— Едешь, едешь, не перестает эта вечная лесная молвь, и начинает сердце ныть понемногу, и хочется человеку выйти поскорей на простор, на свет, хочется ему вздохнуть полной грудью...
— И давит его эта пахучая сырость и гниль... — Сяргей Кузьміч, тут ужо без памылкі, звяртаўся да яго, да Мацвея, хаця, на першы погляд, ён, здаецца, проста падтрымліваў гульню, што пачаў Шахрай. Той дэманстраваў яму сваю памяць, а ён у адказ сваю. Але глядзеў пры гэтым Сяргей Кузьміч не на Шахрая, а на яго, Мацвея, бы запрашаў яго таксама нешта сказаць, працытаваць штосьці. I Мацвей глядзеў на Сяргея Кузьміча, у вочы яму. Нешта было ў вачах таго такое, што не адпавядала гэтай гульні ў веданне класікі. Вочы яго пасміхаліся, але дзіўна так, яны былі няўлоўна і невыразна ўсмешлівымі да зрэнак, да нейкай кропкі ў зрэнках. Да кропкі, у якой запасіўся холад, выстуджвалася льдзінка, якая, здаецца, выпрабоўвала яго, правярала, загадвала не маўчаць і не абыходзіцца нязначнымі словамі, гаварыць тое, аб чым ён думае і што ён думае, I Мацвей ужо ліхаманкава згадваў, што б сказаць такое, не зусім бязглуздае, каб стала зразумелым, што ён не лыкам шыты, нешта бачыў і нешта чытаў. Але льдзінка ў вачах сакратара абкома блытала і збівала яго, патрабавала нечага большага, што было на паверхні і прасілася на язык. Да гэтага з ім так ніхто не маўчаў і ніхто не гаварыў і не патрабаваў ніхто такой простасці і яснасці, мо толькі родны дзед Дзям'ян. У сакратара і дзеда Дзям'яна было нешта аднолькавае.
— А я сам чытаў... Я таксама чытаў... — адчуваючы ў роце нейкую клейкасць і супраціўленне слоў, што вымаўляліся ім, пачаў Мацвей.— Талстога Льва Мікалаевіча чытаў...
Шахрай прыжмурыўся, а Сяргей Кузьміч, наадварот, вачыма прыспешыў Мацвея працягваць. I ён працягваў, разумеючы, што вярзе лухту нейкую, што лепш, чым такое глупства плясці, адкусіць бы сабе язык. I гэтае разуменне яшчэ больш злавала яго. I гаварыць ён стаў яшчэ больш блытана і бязладна:
— Не Талстога чытаў, а кагосьці іншага, а мо і Талстога, не помню, чытаў. Мо пра яго нехта пісаў ці. ён пра кагосьці, не помню.— Мацвей сам жахаўся, што за бязглуздзіцу вярзе ён, але спыніцца не мог.— Дык вось Талстой... Не, Талстому, не, усё ж Талстой... Прынёс, падарыў дзецям ці яшчэ камусьці рэпрадукцыі нейкага мастака. Вядомага мастака. Вельмі вядомага мастака. Але справа не ў гэтым, а ў тым, што пачала разглядваць гэтыя рэпрадукцыі маленькая дзяўчынка. Зусім маленькая вясковая дзяўчынка. Да гэтага яна ніякіх мастакоў... карцін ніякіх мастакоў не бачыла. Глядзіць, як па цуд, як па дзіва, і прыгаворвае: ага, гэта сена, гэта сенажаць, млын, а гэта баба мыецца, гэта конь, гэта зноў баба мыецца. I тут баба мыецца. I яшчэ баба мыецца... Талстога зацікавіла, чаму гэта раптам столькі баб мыцца пачало. Ён ведаў гэтага мастака, карціны яго, але ніякіх баб, ды каб яшчэ столькі іх размывалася, не было. Узяў ён у дзяўчынкі рэпрадукцыі, глядзіць, ніхто не мыецца. Проста намаляваны голыя жанчыны. Так сказаць, прыгажосць у мастацкім адлюстраванні. Але дзяўчынка не разумее, што гэта прыгажосць у мастацкім адлюстраванні. Яна мяркуе па-свойму: навошта баба распранулася дагала? Каб памыцца. Вось так...
— Не зразумеў гумару,— рагатнуў Шахрай. Сяргей Кузьміч хоць і не рагатаў, але таксама непаразумела глядзеў на Мацвея, і халодная льдзінка была ўжо па ўсё яго вока.
— А няма гумару,— развёў рукамі Мацвей, адчуваючы, што самае цяжкае ён праскочыў ужо.
— Але ўсё ж нешта ёсць, Мацвей Антонавіч, нешта ёсць. Дыму без агню не бывае. Давай агонь,— запатрабаваў сакратар.
— Няма яшчэ і агню,— усміхнуўся Мацвей,— так, ісрынкі толькі. Колькі ўжо едзем, а глядзіце — усё голая баба мыецца. Ад самага горада голая баба. Поле і поле. А Палессе ж — і нідзе «обнимающего небосклон бора», лесу. Ні дрэўца. Дык ці ж Палессе гэта? А вы ж гаварылі, што маліну любіце збіраць, Сяргей Кузьміч, і жонка ваша любіць, і дачка.
