— Бярыце, — адказала маці.
— Дзякую,—прамовіў ён i босы пайшоў па халоднай гліне да парогa, наліў з вядра ў «самавар» — невялікі пусты снарадны патрон — вады i паставіў яго, адкінуўшы ўбок верхні маленькі кружочак, на пліту, зноў палез на печ.
У гэтым «самавары» грэла сабе гарбату i маці. Гарбата гэтая, праўда, вельмі доўга пахла жалезам i порахам, але цяпер «самавар» добра абварыўся i больш не гаркавіў вады.
Калі вада закіпела, стары ўзяў з кішэні свайго шыняля загорнуты ў сінюю анучку скрутачак, разгарнуў яго. У ім была нейкая сухая рыжая трава. Ён адарваў ад пучка некалькі лапак, разламаў ix i апусціў у вар. Тады дастаў з кішэні пінжака-мундзіра маленькую шкляную бутэльку, заткнутую гумовым коркам, адкаркаваў яе i высыпаў на далонь белых «пігулак» — сахарыну.
Стары трымаў сахарын на далоні i чакаў, пакуль высербае саладуху малады i калі настоіцца навар. Малады немец трымаў у руках міску, бульбіны, еў i стараўся не выпусціць з лыжкі ніводнай кропелькі. Калі нёс лыжку да рота, дык пад яе падстаўляў далонь i кропельку, што падала на яе, адразу ж злізваў.
Казік ужо здаволіўся, стаміўся сёрбаць, хоць i адчуваў, што не вельмі прагнаў голад. Поўны жывот, бурчыць у ім, але есці ўсё роўна хочацца.
Пачакаўшы, калі вада ў «самавары» пачала бурачковіцца, стары адліў з яго настою ў кубак, укінуў сахарыну, размяшаў лыжачкаю. Заплюшчваў вочы, бо кубак пёк рукі, а вада — рот, але піў маленькімі глыткамі, гучна, на ўсю хату, сёрбаючы.
— Сахарын блага на вочы, — гаварыў ён, — але гарачае надта добра для здароўя. I трава гэтая, маліннік, добра. У вас надта многа ўсякіх ягад ды траў, грыбоў. У вас усяго многа, вы надта багатыя на ўсё — на лес, на ваду, на сена, на поле... Толькі мір вам трэба, рукі ды машыны... Некалі вы будзеце добра жыць...
Малады немец, апаражніўшы амаль усю міску, толькі тады прыпыніўся сёрбаць, падсунуў яе старому, падаў яму паўбульбіны.
— Еш сам, хлопец, — махнуў той рукою, — табе трэба расці, дык i есці трэба болей. А я стары... Дзякуй во добрым людзям...— далей ён, павярнуўшыся да маладога, пачаў гаварыць нешта па-свойму — малады пазіраў на яго, услухоўваўся.
Казіку i бацьку маці наліла гарбаты, настоенай з сушаных чарніц: яна заўсёды, калі ядуць саладуху, робіць навар з чорных ягад — каб не балеў жывот. Казік i бацька пачалі сёрбаць гарачую чарнаватую, зусім не салодкую ваду, а маці паставіла на падаконнік астуджвацца свой кубак i ўзялася выціраць стол.
Падлетак слухаў ды слухаў старога, а пасля хутка злез з печы, з сорамам падышоў да маці, злавіў яе правую мокрую руку i прыпаў да яе вуснамі.
— Данкэ шэн, гнэдыгэ фраў...— прашаптаў ён, пазіраў на маці з вялікаю падзякаю, як яна ўсё роўна выратавала яго ад смерці.— Данкэ шэн!..[12]
— Не трэба так...— засаромелася, аж успыхнула чырванню маці i выхапіла руку, схавала яе за спіну.— Не трэба...
Падлетак збянтэжыўся, вярнуўся на печ, да старога, які адліў з «самавара» яшчэ вады, падсаладзіў, пачаў піць. Стары яшчэ нешта доўга па-свойму гаварыў маладому, той з увагаю слухаў i пазіраў на Казіка i на яго бацьку. I сёння, здаецца, нічога не было ў гэтым позірку спалоханага i дзікаватага, а ён, гэты позірк, выдаваў звычайным дзіцячым позіркам.
