— Гэта, ведаеш... Сам ведаеш, што гэта...— дачка не пайшла, а засталася i не змаўкала, гаварыла: — Але я вельмі каюся, што не стрымалася. Як толькі мама ачуняе, я папрашу ў яе прабачэння, пастараюся даказаць, што я згарача зманіла. А ты... Сам думай, што рабіць...
Навіцкі чамусьці неяк раптоўна аглух, хіснуўся i ўпаў тварам на халодны падлакотнік канапы, ударыўся пераноссем — але болю не было, зрабілася неяк мляўка, лёгка, i гэтая слабасць нібы зацягвала ў глыбокую ваду.
— Та-та! — як з-пад зямлі ці з-за тоўстай сцяны пачуў ціхі даччын голас, пасля зусім перастаў яе чуць, як заснуў.
Пасля нешта халоднае закапала на твар — i ён, здаецца, прачнуўся, адчуў, што яму не лёгка, а вельмі цяжка: вельмі моцна тахкае сэрца, коле, i водгаласкі гэтага болю аддаюцца аж у скронях. Але ён з радасцю адчуў, што сэрца яшчэ вытрымала моцнае ўзрушэнне.
Тоня, якая палівала з кубка на далонь ваду i пырскала ёю ў твар, падала кубак, i ён узяў яго дрыготкай рукой, звонка стукаючы ім аб зубы, адпіў крыху, адчуў, як адразу яму лягчэе.
— Дзякую, — прашаптаў ён, выцер рукавом мокрую бараду, убачыў, што прыбег сюды i сын, стаіць i са сполахам лыпае на яго велікаватымі вачыма.— Ідзіце. Я хачу пабыць адзін. Скажы толькі, калі ласка, — ён зірнуў на дачку, — у якую бальніцу забралі маці...
Тоня сказала, кіўнула брату ды яшчэ раз зірнула на яго i выйшла з пакоя.
Навіцкі, як застаўся адзін, адчуў, як мацней закалацілася рука, якая трымала кубак. Ён яшчэ крыху выпіў вады, абліў ёю бараду i грудзіну, падняўся, паставіў кубак на стол. Хіснуўся, абапёрся рукамі аб сцяну. Асцярожна падаўся ў дзверы, а пасля па калідоры ў прыхожую — да плашча.
Ішоў, пераадольваў дрыготку ў каленях i адчуваў, што за сёння не толькі сіламі, здароўем, але i душою пастарэў самае малое на пятнаццаць гадоў, хоць — добра разумеў — гэтыя бясчасныя гады прыйшлі не толькі за сённяшні дзень...
Міхаіл Апанасавіч i Каця
Конюх Мікола — у старой, выбеленай ад вотруб'я фуфайцы, у падвязанай на патыліцы шапцы-вушанцы, якая ўнізе выпацела, выцерлася аб шыю i была без падкладкі, у гумовых ботах, чырванашчокі — вывеў з цёплай канюшні высокага, белага, з чорнымі плямамі на баках каня, падвёў яго да калёс i паставіў між аглабель.
— Дзякую, — сказаў Міхаіл Апанасавіч, бачачы, што конюх не толькі апускае долу лейцы, але i бярэцца за хамут, які ляжаў ужо на добра падмазаных калёсах.— Я сам запрагу.
— Ды ладна, мы — людзі не ганаровыя, паможам... А то, можа, ўжо i забыўся, як ушчэмліваюць каня ў аглоблі...— пажартаваў вельмі вясёлы сёння Мікола, мігам беручы хамут i нацягваючы яго на задраную ўверх конскую галаву, а пасля пераварочваючы гужамі ўніз.— Станеш гаспадаром у Каці, то на чарку калі заклічаш...
«Хоць крыху i старэйшы я па гадах, але настаўнік пачатковых класаў, а ix не так цэняць, як настаўнікаў старэйшых класаў. Словам, не надта салідны...— падумаў Міхаіл Апанасавіч.— Вось ён так смела i гаворыць са мною, пакеплівае...»
