— Ды іду, — сказаў Віктар.
Ён, зусім не крыўдзячыся на сваіх старэйшых калег, згарнуў i паклаў у шуфляду паперы, высыпаў з попельніцы ў вядро попел, падняўся, ускінуў на сябе стары балоневы плашч, што быў модным гадоў пяць таму. Развітаўся з мужчынамі i выйшаў з пакоя на доўгі вузкі калідор, дзе стаялі модныя бліскучыя рудаватыя столікі i такога ж колеру крэслы з сіняй абшыўкай.
— Не цярплю гэтых яхідных лысін! — абуралася Лідачка, ідучы побач.— Колькі яны ўжо калолі мяне...
— Не перажывайце, — усміхнуўся Віктар.— Яны жартуюць, ніякай злосці да вас не маюць.
— Ды ну ix! Няўдачнікі... Вось i недалюбліваюць маладых.
— Перабольшваеце, — сказаў Віктар, — якраз яны любяць вас.
— А вы не крыўдзіцеся на ix? — запытала Лідачка, — Яны ж i з вас насміхаюцца... «Даставай сетку...»
— Ды нічога, — сказаў Віктар.— Што за смех, калі я напраўду часта хаджу ў магазін.
— Але не будзем пра ix гаварыць, — крыўда ў Лідачкі праходзіла.— Ну, як вам чуецца ў новым званні?
Віктар паціснуў плячыма, усміхнуўся i нічога не адказаў, павярнуў з цемнаватага калідора на яшчэ цямнейшую лесвіцу. Насустрач ім паднімаўся знаёмы халасцяк з аддзела агратэхнікі; як параўняўся з імі, непрыстойна падміргнуў. Віктар не адказаў ніяк на гэты жарт, прайшоў i не азірнуўся.
— Прыемна вельмі, канечне?
— Чую, што лягчэй стала. Як скінуў штосьці з плячэй...
— Канечне, — згадзілася Лідачка, — вам добра. Вы таленавіты, працавалі ў вёсцы, на полі, сваімі рукамі мацалі зямлю. Я вось ніколі не абаранюся...
— Абароніцеся, — сказаў Віктар, — гэта позна ці рана будзе. Вось важней веды, удалая работа, карысць ад яе.
— Так усе гавораць, калі абароняцца...— перапыніла яго Лідачка, спускаючыся побач з лесвіцы.— Але ўсе мараць абараніцца, мець гэты дыплом. З дыпломам ты чалавек... I вы цяпер чалавек, асоба, вучоны, не тое што былі раней, месяц таму... А хто я? Лабарантка Лідачка. Сягоння прыходжу ў аддзел гербіцыдаў, запрашаю дзяўчат ісці разам палуднаваць у рэстаран. Дык мне Пятрова, гэтая брыдкая старая дзявуля, што толькі два месяцы таму абаранілася, але ўсе свае трыццаць гадоў ніводнаму мужчыну не патрэбная, скрывіла вусны i мармыча ў нос так зняважліва: «А хіба ў вас няма сяброў са свайго кола?» Пазіраю здзіўлена на яе... Пасміхаецца: з кола лабарантаў... «З імі вам трэба, — кажа, — дружыць...»
— Не чуў вашай гэтай размовы, — сказаў Віктар, — але добра ведаю, што мала быць адукаваным. Трэба яшчэ мець i культуру. Няма яе — няма i сапраўднай адукаванасці.
— Правільна, але... Кандыдат ёсць кандыдат...
— Папрацуйце — i абароніцеся.
— Не абаранюся, — уздыхнула Лідачка.— Я нарадзілася i вырасла ў горадзе, ні да акадэміі, ні пасля яе не была ў вёсцы. З кніжак усе травы ды кветкі ведаю, знаю ix лацінскія назвы, каштоўнасць, a завядзі мяне ў поле — я нічога не пазнаю. Калі была на практыцы, ячмень ад пшаніцы не адрозніла. Падобныя абое, вусатыя...
— Паедзьце ў вёску, пааграномнічайце, — усміхнуўся Віктар, — зямлю сваімі рукамі памацайце, дажджу ці цяпла не раз у неба папрасіце, нагадайце, чаму на адным i тым жа кавалку густа i пуста расце.
— Я не ўяўляю, як жыць у сяле, ды мяне i мама не пусціць. Скажа: тады іншую работу табе знойдзем...
— Што ж вы такая кволая!
— Насміхаецеся...
— Бо не ведаю, што вам параіць, — сказаў Віктар.
— Быць мне да сівых валасоў у лабарантах ці ў малодшых навуковых супрацоўніках...
Віктар прамаўчаў, незалюбіў, што Лідачка так выдумляе на сябе ўсякае, так глядзіць на ўсё не далей свайго носа, развітаўся на першым паверсе з вахцёрам і, бачачы праз акно калідора, што на халаднаватым, хмурым дварэ ідзе дождж, наставіў каўнер плашча, пашкадаваў, што не ўзяў з дому старэнькі парасон.
Ліда адчыніла сумачку, дастала з яе маленькі японскі парасончык, раскрыла яго, запрасіла «схавацца».
— Дзякуй, — сказаў Віктар, прыхінуўся да яе — каб не падала вада на плячо.
— Калі ласка, — усміхнулася яна какетліва, забываючыся, што зусім нядаўна ёй было сумна.— А я сёння нешта чула...
— Што вы чулі? — спытаў ён i блазнавата зірнуў на яе чысценькі бялявы тварык, падміргнуў ёй.