...На дварэ, падняўшыся над лесам, бліснула вялікае чырванаватае сонца, ружова i калюча засвяціла ў аброслыя намараззю вокны, i ад яго святла відаць было, як плыве па хаце дробненькі залацісты пыл, кратаецца цёплае паветра ля пліты. Гэтае позняе сакавіцкае сонца было яшчэ халоднае, бо рана было яму яшчэ быць цёплым за доўгую сцюдзёную зіму, не грэла праз цёмныя шыбы, праз стылае, астуджанае паветра, але раз паказалася, адчулася, дык пара ішла да цяпла...
Быць разам
Русовіч толькі вярнуўся з работы i не паспеў яшчэ распрануцца, калі пачуў, што нехта звоніць у дзверы.
— Заходзьце, калі ласка! — запрасіў ён.— Не замкнёна.
Дзверы адчыніліся — i зайшла маладая паштарка.
— Вам тэлеграма, — сказала яна, падала сіненькі лісток.- Распішыцеся...— потым дастала з сумачкі невялічкі блакнот i ручку, паклала ўсё гэта на пральную машыну, што стаяла непадалёку пад люстэркам.
Ён спалохаўся, зірнуў на паштарчын вузкі i доўгі, з кірпатым носікам, з самкнёнымі i крышку патрэсканымі ад холаду вуснамі твар i хацеў па ім здагадацца: што ў гэтай тэлеграме? Але гэты малады, свежы i чырванаваты ад марозу твар быў спакойны, можа, толькі крышку незадаволены, што ён так марудзіць. Тады ён дрыготкаю рукою распісаўся, думаючы, што здарылася нешта нядобрае з сям'ёю. Аднойчы ўжо тэлеграма вось так нечакана апавясціла яго пра вялікае гора, i ён з тае пары вельмі баяўся раптоўных позваў...
Паштарка забрала ручку, блакнот i выйшла. Ён, хвалюючыся, адразу не пачаў чытаць, а прабег позіркам па густым радку наклееных слоў, пасля ўжо прачытаў спакойна. Палажыў тэлеграму на пральную машыну, распрануўся i, узяўшы тэлеграму, падаўся ў залю, сеў на канапе, пачаў зноў перачытваць кожнае слова i ўдумвацца ў яго.
«Прыязджай вельмі чакаю Яніна».
Ён усміхнуўся: жонка, відаць, засумавала без яго i вось кліча дадому. Жыве ў далёкай адсюль вёсцы, стамляецца на рабоце, мае шмат клопатаў дома. А вольным часам не ведае, дзе прыткнуцца, з кім пагаварыць.
«Канечне, ёй там нялёгка...— падумаў Русовіч.— Хто-хто, а я добра ведаю. Можа, толькі не трэба расказваць пра гэта ўсім людзям, бо не ўсе разумеюць, не ўсе паспачуваюць. Вось расказваў на тым тыдні, як жывецца жонцы, як ён маркоціцца без яе, дык усе, здаецца, спачувалі, а намеснік дырэктара музея — нізкі, гладкі таўстун — пасміхаўся: «Эх вы, маладыя! Калі што ледзь цяжкаватае, дык i ў слёзы, у нараканне... Вось мы некалі...— i ён расказаў, як ён галадаў, але «выбіваўся» ў людзі.— Трэба во...— ён сашчаміў кулакі, патрос імі, насупіўся, робячы на твары ваяўнічы выгляд.— Толькі ўперад!..»
Русовіч, успомніўшы гэта, падумаў, што маглі б тады заступіцца за яго супрацоўнікі, што мог бы i сам неяк лепей апраўдацца, бо добра было так гаварыць намесніку: той меў не толькі ўласную чатырохпакаёвую кватэру, але i ладную дачу, збіраў грошы на машыну.
Але пазаўчора i я падсыпаў яму крыху, што а ж здзівіліся мае калегі... Прыйшоў у аддзел намеснік — i ўсё пра машыну, пра бензін, пра гараж... А пасля давай хныкаць, што не хапае крыху грошай, а так узяў бы на днях лёгкавушку.
«Эх вы, ваяка!— не выцерпеў тады я, устаў, сціснуў кулакі, патрос імі, зрабіў ваяўнічы выгляд.— Жывяце на самай справе толькі марамі пра машыну, гараж, запчасткі, пра ўсякую дробязь... А трэба во як, толькі ўперад!..»
[12] Шчыра дзякую, ласкавая пані... Вялікае дзякуй! (ням.)