ад сябе, таіў; як убачыў, сумелася i Ніка — можа, ад таго, што зразумела: невыпадкова столькі шмат маляваў яе, а можа, ад таго, што жанчыны абы-што падумаюць пра ix. Праўда, узяла сябе ў рукі, перавяла гутарку на іншае:
— А вось партрэта нашай Аксанкі няма.
— Ведама, увесь час на кухні, дык не трапляла на вочы чалавеку, — па-свойму заступілася за маладзенькую напарніцу разважлівая Мікалаеўна. — Хіба Аксанка не прывабная?
— А ведаеце што, бабы? — загарэлася Клава. — Давайце пакінем тут Аксанку, няхай папазіруе Максіму!
— Пакідаем! — рашуча секанула паветра дужай рукой Нюра. Кажуць, кулаком яна збівае з ног свайго мужа.
— А ты што скажаш, Аксанка? — Клава прытуліла да сябе тонкую рыжаватую дзяўчыну, якая цяпер палала ад сораму. — Папазіруеш? Можа, нават i без адзення? Чула, мастакі вельмі любяць маляваць голых жанчын, а пісьменнікі — пісаць пра ix.
— Не бянтэжце дзяўчынку, — прамовіла Ніка, засаромеўшыся. Ёй, здаецца, пачала не падабацца гэтая залішне вольная жаночая размова.
— Знайшла дзіцятка! Ёй ужо дзевятнаццаты год, — хмыкнула Клава. — Яна хоча замуж. Дык i трэба завабліваць жаніха.
— А ты легла б альбо села перад чужым мужчынам голая? — паўшчувала Мікалаеўна.
— Села б! — не сумелася тая. — Ды перад высокім i прыгожым! Толькі, на жаль, мая постаць ужо не тая. Вось каб такая, як у Нікі!
— Хопіць, Клава, распускаць язык, — незалюбіла Веліканава. — Што падумае пра нас Максім!
— Хай ведае: бабы ёсць бабы, — паклала яму руку на плячо Клава. — Хоць, кавалер ты наш адзіны, раскажы пра сябе. Які лёс закінуў цябе сюды?
— Самы звычайны, — усміхнуўся ён.