— Чаго маўчыш, як вады ў рот набраў?— як здзівіўся Мікола, папраўляючы пад хамутом конскую грыву, зірнуў, шырока раскрываючы белазубы рот, вышэй i ніжэй якога сінелася густая невялікая шчэць.— Мусіць жа, ужо добра прыгрэўся ля яе? Га? Недарэмна, я табе скажу, зусім недарэмна, — пры гэтым ён хітра прыжмурыў левае вока, — яна ўхапіла цябе ў кватаранты. Нябось хлопца якога маладога ці дзяўчыну не ўзяла, а цябе во, сталага, пад свае гады, так сказаць, прыняла...
— Трэба ж i мне, прыезджаму, недзе жыць...— заступіўся i за сваю маладую, працавітую, што пчала, гаспадыню, i за сябе сарамлівы Міхаіл Апанасавіч, — Так што не трэба абы-што гаварыць на спагадлівую жанчыну...— Прамовіў, накруціў, падкарочваючы, гуж, падняў аглоблю i ўсунуў у гужавую пятлю дугу, другі канец цераз конскую шыю падаў Міколу, які гэтаксама ўжо накруціў гуж, зачапіў ім за дугу, ад чаго клешчы хамута шырока раз'ехаліся.
— Трэба то трэба, гэта ясна...— загуў Мікола, каленам ціснучы ўжо на правы клешч.— Але ж яна — ты толькі не абіжайся, — я табе скажу, ніколі кватарантаў не брала. А гэта ні з таго ні з сяго падахвоцілася... Цяпер, брат, уся вёска гаворыць... I не толькі нашы Міланькі... Не злуй, калі табе гэта не надта будзе наравіцца, але я табе скажу: я добра ведаю, чаго яна хоча... Яшчэ як ведаю, я табе скажу...— ён заматаў ужо на клешчы пасак, завузліў яго, ад чаго дуга зусім сціснулася ды выгнулася.— Часта прыходзіла дагэтуль да мяне то каня папрасіць, то баразну якую разараць... Пашчыплеш у кладоўцы за бакі — дык рагоча, я табе скажу... Вот што я табе скажу, а ты сам кумекай, — бо ў цябе не мая дурная, а разумная галава, — што гэта значыць...
Міхаіл Апанасавіч, ціха тоячы сорам i нават злосць на залішне гаманкога конюха, прамаўчаў, адвязаў ад падсядзёлка кавалак старой сашмараванай ляйчыны — церассядзельнік, — прывязаў да аглоблі, другі канец кінуў цераз конскую спіну на той бок. Там яго перахапіў Мікола, падняў каня.
— Ты не злуйся, калі я замнога лепячу языком...— той паправіў падсядзёлак, а пасля пасак пад конскім жыватом.— Прыставай да яе ў прымы, я табе параю, калі бярэ. Не глядзі надта, што простая баба, а не настаўніца...— сказаў гэта ўжо не з насмешкай, а шчыра.— I маладая яшчэ, імчаць будзе, што воз з гары... I спраўная... За бабу i за мужчыну робіць...— i, бачачы, што яму не адказваюць, запытаў: — Куды паедзеш?
— У лес, — адказаў Міхаіл Апанасавіч.
— Тады не бяры драбін, — сказаў той i сам зняў ix з калёс, паставіў ля пафарбаванай вапнаю драўлянай сцяны канюшні.— Каня не кілзай, а то цуглі вострыя, губы парэжа...— прамовіў, сеў на цагляную прызбу, дастаў з кішэні замусоленую пачку, узяў адну цыгарэціну, пастукаў па далоні, прыпаліў, зацягнуўся i пусціў дым долу, на свае тоўстыя літыя гумовікі.
Міхаіл Апанасавіч, спяшаючыся i саромеючыся Міколавых дапытлівых i смелых позіркаў, хутка падлажыў пад дугу новыя цвёрдыя лейцы, выцягнуў ix, сеў на старой, учарнелай ляжанцы — дзвюх збітых на канцы перакладзінкамі дошках, — на якой сёлета за лета i за гэтую раннюю восень многа чаго паперавозілі, бо відаць была на ёй сухая кара, сена i мох, спусціў ногі i турзануў лейцамі каня.
