Усюды гарэлі электрычныя лямпачкі. Здаецца, нават гарэла цяпер іх больш, чым да вайны, на вуліцах відна — як днём.
Працокаў кованымі капытамі конь вазніцы, правёз у даваенным фаэтоне пышную немку ў футры.
Пранёсся нямецкі матацыкліст з акулярамі на ўвесь лоб, ён нагадаў стварэнне не з гэтага свету — драпежнае, злое.
Праехала грузавая машына з крытым верхам і эмблемай бубновага туза на кабіне. Звычайна ў немцаў ваенныя машыны мелі на кабінах галовы зубраў, аленяў, куніц, зайцаў. Такі знак бачыў я ўпершыню. Ці ўпершыню?.. З Данусяй глядзелі амерыканскі фільм, дзе паказвалі разгром мечаносцаў пад Грунвальдам. Тады рыцары фон Ульбрыхта мелі такія ж знакі на сваіх шчытах...
Нібы з зялёнымі тэрмасамі, з прымацаванымі да боку проціва-газамі прайшоў узвод салдат. Разгадаваныя і здаволеныя фашысты ў дапасаваных шынялях і начышчаных да бляску ботах маршыравалі зладжана, раўненне трымалі лёгка. Ад іх павеяла чужой і ненавіснай сілай.
Я адчуў у сабе насцярожаную ўзбуджанасць і трывогу — стан, калі ў табе напружана кожная клетка і нерв. Каб не выдаў мяне бязладны крок партызана — прымусіў сябе ногі ставіць цвёрда і ўпэўнена.
Прайшла група літоўскіх «нацыянальных» войск, прывіталася са мной.
Вялікая перамога фюрэра! — раптам пракрычаў па-польску хлопчык гадоў адзінаццаці, прабягаючы ля мяне з сумкай газет.— Купляйце «Пройсішэ нахрыхтэн»! Нямецкія войскі планава пакінулі Вялікія Лукі! Новая перамога фюрэра!
Малы рассмяшыў мяне і падбадзёрыў. Я намерыўся купіць газету, ды спахапіўся: я ж не павінен разумець польскай мовы!..
На скразняку стаяла чарга. Сцюдзёны вецер сек жанчын дробным снегам. Апошняй у чарзе была дзяўчына гадоў трынаццаці. Яна наставіла тонкі каўнерык кароценькага асенняга паліто, мяшок звіла муфтай, засадзіла туды рукі і падскаквала то на адной, то на другой назе.
Жанчыны нечага спрачаліся ўсё на той жа помесі польска-беларуска-рускай моваў. Убачылі мяне і раптам сціхлі.
Ладны нямчыска! — пачуў я выразна.
Афіцэр!
А што яму?
У калейцы стаяць не трэба, як нам з табой за мёрзлай бульбай, чаму не быць ладным!
Аграбіў паўсвету... На людской крыві і ладны!
— Ты што балбочаш, хочаш у Панары?! Пасля гэтых слоў я пасмялеў яшчэ больш і ўвайшоў у ролю. Пасля добрага адпачынку я адчуў, што прамянею здароўем і бадзёрасцю.
Спаткаўшыся з патрулём, я зрабіў напышлівы выраз твару, надаў сваёй хадзе непаспешлівую важнасць і незалежнасць. Патрулі падцягнулі на плячах аўтаматы, паправілі рамяні і з прускай выпраўкай ды з тылавым шыкам павіталіся. Я адказаў нядбайна, на-ват не глянуўшы на іх: пакуль пайшоў у партызаны, на немцаў наглядзеўся.
На цэнтральнай вуліцы натрапіў на натоўп зявак.
Па бруку брылі сотні чалавечых істот з жоўтымі шасцікутнымі зоркамі на плячах. Мне, высокаму, было ўсё відаць праз галовы натоўпу, што адбываецца на слізкай брусчатцы.
Людзі з апошніх сіл валаклі свае пажыткі — пярыны, падушкі, клункі. Нейкая жанчына перавярнула стол, прывязала да ножкі вяроўку і цягнула яго нібы сані. Сярод трантаў і каструль, ушчаперыўшыся за ножку стала і напалохана азіраючыся, сядзеў уху-таны хусткай з застылымі слязінкамі на вачах хлопчык. Жанчына спатыкнулася і ўпала. У натоўпе зарагаталі. Яна наўмысна нязграбна ўзнімалася, каб пасмяяліся яшчэ: бедная маці хацела гэтак злагодзіць ворагаў.
— Ю-ды, да бу-ды! Ю-ды, да бу-ды! — скандавалі гарадскія хуліганы, а іхнія твары аж расплываліся ад задавальнення.
I жылі ж такія паміж намі!..
Пачыналася ўсё з «нявінных» надпісаў на платах: «Не купляй нічога ў жыда!» З бунтаў ва універсітэце под лозунгам: «Не будзем сядзець за аднымі партамі з жыдамі!» А скончылася вось чым... Ну, перастраляеце гэтых дахадзяг, Гітлер возьмецца за вас!
Раптам некалькі тыпаў кінуліся між радоў. Яны распаролі нажамі пярыны, і ў адзін момант вецер падхапіў хмару пуху і пагнаў на народ. Разявакі пачалі выплёўваць пер'е і лаяць яўрэяў, быццам вінаваты яны.
Побач са мной стаяў фельдфебель з чырвона-бела-чорнай істужкай жалезнага крыжа ў пятліцы шыняля. Ён смяяўся, што яўрэі яшчэ не здагадваюцца, куды іх вядуць. На станцыі іх прымусяць пакідаць рэчы, а саміх пазапіхваюць у вагон і — у Трэблінку, і капут! Ён павярнуўся, са здавальненнем пацёр рукі, нібы скончыў справу, якая даставіла яму вялікую радасць, і, быццам мы з ім даўно знаёмыя, з перакананнем дадаў:
Na, ist Wilna jetzt Judenfrei, nich wahr? [28]
Выходзячы з завулка ля колішніх атлантаў, я наткнуўся на вароты з калючага дроту. Там два немцы абмацвалі яўрэяў. У аднаго вартаўнік знайшоў бутэльку алею. Разгневаны фашыст біў бедака куды папала і загадаў:
— Trinie zugleich![29]
За гэтымі варотамі — гета.
[28] — Такім чынам, Вільня цяпер без яўрэяў, няпраўда? (ням.).
[29] — Зараз жа выпі! (ням.).