— Воля, воля...— перадражніла яго, плачучы, маці, — Каб яго, тое тваё начальства, дзень i ноч гарачка паліла...
Аж дзіва было: паліцыянт — грозны, злосны, прыдзірлівы — нічога не адказаў, адвёў позірк, як пабіты сабака, павярнуўся i пасунуўся на двор.
— Нy, хопіць гавэндаў, — зазлаваў стары немец i ўжо ў сенцах, каб чутно было, мусіць, на двары, прыкрыкнуў: — Лoc, лос шнэль!..[2]
— Толькі i ведаеце: шнэль адно...— перадражніла i старога немца маці.— Калі ўжо якая халера вас сашнэліць адгэтуль... О божачка, чым мы цябе так угнявілі, што ты на нас такую няміласць наслаў?..
Стары немец раптоўна павярнуўся, аж зачырванеўся, сціснуў губы.
— Калі праз пяць мінут не будзеце на дварэ, дык...— прысыкнуў ён.— Дык па законе ваеннага часу...
— Збірайся, Юзя...— ціха папрасіў маці бацька.— Паб'юць...
— А няхай i б'е, паліць!..— закрычала маці.— Колькi ж ужо можна мучыцца гэтак, у такім страху жыць. Як толькі яшчэ душа не перагарэла?..
— Дзеці ж, дзецям яшчэ жыць трэба...— сказаў бацька, падаючыся на двор — відаць, запрагаць каня.
— Мае вы дзетачкі! — загаласіла маці.— Во жыцейка вы бачыце... Навек упалохаюць вас...
Маці, неяк раптоўна згорбіўшыся, замітусілася па хаце, мусіць, нічога не бачыла перад сабою ад слёз. Узяла з калыскі Вэрцю i зноў паклала яе ў калыску. Кінулася да шафы, але нічога не дастала. Садрала з ложка дзяругу, разаслала на падлозе i пачала кідаць на яе падушкі, дзяругі, яшчэ раз адчыніла шафу i выхоплівала з яе сукенкі, ручнікі, прасцірадлы. Кідала долу i галасіла.
— Адзявайся i абувайся, сынок, — сказала яна праз хвіліну, усё плачучы.— Ты вялікі ўжо, сам... Адзін бог ведае, куды нас пагоняць i што з намі зробяць...
У Казіка ў роце стала суха i горача; ён, здаецца, не разумеў ніякага страху, але на самай справе адчуваў яго кожнаю жылкаю, адчуваў, што вось-вось будзе тая самая страшная бяда, якой яны кожны дзень баяліся... Ён знайшоў пад лаўкаю новыя лапцікі, за лета ні разу не абуваныя, палез на печ i выбраў мяккія анучкі.
Вярнуўся ў хату бацька, пачаў памагаць маці ўціскаць i завязваць клунак.
— Выходзь, Бронісь...— зазірнуў з сянец i нецярпліва падагнаў бацьку паліцыянт, — Давай скарэй на двор... Старшы наш едзе. З ім не пагаворыш: люты звер... З-за вас i мне ўляціць...
Бацька, нічога не адказаўшы, хутка апусціў у мех міскі, лыжкі, патэльні i гаршкі, выплюхнуўшы з ix у сенцы ваду i палуднёвую ежу, адчыніў паліцу i забраў з яе сподачкі, відэльцы ды збаны. Завязаў мех i панёс яго перад сабою на двор. Тады вярнуўся i пачаў збіраць харч — звараную бульбу, малако, яйкі. Маці дастала з калыскі Вэрцю, захутала яе ў свежыя полкі, моцна спавіла.
Пачулася, як пад'ехаў яшчэ адзін матацыкл, прыпыніўся i сярдзіта, як чмель, зататахкаў.
— На, Хойзер, вас іст дэн лос?[3] — злосна па-нямёцку закрычаў прыездяш мужчына.
— Гэр лёйтнант, ix мэльдэ...[4] — пачуўся тут жа збянтэжаны голас старога немца.
— Маўль хальтэн... Лoc, лос! Абэр шнэль, фэрлюхтэр![5]
Крыклівая гамонка заціхла, пачулася на двары тупатня, нібы бег статак кароў, i праз нейкі міг убеглі ў хату спалоханыя, але вельмі рашучыя ад гэтага сполаху стары немец i паліцыянт.
— Шнэль, шнэль! Алле хінаўс![6]
— Выходзьце, — сказаў услед за немцам паліцыянт.— Афіцэр загадаў — i салдаты пайшлі за хлеў падпальваць хату... З усіх бакоў, так сказаць...
— Успомняць табе, Шыдлоўскі, яшчэ гэта нашы людзі, — злосна сказала яму маці, — быць не можа, каб век тут ваш Гітлер панаваў, мучыў народ... Адальюцца вам нашы слёзы...
Той, хмурачыся, прамаўчаў, пасля буркнуў:
— Маю хату гэтаксама паляць, бо тут будзе голая зона... Каб нічым не маглі парцізаны пажывіцца... Блакада...
— Не паглядзелі, што i пяты ім лізаў...— злосна сказала маці, узяла на рукі Вэрцю i паклікала Казіка ісці на двор.— I чаму на свеце ест такія дурні: чужынцы прыйдуць, здзекуюцца, а свае ім яшчэ i памагаюць?..
На двары ля ганка Казік убачыў калёсы, на якіх ляжаў мех з пасудаю, кош з пустымі мяхамі, сякера i піла. Бацька вёў з-за хлява мокрага ад расы каня i нёс у руцэ хамут ды дугу, на якой жалобна пазвоньвала кольца.
— Шнэль! — крычаў на салдат i на бацьку высозны, тонкі, што цэп, светлавалосы афіцэр.— Альзо, ецт іммэр форвэртс! У Янковітшы!..[7]
— Ды толпе гэшыхтэ, ды фон гойтэ, ляст айнэн цум ідыётэн вэрдэн...[8]— як агрызнуўся, крыўдзячыся за гэтыя крыкі, стары немец, пакутліва зморшчыўся.
[2] Давай, давай хутчэй!.. (ням.)
[3] — Ну, Хойзер, што тут у цябе? (ням.)
[4] — Пан лейтэнант, дазвольце далажыць... (ням.)
[5] — Заткніся... Давай, давай! Хутчэй, чорт вазьмі! (ням.)
[6] — Хутка, хутка! Выходзьце ўсе! (ням.)
[7] — Хутка! Bось цяпер толькі нацерад! У Янковічы!.. (ням.)
[8] — Пасля ўсяго, што сёння нарабілася, i звар'яцець можна... (ням.)