— Сын,— паправіў яго Сяргей Кузьміч,— Але сапраўды справа не ў гэтым. Дваістасць, вось што, Мацвей Антонавіч, сапраўды вельмі ўжо небяспечна ў нашай справе. Небяспечна?
Небяспечна,— пацвердзіў Мацвей.
— Вось, а вы гаворыце: агню яшчэ няма. Ёсць ужо і агонь. Трэба прыбівацца да аднаго берага і трымацца яго. Трэба мець перакананні і змагацца за іх. А інакш сапраўды голая баба атрымаецца. Мужчына голы.
— Не так гэта, ён не голы,— кінуўся на выручку Мацвею Шахрай.— Наслухаўся, а так ён моцны арэшак.
У тым і справа, моцныя арэшкі, хоць і з цяжкасцю, але заўсёды ўшчэнт разбіваюцца. Ні шкарлупкі, ні ядрышка ад іх. Разанскі цуд быў ужо. Мы не забылі.
Аб разанскім цудзе Мацвей памятаў, але што і як аб ім мяркуе сакратар, ён не паспеў паслухаць. Яны былі ўжо ў вёсцы. Каля адной з хатак гэтай вёскі дзядок акорваў жэрдкі. Вадзіцель падруліў да яго і спыніўся, пачаў распытваць пра дарогу. Сяргей Кузьміч паказаў Мацвею з Шахраем:, што няблага было б выйсці і ім з машыны і размяцца. I яны выйшлі, паздароўкаліся за руку з дзядком. Той крыху нават разгубіўся ад такога сяброўскага вітання. I наогул ён быў нейкі разгублены і нясмелы, маленькі, у маленькай чорнай кухвайцы, у маленькіх гумавых жаночых ботах, то хапатліва і нязграбна пачынаў махаць сякераю, то раптам адстаўляў сякеру і пільна, па-дзіцячы дапытліва прыглядаўся да кожнага з тых, хто стаяў перад ім, вырашаючы, ггэўна, нешта сам сабе і ніяк не адважваючыся на рашэнне. Сакратар абкома паспрабаваў разгаварыць дзядка, але той на ўсе пытанні адказваў адным словам: зарабляем, жывём, дзеці ёсць. Карову трымаем...
— Ну, тады давай, бацька, шчыра, што цябе гняце? — мусіў спытаць тады ўжо дзядка напрамую сакратар абкома.
А што мяне, добры чалавек, можа гнясці, кажу ж, усяго хапае, яшчэ і застаецца.
— Вось пра тое, што застаецца, ты і раскажы.
— А што пра гэта гаварыць,— дзядок зусім перастаў цюкаць сякеркай, прыставіў яе, як стрэльбу, да правае нагі, да маленькага жаночага гумавага боціка, які колісь, пэўна, ведаў І глянец, і лак, а цяпер ужо ўсё згубіў, усё выпілі і з'елі росныя ранкі, колкія травы, халодныя туманы; пільна зірнуў у твар сакратару абкома, азірнуўся па сваю хату, бы чакаў адтуль падтрымкі, але не дачакаўся. На хату, на вокны яе зірнулі і госці, у акне ледзь прыкметна калыхнулася фіранка, мільганула старэчая жаўтлявая рука, ці то мо тварык, як рука. I ўсё. 1 гасцям не абазвалася хата. I было ім ужо трохі ніякавата і. прыкра стаяць перад гэтым негаваркім дзядком і яго маўклівай хатай, дагледжаным, сытым, добра апранутым і добра абутым. Але сакратар абкома, пэўна, не прывык, каб апошняе слова было не за ім. I ён пачаў надступацца да дзядка з другога боку.
Век, гляджу, бацька, пражыў немалы, усяго паглядзеўся?
— Уга, добры чалавек, чаго-чаго, а гэтага хапіла.
— I ваяваў?
— I гэтага дабра хапіла. I ваяваў, і партызаніў. I ўзнагароды маю.
— Ну дык вось, давай цяпер так, як партызан партызану: што ў цябе на душы?
— А ты... а вы што, таксама партызанілі? — Дзед узняў вочы ад зямлі, ад сякеры і сваіх гумавікоў, і Мацвей убачыў у яго вачах тую ж самую кропку, што бачыў у вачах сакратара абкома, астуджальную льдзінку, што перамагла яго, вымусіла гаварыць. Убачыў, зразумеў і адчуў, што ж агульнае паміж сакратаром абкома, яго дзедам Дзям'янам і... гэтым дзедам. Вайна. Яны прайшлі аднымі дарогамі, і гэтыя дарогі назаўсёды паядналі і параднілі іх, звязалі іх такім ланцугом, якога ўжо сёння і не знайсці, якога ён, Мацвей, і не ведае. Але гэтая кропка, гэтая льдзінка з'явілася ў вачах дзеда і растала, і, па ўсім, каштавала яна дзеду добра, бо вочы яго адразу ж зачырванеліся і павільгатнелі. Вільготна паплыў і голас яго:
— Ты, відна па ўсім, вялікі чалавек, вялікі начальнік.
— Вялікі, бацька. Вышэй за мяне тут вось нікога і. няма.
— Гэта добра, што ты выбіўся ў людзі. А я вось буракі саджу.
— Таксама няблага, бацька, добрыя буракі?
— Уга, яшчэ якія. Мы вось са старой больш двох не здолеем і падняць. Зямля, торф радзіць пачаў.