Прысохлыя калёсы крануліся, для чаго каню прыйшлося крыху напяцца, аж рыпнула тугая дуга.
Міхаіл Апанасавіч ездзіў ужо ў лес не раз. Яшчэ на пачатку верасня прывёз Каці — гаспадыні — сухастою, бярозавага галля, што валялася на працярэбленай нядаўна лініі, пасля прытарабаніў два вазы смаловых карчоў. Цяпер вось ехаў па хваёвыя жэрдкі, якія насек на тым тыдні, каб паставіць яшчэ цяпер, восенню, новы плот.
Каб ён памагаў па гаспадарцы, Каця не прасіла. Але ён бачыў, што пры хаце шмат непаладкаў, i сам стараўся тое-сёе падладзіць. Ды i не мог сядзець без работы.
Школьнай працы было не шмат. Напісаць планы, праверыць дзеткам-другакласнікам сшыткі — i, бадай, усё. А так у вольную хвіліну чытаў ці сядзеў у хаце ля акна i пазіраў на кастрычніцкі двор — на пажаўцелыя бярозы, апалае лісце з якіх ужо зачарнелася пры плоце, пазіраў на дождж, што ці ліў цурком, ці раптоўна заціхаў, або пазіраў i не мог разабрацца, што ж на дварэ, бо часта з раніцы было хмурна, сыра — вісеў мокры цяжкі туман i імжэла дробненькая халодная морась. Гэта быў не дождж, на зямлю не лілося вады, а нешта мокрае нябачна i надта ж рэдзенька сеялася з неба ці — калі гаварыць праўдзівей — штосьці імжыстае павісла між небам i зямлёю, ліпла да твару, як ліпне мокрае павуцінне, калі нагінаешся i шыешся пад нізкімі густымі лапамі маладога сасняку.
Пазней, пад полудзень, нечакана між хмар выблісквала сонца — ужо высока ад зямлі, — разганяла туман, хмары, i пачынала бачыцца блакітнае неба. Падсушвалася паветра, падсушваліся барозны разагнанай з раніцы бульбы — i на зямлю лілося жаўтаватае i самотнае святло. Цяпла, аднак, вялікага ўжо не чулася, бо i сонца было няяркае, нібы астуджанае, i паветра прыкметна настоялася ўжо асеннімі скразнякамі, i зямля астыла, страціла цяпло ад першых замаразкаў.
Калі людзі сама распачыналі працу ў саўгасе ці дома — выбіралі бульбу ды сушылі атаву, — сіваватыя, шчодрыя на ваду хмары зноў згушчаліся, захутвалі сонца, моцна i ўліўна абрынваліся на зямлю халодным дажджом. Ён быў яшчэ не зусім восеньскі, бо не ліў падоўгу, а нечакана прыпускаў i гэтак жа нечакана аціхаў. Тады было, як кажуць, сем пагод i няможна было ўгадаць, што выдасца на дварэ праз гадзіну.
Вось так часта — амаль праз кожную хвіліну — нечакана мяняўся тады на дні i настрой Міхаіла Апанасавіча. I не таму, што ён да полудня сядзеў дома, быў зусім адзін (гаспадыня хадзіла ў саўгас на працу, а яе дочкі — у школу), пасля ішоў вучыць сваіх другакласнікаў, якія прыходзілі на другую змену. Нe. Відаць, трывожна, a калі i сумна яму было ад іншага — што ён тут, у Міланьках, быў чалавек новы, прыезджы i ўсе тутэйшыя людзі, як i калегі-настаўнікі, былі незнаёмыя. Хоць адчуваў, што дырэктар пра яго ад загадчыка райана ведае многае i тое-сёе расказаў пра гэта астатнім настаўнікам i яны гэтаксама адчуваюць, які ён чалавек, як склаўся ў яго лёс...